Выбрать главу

Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалі ў байцоў вінтоўкі і люта штурханулі абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовіць: «Што, што?» З гэтым «што» іх і затаўклі ў сасоньнічак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказаліся.

Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца і афіцэра са «студэбэкера». Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях і перакручанай дзягай, на якой матлялася, відаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:

— Таварыш камандуючы…

Палкаводзец перабіў яго тонам, ад якога зацінала мову ня толькі ў камбатаў:

— Дзе батарэя?

— Батарэя загінула, таварыш ка…

— Ах, загінула? — зусім ужо вызьверыўся Палкаводзец. — А чаму ты, гаўнюк, не загінуў?

— Ды я…

— Дакумэнты!

Бруднымі ад твані і сьвежай крыві рукамі старэйшы лейтэнант расшпіліў гузік гімнасьцёркі і дастаў некалькі кніжачак — афіцэрскае пасьведчаньне, партбілет, рэчавую кніжку. Іх у яго тут жа выхапіў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.

— Расстраляць! — халодна кінуў Палкаводзец.

— Таварыш камандуючы!.. — сіпавата выгукнуў афіцэр і асекся — Палкаводзец ужо азіраў поплаў, а старэйшы сяржант ускінуў да грудзей новенькі варанёны, з ражковым магазінам ППС, якія толькі што прыбылі на фронт і якімі ў першую чаргу ўзброілі ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнічак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзіночны стрэл.

Старшыня трыбуналу і сакратар, між тым, ліхаманкава афармлялі пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў іх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпісаць канкрэтныя прозьвішчы і штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахіліўся бліжэй да сакратара, які яму зачытаў: «Вайсковы трыбунал вайсковай часьці нумар… у адкрытым паседжаньні разгледзеў справу па абвінавачаньню… Як яго там?»

— Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, — падказаў маёр, зазірнуўшы ў пасьведчаньне. — А таксама радавых Андрэева і Цявелька…

— Андрэева і Цявелька, — пішучы, паўтарыў сакратар. — I прысудзіў памянёных да…

— Да вышэйшай меры пакараньня, — падказаў маёр.

— Прысуд… — вымавіў сакратар.

— … Прыведзены ў выкананьне, — трывожна азірнуўшыся, падказаў маёр. Ён, відаць па ўсім, пачаў сьпяшацца: справы іхныя на гэтым месцы ці не канчаліся. Тым болей, што нямецкія танкі, мабыць, падышлі ўжо да рачулкі — нешта дужа дрыжэла ўнізе пагорка. У той час і сапраўды грымнула дужа блізка — на верасок і хвойкі сыпанула зямлёй і пылам, абсыпала фуражку і плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якія сакратар не пасьпеў засланіць. Энэргічным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок і ўскочыў.

— Ну, вы гатовыя там?

— Так точна! — ускочыў маёр.

— Усім да машынаў! — кінуў Палкаводзец і таропка падаўся з пагорка да свайго «віліса». За ім падхапіліся трыбунальцы з байцамі аховы, усе дружна сыпанулі з хвойніку да дарогі.

На тым месцы, дзе яны толькі што мясьціліся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кінутыя з прымкнёнымі штыхамі драгункі. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае — ці ня бінт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносілася дружная страляніна, мабыць, там усё ж ладзілася якая-ніякая абарона.

Камандуючы навёў парадак — нямецкія танкі тут не прайшлі.

Падоранае жыцьцё

Бываюць у жыцьці выпадкі, значэньне якіх праяўляецца не адразу, а спакваля, праз таўшчыню гадоў, і асэнсоўваецца на працягу ўсяго жыцьця. Некаторыя ж, што сьпярша здаюцца важнымі і значнымі, хутка, аднак, страчваюць тую значнасьць; іншыя набываюць яе праз гады. I толькі нешматлікія застаюцца нязьменнымі ў сваёй імпэратыўнай каштоўнасьці. Пра адзін з такіх выпадкаў мне і хочацца распавесьці, між іншым, больш чым праз паўстагодзьдзя, як ён адбыўся.

Тое здарылася ў часе мінулай вайны, зімой 1944 году, на Ўкраіне.

У цяжкіх баях Чырвонай Арміі з вэрмахтам наша дывізія трапіла ў цяжкое становішча, нямецкія часткі нанесьлі ёй моцны контрудар, занялі некалькі сёлаў у тыле. Стварылася пагроза абкружэньня, што, вядома, было адной з найбольшых небясьпекаў у тую вайну. Я быў паранены ў нагу і ня мог хадзіць. Ноччу нас, некалькіх параненых, спрабавалі вывезьці на брані танкаў, але дарога ў тыл аказалася заблякаванай. У нейкім сяле параненых сьцягнулі з танкаў і перанесьлі ў сялянскія хаты. Танкі пайшлі далей. На прарыў.