Выбрать главу

Мы засталіся адны, без прыкрыцьця і аховы, у незразумелых, заблытаных абставінах.

Спакутаваны ад сьцюжы і болю, я неяк ускараскаўся на хісткі драўляны ложак, на якім ужо нехта ляжаў. Рукі намацалі побач штось мокрае, але я не зьвярнуў на тое ўвагі і хутка заснуў. Здавалася, толькі заснуў, як тут жа спахапіўся, ахоплены зьнянацкавай трывогай. На двары ўжо віднела, быў ранак, аднекуль чуліся стрэлы, нават крыкі, хтось палахліва прабег за вакном па вуліцы. Я прыўзьняўся на ложку, першы раз зірнуўшы на таго, з кім прабыў ноч. I нават скалануўся ад спалоху: гэта быў нямецкі афіцэр. Але ён ня кратаўся, крысьсе ягонага шыняля былі залітыя крывёй, мабыць, ён сканаў уначы, яшчэ да майго прыходу. У хаце болей нікога не было, параненыя ўжо разьбегліся. За вакном, было чуваць, праскакала фурманка, адразу ж за ёй у паветры замільгацелі чэргі трасірных куляў. З другога канца ў сяло ўваходзілі немцы.

Заставацца ў хаце было небясьпечна, трэба было неяк ратавацца, але аднанож я ня мог далёка ўцячы. Хапаючыся рукамі за лаўкі і сьцены, я пакульгаў у сенцы. Тут было цемнавата, у адным кутку валяліся нейкія абрэзкі дошак, у другім, каля самых дзьвярэй, была зладкаваная невысокая, да калена, дашчатая загародка, даверху насыпаная бульбай. Я выняў з кабуры пісталет і прылёг на бульбу. У шчыліну прачыненых дзьвярэй была відаць частка асьнежанага падворку, весьнічкі з вуліцы. Сельская вуліца ўжо зусім апусьцела, здаля, можа, з канца сяла, даляталі стрэлы, значыць, нашы зь яго ўцяклі, — падумаў я. Неўзабаве тут павінны паявіцца немцы.

Між тым, зусім разьвіднела, настаў сонечны марозны ранак. Над стрэхамі ўзьнялося сонца, і падворак ярка асьвяцілі сонечныя промні. Я ляжаў зь пісталетам у руцэ і чакаў. Чаго толькі чакаў, і на што спадзяваўся? Чакаў, можа, свае пагібелі? Таму што абараніць сваё жыцьцё з васьмю патронамі ў магазіне было марнай спадзёўкай. I я падрыхтаваўся да пагібелі. Толькі трываў час. Чакаў.

Зрэшты, доўга чакаць не давялося. Відаць было ў шчыліну, як па вуліцы прабегла група нямецкіх салдатаў, яны раз за разам стралялі кудысьці зь вінтовак. Пасьля паявілася іншая група. Гэтыя ішлі спакайней, штось гаманілі і не стралялі. Але во ад тае групы аддзяліўся адзін — высокі салдат у караткаватым шынялі з аўтаматам на грудзях і, збочыўшы ў мой падворак, скіраваў да дзьвярэй. Я ўзьвёў курок і наставіў пісталет на дзьверы. Немец крочыў таропка, трошкі прыжмурваючы вочы пад шкельцамі акуляраў у чорнай мэталёвай аправе. Ягонае падбародзьдзе было ў цёмным шчаціньні, на галаве, насунутая брыльком на лоб, сядзела зімовая шапка. Адной рукой ён рашуча адчыніў мае дзьверы і са сьветлага падворку зірнуў мне ў твар. Пісталет мой быў скіраваны ў ягоныя грудзі, палец ляжаў на спускавым курку. У кожны момант я быў гатовы стрэліць. Але ня стрэліў — штосьці стрымала мяне ад стрэлу. Не адчуваньне небясьпекі, не натуральная патрэба самазахаваньня — дзесь у глыбіні сьвядомасьці рашучасьць мая сама па сабе нэўтралізавалася. Зноў я чакаў. Немец, каб стрэліць, павінны быў перахапіць на грудзях аўтамат: але ягоная правая рука ляжала на клямцы дзьвярэй. У ягоным позірку пад шкельцамі акуляраў не адбілася нічога — ні зьдзіўленьня, ані спалоху, і, мабыць, тое і ўтрымала мяне ад стрэлу. Здаецца, асьлеплены ранішнім сонцам, ён мяне ня згледзеў, а ў мяне не хапіла згубнай рашучасьці ціснуць курок. Усё тое заняло ня болей за сэкунду, як з вуліцы пачуўся крык — здаецца, немца паклікалі. I, выпусьціўшы клямку дзьвярэй, ён павярнуўся да мяне плячыма, хутка пайшоў за камарадамі. Я з палёгкай уздыхнуў. Ведама, радавацца было яшчэ рана, але першая небясьпека ўсё ж мінулася.

На ўскрайку сяла ішоў агнявы бой, на вуліцы то паяўляліся, то зьнікалі разрозьненыя групы нямецкіх салдатаў, але ў двор болей не забягалі. Пасьля немцы і зусім зьніклі, сяло занялі чырвонаармейцы. Удзень мяне адправілі ў шпіталь.

Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзіўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых арміяў падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі. Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Ўсявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву.

Жоўты пясочак

Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня «чорны воран», бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе баку, ды ён не разабраў, што — не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой ці як яго — малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах, паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у якую іншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…