Выбрать главу

— Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу іх маць!..

— А цішай нельга? — зласьліва папракнуў Сурвіла.

— А што цішай?! Цішай-цішай! Ды пайшлі вы…

— Ты хто? Як прозьвішча?

— А табе што? Ты сьледчы?

— А хоць бы й так.

— Ну, Зайкоўскі. Калі сьледчы, дык, мабыць, запісана ў вашым сратым прыгаворы. Такую іх маць… Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскі чмур! — вызьверыўся ён на кагосьці ў цемры. — У мяне во рука зламаная…

Здаровай рукой Зайкоўскі піхнуў у плечы суседа, які на паваротах няўзнак дужа хіліўся да яго і вярэдзіў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся які тыдзень таму на допыце, калі яго з паўгадзіны ахаджвалі два сьледчыя — малады, танклявы, як гліст, і пажылы — вусаты, з ордэнам на гімнасьцёрцы. Дабіваліся падпісаць, што ён польскі шпіён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвішчы Млынец. Але Зайкоўскі ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскі грабежнік, які надумаў ратавацца ад крымінальнага вышуку ў Менску. У Маскве за ім лічылі аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (ці не чатырнаццаць) і ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукі ні крымінальнаму вышуку, ні ГПУ, ні міліцыі. Аж покуль яго ня выдала палюбоўніца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такі вёрткі і ўцёк зь міліцыі, замачыўшы аднаго мільтона. I скеміў, што ў Маскве ягоныя справы скончыліся, трэба рваць кіпці. Тады ён успомніў, што ў Менску некалі пражываў ягоны дзядзька, зь якім ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вуліцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьці вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылі іншыя людзі, якія пра дзядзьку й ня чулі. Дзе было яго шукаць і дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы — ня самае лепшае месца для такіх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзіўся за дзень, прытаміўся, якраз лінуў дождж, і ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў — заснуў. На вакзале яго і ўзялі. Проста гэтак, з усьмешкай два мільтоны папрасілі прайсьці. Во і прайшоў свой надта кароткі, блытаны шлях — ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер — вышэйшая мера.

Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сілы, яшчэ ня ўсю яе выбілі на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лічы, аднарукі. А з адной рукой — квіты, і кранты. I Зайкоўскі толькі кусаў вусны — ад болю і роспачы, што нічога ня мог перайначыць у сваім недарэчным лёсе.

Між тым, аблаяны ім буржуйскі чмур Валяр'янаў адхіснуўся ад сварлівага суседа і не прамовіў ні слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабілася навакол, і звыкла жыў у сьвеце ўласных думак — адзіным сьвеце, у які мог не пушчаць нікога. Нават у турме. Ні з кепскім, ні з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як і звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочваліся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр'янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, які зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску і гадаваў двух маленькіх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталіцкі Вялікдзень Валяр'янаў атрымаў на пошце маленькі пакуначак зь нетутэйшымі штампамі, і знайшоў там дзьве дзіцячыя сукеначкі, белыя панчошкі, безапасную брытву для сябе і пакецік цукерак у блішчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялікая радасьць, ды й ён парадаваўся — найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкі-гімназісткі, якую, думаў, назаўжды страціў у дзевятнаццатым годзе, калі яны разьвіталіся ў Кіеве. Аднак нядоўгаю была тая іх радасьць. Не мінула і месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалі. Жонка Дуся ўскочыла з ложка і адразу залямантавала — яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчыніў дзьверы і ўжо не зачыніў іх — зачынілі за ім чужыя. Таксама як і за жонкай, якая білася ў істэрыцы і крычала, і кідалася на кожнага з цэлай зграі чэкістаў, што пераварочвалі ў іхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на сьледзтве рэчавымі доказамі ягоных шпіёнскіх сувязяў з польскай разьведкай.

Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыі. Ён ужо стаміўся апраўдвацца і на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагі і пабоі як штось правамернае і заслужанае. Паміж допытамі жыў у роспачных успамінах аб сваім даўнім, дарэвалюцыйным, гэткім не падобным на цяперашняе, жыцьці. Хоць і там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба і нават два перадваенныя падарожжы — у Баварыю і Аўстрыйскія Альпы. У Кракаве ён ніколі ня быў і ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагічна прычыніцца да ягонага лёсу.