Выбрать главу

Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:

— Ну што? Селі?

— Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.

Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.

— Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…

Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.

— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! — закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:

— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

— А скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.

— А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:

— Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…

— Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?

— Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.

— А што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз…

Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.

— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

— Давай, дуй! Пасьледавацельна…

Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.

— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.

— Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр'янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.

— Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.

— Ну — узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.

Яны зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.

— Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..

— Ты глядзі! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во, сачок пракляты!..

— Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..

— Замоўкні! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразіўся Косьцікаў, тупаючы на ўзбочыне ля машыны.

Аднак асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось — нядобрае і абразьлівае. Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:

— Ды страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?

— Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!

— Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка… — неслася з буды.

Аднак не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.