Выбрать главу

— На, вазьмі. Нашто прападаць…

Запэцканым у гразі хромавым ботам той гадліва адкінуў скуранку з-пад ног. Сурвіла ня стаў упрошваць — ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нічога не было патрэбна. Апроч вось гэтай асобнай магілы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з ворагамі народа. I ўсё ж яго расьпірала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сілы.

— За што? Чэснага работніка органаў! Што я парушыў? Бязьвіннага ворага забіў? Ды іх тысячамі забіваць трэба! Я стараўся! Чатыры гады прэміявалі. За ўдарную работу, да гадавіны Акцябра. I ўсё дарма. Пашкадавалі ворагаў, шпіёнаў, нацдэмаў! I гэта правільна? Не! Гэта і ў органы прабраліся ворагі, во гэта што! Яны сярод нас!

— Годзе! — з надрывам загадаў Косьцікаў. — Лепш памаўчы!

— Я маўчаў! Усё лета маўчаў. Як і ты! Як і сотні чэкістаў. I во мне за гэта…

— Маўчы і капай! — усё больш злуючыся, крыкнуў Косьцікаў.

— Не, ужо скажу. Во і ты… Думаеш, уцалееш? Службай адкупісься? Не! Прыйдзе і твая чарга…

— Маўчаць!

— Не, ужо скажу! Мы павукі ў банцы! Дазнаецца Сталін…

Мабыць, гэта было занадта. Непадалёк зь вінтоўкамі напагатове стаялі байцы аховы, поўны трывожнай увагі, чакаў ля машыны маўклівы шафёр. Усе са зьдзіўленьнем утаропіліся ў знаёмага чэкіста, які капаў сабе магілу і гаварыў штось дзіўнаватае. Урэшце Косьцікаў прыўзьняў пісталет, не цаляючы, два разы стрэліў. Выпусьціўшы рыдлёўку, Сурвіла падламіўся ў каленях і бокам асеў на раскапаны дол.

— Дабі ж… — выціснуў зь сябе ледзь чутна. Косьцікаў ступіў на крок бліжэй і стрэліў у галаву. На траву і пясок пырснула шэрымі крупінкамі мазгоў.

— Вазьміце, і туды, да астатніх, — загадаў ён байцам.

Закінуўшы за сьпіны даўгія вінтоўкі, тыя ўзялі былога чэкіста за рукі, пацягнулі да ямы. Косьцікаў пайшоў у бок да машыны.

Гэтая праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сілы. Прыкметна пачала здраджваць вытрымка, як ён ні стараўся паводзіць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць і вязуць, нібы баранаў, калі таму будзе канец? Вунь колькі накапана ямаў за вясну і лета. I колькі будзе накапана новых.

Косьцікаў акінуў позіркам прагаліну між сасонак на схіле — мабыць, за восень заселяць і яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма…

У гэтым жыцьці ўсё вельмі проста.

На Чорных лядах

Называецца — даваяваліся!..

Тое, што яны даваяваліся дарэшты, да астатняй магчымасьці, камандзір зразумеў не цяпер і ня ўчора, як іх прыціснулі да ракі і секлі ў кустоўі з кулямётаў, а яны толькі агрызаліся рэдкімі вінтовачнымі стрэламі. I нават ня тыдзень таму, як змардаваныя, галодныя, невялічкаю групай, рэштаю батальёна туляліся па лесе, ня ведаючы, куды паткнуцца, дзе раздабыць правіянту, табакі, пару начных гадзін адпачыць у спакоі. Іхную трагічную нявыкрутку камандзір выразна адчуў ужо на пачатку вясны, як стала зразумела, што гэты раён абкладзены з усіх бакоў — ва ўсіх блізкіх і далёкіх вёсках, на хутарах і фальварках поўна чырвонаармейцаў, якія браліся за іх нясьпешна, абачліва, грунтоўна. Тыдзень таму іх выкурылі з наседжанага хваёвага грудка ля балота, не далі перайсьці рэчку ў суседні раён, яны ледзьве адарваліся ад цэлага палка чырвоных. Увесь дзень учора бахала-трахацела на тым баку лесу, сьпярша гучна тахкалі стрэлы, гайдалі лясное рэха кулямётныя чэргі, а пасьля, пад вечар, усё неяк неўпрыцям сьціхла. Мяркуючы па ўсім, прыйшлі кранты і на групу Ўлашчыка, якая спрабавала атабарыцца ў тым баку лесу. Значыцца, і там не было паратунку, як не было яго тут, каля Морачы, як не было ў гэтых лясах, у акрузе — па ўсёй Беларусі. Яшчэ ўзімку, седзячы ў засьнежаных лесавых нетрах, яны спадзяваліся ператрываць халады, дачакацца вясны, калі, можа, яшчэ ім пашчасьціць. Ды не пашчасьціла. Па цяплу, па зялёнай траве і тым стала лацьвей, і тыя актывізаваліся, згрупаваліся, абкружылі і пачалі паляваньне па ўсіх правілах палявой навукі — бы на ваўкоў. Во тады й стала зразумела, што іхныя дні палічаныя, ня сёньня, дык заўтра яны ўсе палягуць.

Ад самае раніцы яны аслабела валакліся па лесе, кожны стараўся ня дужа адстаць ад пярэдняга, а ўсе разам — ад камандзіра, які то хістка сігаў наперадзе, то спыняўся сярод хваін, слухаў, азіраўся. Азіраючыся, ён паварочваўся ўсім целам, бо ня мог паварушыць галавой на збалелай, абвязанай брудным ручніком шыі. Параненая яшчэ на пачатку зімы шыя не гаілася, гніла, рудая жыжа цякла зь яе па грудзях, на жывот, павязка заўжды была мокрая. Навокал пакуль што было ціха і глуха ў гэтым глухім кутку лесу, толькі хваёвы шум слаўся ўгары, мерна гайдаліся хвойныя вершаліны; часам ціха патрэсквала сухое гольле пад нагамі тых, хто ззаду аслабела дабрыдаў да пярэдніх. Тады, па чарзе спыняючыся ля камандзіра, усе слухалі, азіраліся, бы штось выглядваючы па баках. Яны не размаўлялі цяпер, ды й даўно ўжо не размаўлялі паміж сабой, бо ўсё было перагаворана, вядома; спрачацца не было пра што. Есьці таксама ў іх не было нічога, не было чаго закурыць. З боезапасу засталося ўсяго па два-тры патроны на вінтоўку ды шэсьць патронаў у барабане камандзіравага нагана. Гэта і ўсё. Адбівацца ў іх не было чым.