Выбрать главу

— Ну во, братка, як яно ўсё атрымалася…

Яму відавочна хацелася пагутарыць, пабедаваць, каб хоць як заглушыць боль у руцэ, але Дзед не адказаў — таму, мабыць, балела сваё.

«Атрымалася!» — паўтарыў у думках Ігар Забела, што ачмурана стаў насупраць. Трэба б неяк падбадзёрыць сябе, але ў яго проста не знаходзілася для таго словаў. Вусны яго на момант здрадліва скрывіліся, вочы гатовыя былі пакрыцца сьлязьмі. Неяк, аднак, ён намогся, асіліў нечаканую слабасьць, цьвярдзей сашчапіў голыя юначыя пашчэнкі і адвярнуўся.

Неўзабаве да выразна азначанай у імшаніку яміны падышлі й астатнія; хто стаяў адвярнуўшыся, хто апанурана пазіраў на ўвішнага Казака ці сабе пад ногі. Аўстрыяка нядоўга пастаяў сярод іншых ды, забіраючы паўколам навакол, памалу пайшоў па лесе. Каб стрымаць раптоўную немач, ён пачаў пазіраць угору, між хваёвых вершалін, што ціха і мерна пагойдваліся над голым яшчэ, бязьлісьцевым вецьцем бяроз. Недзе там, у глыбіні неба, плылі й плылі шэрыя веснавыя аблокі, што несьлі кудысь веснавыя дажджы — на азіміну, пад ярыну, на родныя палі й гоні. Яму ж, Аўстрыяку, ужо ня прыйдзецца выйсьці на поле, натрудзіць далоні аб ручкі плуга, удыхнуць хмельны пах ворнай зямлі. А так хацелася… Тое карцела ўвесь час, сьнілася па начах. Як тры гады гібеў у пацуковых акопах той мікалаеўскай, як галадаў у бараку аўстрыйскага палону. Затым як уцякаў дамоў, прабіраючыся начамі праз чужыя палі й пералескі.

Камандзір, крокі на тры адступіўшы ад ямы, як заўжды, з засяроджана стрыманым выглядам думаў сваю неадчэпную думу пра гэтых людзей. Цяпер ім патрэбна была якая гадзіна спакою, каб не пашкодзілі тыя. Праўда, пакуль было ціха, але ён ня меў ніякай гарантыі, што цішыня задоўжыцца і дасьць магчымасьць зрабіць задуманае.

Вядома, усё тое было жахліва, не па-чалавечы і не па-боску, напэўна, але што ж ім рабіць? Увесь гэты жах утварыўся ня зь іхнай волі — д'ябал ці лёс падвялі іх менавіта да такога выніку. Іншага не выпадала. Іншы быў яшчэ больш жахлівы, з двух жахаў яны выбралі найменшы. Каб толькі давесьці ўсё да канца, а там… А там хай жыве Беларусь! Бязь іх.

Напрыканцы ўсяго надта карцела абвінаваціць іншых, тых, каго цяпер тут не было. Але камандзір адчуваў, што ня трэба вінаваціць — ні зачыншчыкаў, ні кіраўнікоў. Рабілі ўсе, як умелі, хоць умельства таго й бракавала. I ў кіраўнікоў зьезду, і ў камісара Жаўрыда. Але ўсе — ад шчырага сэрца, дзеля карысьці народа. А што да камандзіраў палкоў, дык тыя (можа, за выключэньнем аднаго здрадніка) і зусім паводзілі сябе па-геройску, шчыравалі, не шкадуючы ўласных жыцьцяў. Ды марна, нічога не пайшло на карысьць. Усё на згубу. Як заўжды, маса засталася ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. А супраць, не памарудзіўшы, выступіла сіла, якую яны, здаецца, не ўлічылі. А галоўнае, змарнавалі самы дарагі час — на размовы-перамовы, узгадненьні, паразуменьні. На дэмакратыю. А тыя не перамаўлялі, тыя знай білі. Цяпер вось расплачвацца. Як заўжды на вайне, галоўная плата — кроў, і плоціць той, хто найменш вінаваты. Як яны тут — былы камандзір роты ды гэтыя дзядзькі-шарагоўцы. А яшчэ хлопчык… Камандзір колькі ні думаў, ніяк ня мог пагадзіцца з пагібельлю Валодзькі. I ня ведаў, што можна прыдумаць, як схітрыць, каб неяк зьберагчы ягонае жыцьцё. Аднаго з усіх. Якія цьвёрда рашылі, калі тое — дык усім разам. Без выключэньня. Бо выключэньне знайшлося б не для аднаго. А ім трэба было не пакінуць сьлядоў. Яно, мусіць, і правільна, і маральна. Ды во гэты падлетак, ён блытаў усе іх лягічныя меркаваньні і пратэставаў супраць пагібелі. Ці, можа, гэта ў ім самім бунтавала яго даўняе вучыцельскае мінулае, — хто знае.