Аднекуль здаля, з хвойніку, пачулася трывожнае сарочае сакатаньне, пасьля яно стала бліжэй, да яго далучылася новае — збоку. Камандзір незадаволена ўгледзеўся ў высокае гольле хвояў, і Валодзька тады згледзеў сарок. Дзьве іх зьляцеліся разам і, пераскокваючы ў голым суччы бярэзін, сакаталі і сакаталі, трывожачы людзей. Валодзька падхапіў з долу ламачыну, падбег да іх бліжэй і шпурлянуў яе ўгору. Але сарокі толькі пераляцелі на іншыя дрэвы. Хлопец вярнуўся да ямы.
— Ня бегай, Валодзька, — ціха сказаў да яго камандзір.
— Раскрычаліся на ўвесь лес.
— Хай крычаць…
Можа, і праўда, хай крычаць, цяпер ужо ўсё адно, абы толькі не паказаліся тыя. Валодзька ўгледзеўся ў лесавыя нетры — быццам нікога нідзе не было, значыць, гэта сарокі — на іх.
Тым часам Казак накапаў ужо ладныя кучы жвіру з абодвух бакоў і сам паглыбіўся ў яміну амаль да каленяў. Здаецца, ён няблага ўгрэўся, аж спатнеў пад нізка насунутай на лоб аблавушкай. I як чарговы раз выпрастаўся, каб шапку сьпіхнуць на патыліцу, у яму скочыў Валодзька.
— Дай я…
Безь вялікай ахвоты Казак аддаў хлопцу кароткі тронак рыдлёўкі, якую Валодзька з імпэтам увагнаў у жвір.
Як Казак толькі пачынаў капаць, Валодзька быў побач, і яго біла дрыжака, нейкая нутраная ліхаманка, хоць ён і не адчуваў сьцюжы. Увогуле ў той дзень не было халодна. Мусіць, каб як саўладаць з сабой, ён прагнуў хоць якога дзеяньня, імкнуўся чымсьці заняць сябе. Тыя дні, як і ўсе, ён быў галодны, ушчэнт змораны, мінулае ночы заснуў усяго на гадзіну — сядзеў у дазоры. Але цяпер немаведама адкуль у яго ўзяліся сілы, ён капаў, бы машына — хутка й напорыста, кідаў і кідаў у бакі зямлю, не паднімаючы галавы і стараючыся ні пра што ня думаць.
Думкі, аднак, самі лезьлі ў галаву, і самыя неадчэпныя зь іх былі пра сябе. Не хацелася паміраць Валодзьку Сулашчыку, хацелася жыць. Ды, мусіць, не выпадала. Як не выпадала жыць ягонаму бацьку, шмат каму з шарагоўцаў ды камандзіраў іхнай Слуцкай брыгады. Некаторыя, можа, і ўберагуцца, думаў Валодзька, асабліва па той бок польскай мяжы, але ня ўсе. Валодзька ўжо чуў, што камандзіраў ды кіраўнікоў паўстаньня палякі выдалі бальшавікам, некаторых парасстралялі ў Слуцку, іншых сем'ямі вывезьлі немаведама куды на ўсход. Пэўна, вывезьлі й ягоную старэйшую сястру Сашу зь дзяўчынкай — ведама, за такога бацьку, брата ды падпаручніка-мужа, што адышоў за Лань, па галоўцы бальшавікі не пагладзяць. Было дужа трывожна і клопатна і за сябе, і за іншых — родных і блізкіх, якім ён нічым памагчы ня мог. Хіба апроч свае сьмерці.
У гэтай невялічкай прымоўклай групе вайскоўцаў нутраная ліхаманка біла не аднаго Валодзьку Сулашчыка, бадай, усе яны ледзьве стрымлівалі нэрвовую дрыжаку. Але, можа, самы нецярплівы зь іх быў Аўстрыяка. Здаля абышоўшы яму, ён толькі аднойчы зіркнуў на Валодзьку і падумаў, што капаюць яны надта марудна. Так можна і не пасьпець, і дачакацца горшага. Але ў яго ўжо не ставала сілы трываць. Ён угаворваў сябе: хутка ўжо скончыцца, усё супакоіцца назаўсёды. Але спакою ад таго не прыбаўлялася, рабілася ўсё нясьцерпней. Хоць у думках ён і казаў сабе: ну, чаго шкадаваць? Жыцьця? Дык якое гэта жыцьцё? Гэта пекла, боскае пакараньне, а не жыцьцё. Дома, у недалёкай адсюль вёсцы наўрад ці чакае яго нялюбая, чужая жонка з чатырма чужымі дзяцьмі, маючы зямлю, яна прыдбае і новага мужа. Родны брат застанецца адзіным гаспадаром на бедным надзеле, і ніхто яму болей ня будзе пагражаць дзяльбой. Хіба паплача крыху і супакоіцца ў звыклых клопатах пра дзяцей ды гаспадарку ягоная сястрыца. Усе як-небудзь пражывуць і безь яго, — як жылі безь яго дагэтуль. Калі ён не пашкодзіць. А можа, і надта пашкодзіць, калі бальшавікі дазнаюцца, як ён ліха біў іх пад Мазыром. Удалыя справы былі там у войску Булак-Балаховіча, хвацкі камандзір, ня тое, што гэтыя… Гэтыя болей наконт палітыкі, усё пра Беларусь… Тое няможна, гэта не дазваляецца. А генэрал даваў волю і паваяваць, і пагуляць. Калі як выпадала. Праўда, Аўстрыяку выпала ня шмат — хіба ён да таго імкнуўся? Ён імкнуўся да міру, хацеў зямлі, ды не збылося. Як прыйшоў з вайны на свой бядняцкі надзел, усё ў яго пайшло прахам. На тым бацькоўскім надзеле ня дужа дбайна гаспадарыў старэйшы брат Казімір з трыма сынамі, якія й далі яму гэтае прозьвішча — Аўстрыяка. Сьпярша браты хацелі падзяліць гаспадарку і зямлю, але што б у іх атрымалася з тых чатырох дзесяцін бацькоўскай зямлі? Мусіць, нічога здатнага, і Аўстрыяка адступіўся. Дужа яму не хацелася, але мусіў прыстаць прымаком да аўдавелай Аўдохі, што жыла пры бальшаку на водшыбе ад вёскі. Зямлі яна мела трохі болей, чым ягоны брат, мужык не прыйшоў з вайны — памёр недзе ў Сібіры ад тыфусу. У хаце па земляной падлозе ў яе бегала чацьвёра малых дзяцей, а галоўнае — дужа непрывабная была тая Аўдоха, не ляжала да яе салдацкае сэрца Аўстрыякі. Ды мусіў. Ажаніўся і стаў прывыкаць да іншага, не халасьцяцкага жыцьця. Пасеяў азіміну, упершыню адчуўшы сябе гаспадаром, прывёў да ладу гумно і назапасіў дрэва на дошкі для падлогі. Увосень малацілі, для ўпраўкі наняўшы памагатага зь вёскі. Ураджай выдаўся неблагі, зернем засыпалі ўсе карабы ў Аўдоцінай варыўні. I тады неяк раньнім восеньскім адвячоркам у хату завіталі трое. Ён не зьдзівіўся: сядзіба была пры дарозе, на падворак часьцяком забягалі людзі — то напіцца вады, то пагрэцца, перакурыць. Але гэтыя завіталі не перакурыць, — нядоўга патупаўшы па хаце, уручылі яму абавязацельства на продразьвёрстку, сказалі, каб празь пяць дзён здаў дваццаць пудоў збожжа на патрэбу Чырвонай Арміі. Ён злосна пасварыўся зь імі, сказаў: скульля вам, во ў мяне дзеці, іх карміць трэба, а Чырвоная Армія хай пасее і сажне, а не рабуе сялян. Тады, можа, праз тыдзень, якраз у нядзелю, як яны з Аўдоцьцяй сабраліся на кірмаш купляць парасят, з бальшака на сядзібу насыпаўся атрад чырвонаармейцаў. За дзесяць хвілін яны выграблі з варыўні ўсю збажыну, чамусьці далі яму расьпісацца і паехалі ў горад. А ён, не распрэгшы каня, сеў на прызбу ды й прасядзеў да паўдня. Было чаго столькі пакутаваць на вайне ды ў палоне, ісьці ў гэтыя прымакі, ірваць кішкі на запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зіму жабраком. I што гэта за ўлада настала, як зь ёю жыць? Ён так імкнуўся дадому, на сваю Беларусь, а тут аказалася горш, чым на вайне, у палоне, там хоць быў вораг, там прымушалі рабіць, нават каралі сьмерцю. Але там кармілі. А чым тут ён накорміць гэтых дзяцей?