Выбрать главу

Як зрабілі мітынг у Семежаве, ён прыбег дадому, дастаў з падстрэшша ў гумне польскі карабін і запісаўся ў паўстанцкі полк. Што-што, а ваяваць ён яшчэ не адвучыўся і думаў, што толькі так цяпер і можна чагось дамагчыся.

У панылым задуменьні Аўстрыяка далекавата адышоўся ад астатніх, пасьля таропка вярнуўся, але яма ўсё была не гатовая. Угнуўшы шырокую сьпіну, там размашыста шпурляў рыдлёўкай Мяцельскі; стоячы збоч, цярпліва чакаў камандзір.

— Ну, ці хутка вы? — са скрухай вырвалася ў Аўстрыякі.

— Пасьпееш, — нядобразычліва буркнуў зь ямы Мяцельскі.

Аўстрыяка паныла адышоўся — пасьпееш! Ім трэба як найглыбей. Быццам тое было важна для яго — як глыбока ён будзе ляжаць у зямлі ці нават застанецца дзе незакапаны ў кустах. Мёртваму, мусіць, адзін чорт. Але гэты доўгі клопат з магілай выцягваў у Аўстрыякі ўсе жылы, ён ужо ледзьве трываў. Добра яшчэ, калі не наладзяць багамольле, — думаў ён. — Дзед ці Кажухар часам ня прэч былі памаліцца. А камандзір можа яшчэ й завесьці прамову-казань пра бацькаўшчыну, што таксама ня мёд. Не любіў Аўстрыяка марудзіць ні ў якой справе, ня той меў характар. А зрэшты, якога д'ябла яму зараз марудзіць? Каго цяпер яму трэба слухаць? Ужо цяпер ён сам сабе гаспадар, тым больш, што ў карабіне ў яго засталіся тры патроны. Яму ж хопіць і аднаго.

Падумаўшы так, ён адкінуў крысьсе свайго шызага, з двума радамі гузікаў аўстрыйскага шыняля, сеў на шорсткі белы імшанік і сьцягнуў з адной нагі бот. Брудная сапрэлая ануча сама раскруцілася на ступні, ён даслаў патрон у патроньнік і вялікім пальцам нагі намацаў спускавую скабу. Каб не разбурыць раптоўны намер, нават не зірнуў у той бок, дзе былі астатнія, рашуча ціскануў на спуск.

Ягоны зьнянацкавы стрэл змусіў усіх скалануцца. Крутнуўшыся ад ямы, мусіць, адразу зразумеў усё камандзір.

— Не дачакаўся! — сказаў ён, і відавочны боль мільгануў на ягоным схуднелым твары. — Забела і ты, — кіўнуў ён Казаку. — Давайце яго сюды.

Ня дужа, аднак, рашуча двое шарагоўцаў падышлі да нерухомага, скорчанага на баку Аўстрыякі, з разьбітай пашчэнкі якога лілася кроў — на цёмны, зашмальцаваны каўнер шыняля, на плячо, густа капала ў мох. Неяк няўмела яны падхапілі Аўстрыяку за рукі, пацягнулі нагамі па доле да ямы. Казак перад тым хацеў узяць карабін, ды Забела нецярпліва гыркнуў: «начорта табе», і той кінуў зброю на дол.

Яма ўсё яшчэ не была гатовая, мусіць, сапраўды трэба было яе паглыбіць на аршын ці болей. Пасьля нядоўгага перапынку, выкліканага Аўстрыякавым стрэлам, Мяцельскі зноў налёг на рыдлёўку. Яму таксама трываць было трудна, не ставала сілы чакаць, карцела скончыць усё як найхутчэй. Тое, што Аўстрыяка апярэдзіў усіх, яму не спадабалася — які разумны! Не стрываў. Добра яшчэ, калі ягоны стрэл не пачулі тыя, што недзе засталіся ззаду. А калі ўчулі? Вельмі нават проста яны тут могуць ня справіцца са сваёй задумай ды трапяць у іншую пастку. Яшчэ страшнейшую.