Выбрать главу

Але Мяцельскі ўжо ведаў, што жывым яму трапляць у бальшавіцкія лапы нельга, аднойчы ён ужо быў у тых лапах. I хоць тады левыя эсэры былі ў хаўрусе з бальшавікамі, да яго прычапіліся, быццам ён абурыўся на мітынгу за тое, што бальшавікі разагналі Усебеларускі кангрэс, на які выбіралі дэлегатаў усе — і армія, і сяляне, і работнікі. Вылучалі, абмяркоўвалі, галасавалі. Мяцельскі быў такі рады, што ад іхнае роты прайшоў ягоны сябра прапаршчык Каўшовіч, за якога Мяцельскі месяц драў горла на мітынгах. Ледзьве ня ўсім палком яны праводзілі прапаршчыка на станцыю ў Маладэчне, паціскалі руку, давалі наказы. Пасьля сталі чакаць. Але неўзабаве, замест дэлегата-прапаршчыка, прыйшла вестка, што кангрэс разагнаны бальшавікамі, а Каўшовіч толькі праз тыдзень ледзьве дабраўся зь Менску — бяз шашкі, дакумэнтаў і без мандата. Усё адабралі бальшавікі. Такога старэйшы унтэр-афіцэр Мяцельскі стрываць ня мог і з двума сябрукамі далучыўся да партыі эсэраў. Зноў разам з Каўшовічам яны ледзьве не штодня выступалі на салдацкіх мітынгах. Прапаршчык дык стараўся гаварыць складна, па-інтэлігенцку, а Мяцельскі звыклым салдацкім мацюгом «мяцеліў» і сваіх палкавых бальшавікоў, і іхнага начальніка Мясьнікова, якога называў ня йначай як крывавым мясьніком. Зімой яго ўзяла чразвычайка, пасадзіла ў сьмярдзючае складзкое сутарэньне, дзе напачатку ён добра выспаўся і думаў, што, мабыць, хутка выпусьцяць. Але ня выпусьцілі, а дні праз тры павялі наверх, да нейкага мізэрнага чарнявага камісарчыка. Той хвілін пяць вывучаў нейкія паперы, дзе, мабыць, было напісана пра ягоныя выразы наконт «крывавага мясьніка», а пасьля запытаўся, ці казаў ён тое. На гэта Мяцельскі зь невінаватым выглядам перапытаў: «А што — няпраўда?» Ён бы мог лёгка даказаць праўдзівасьць уласных словаў, але замест таго, каб слухаць арыштанта, камісарчык ускочыў з-за стала і замахнуўся ботам, цаляючы яму паміж ног. Мяцельскі лёгка перахапіў той бот, трошкі тузануў, і камісарчык бразнуўся патыліцай на падлогу. Ён толькі ўсьміхнуўся з слабасільнага небаракі, ды рана, відаць, усьміхнуўся. У пакой уварвалася іх цэлая зграя, яны «мяцелілі» яго ў куце, пасьля на падлозе, у яго не засталося жывога месца на целе, і ён тры дні не паднімаўся з гнілой саломы ў сваім сутарэньні. А як паднялі на чарговы допыт, у тым пакоі ўжо сядзеў іншы — мажны, таўставаты чалавек у вайсковай гімнасьцёрцы, ён усьмешыста, быццам нават спачувальна сустрэў арыштанта, папытаўся прозьвішча і, макнуўшы ў чарніліцу ручку, выразным почыркам вывеў на паперыне «расстрелять». Чамусьці яго не расстралялі адразу, некалькі дзён ён пакутаваў у сутарэньні, а затым у Менск увайшлі немцы. Варта з тае чразвычайкі паўцякала, дзьверы расчыніліся, і Мяцельскі, трымаючыся за сьцены, выйшаў на вуліцу. «Не! — сказаў ён сабе. — З гэтымі людзьмі ня жыць. Не дадуць». Паўгода затым ён сядзеў нахлебнікам у гараджанкі-сястры, крыху рабіў на бровары, быў за вучня ў габрая-шаўца, пілаваў з татарынам дровы для менчукоў. Як выбухнула гэтае паўстаньне за незалежнасьць, падаўся ў Слуцак, затым у Семежава, уступіў у Грозаўскі полк. Шкада, ім не пашэнціла ў сьнежні, не пашэнціла асобнаму батальёну ў партызанцы пасьля паўстаньня. Сілы былі ня тыя, і бальшавікі іх разграмілі адзін раз, затым другі і трэці. Увесну вайсковае шчасьце канчаткова здрадзіла паўстанцам, пазбавіла іх магчымасьці жыць.

Кажухар зь Дзедам тым часам сядзелі наводдаль і ціха гутарылі. Зрэшты, болей мовіў пра сваё Кажухар, якому, не перастаючы, балела рука. Пасьля раненьня перавязаць яе не было чым, тады абкруцілі па локаць нейкай зрэбнай анучай, якая адразу набрыняла крывёй, затым зьверху скарэла, і Кажухар болей не адважыўся яе садраць. Дый навошта ўжо зьдзіраць, хутка павінна было ўсё скончыцца — і боль, і ўсё астатняе. Люляючы цяпер гэтае балючае за пазухай вальлё, паранены мерна пагойдваўся ад болю і празь сьлёзы ціха жаліўся Дзеду:

— Ну завошта такая доля, скажы? Хіба я… Проціў Бога, ці што? Ці супраць людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.

— Гэ, чаго захацеў! — зласнавата перапыніў яго Дзед. — Жыць!

— Ну. Жыць і то нельга.

— Было. Аджылі. А цяпер ляжам.

— Ляжам? Божа мой, Божа…

Кажухар, аднак, ня дужа бедаваў, што ляжа, спакутаваны ад болю, ён прагнуў аднаго — скончыць свае пакуты. Хаця б і ў магіле. Усё роўна жыцьцё спляжанае дарэшты. Некалі марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы, і нібы вол, ад зары да зары шыў кажухі, зьбіраў грошы. Абшыў кажухамі, лічы, такі горад, як Слуцак, а ягоная праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солі. Добра, што сын Уладзя, не глядзі што малады, а ўдаўся разумнейшым за бацьку, не падманіўся на ягонае рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго й даслужыцца, асабліва калі выб'ецца ў якое начальства ды паладзіць з бальшавікамі. Бацька во не паладзіў, за тое яму такая расплата.