Ад болю ды роспачы Кажухар і стагнаў, і круціўся ў доле. Вочы яго змакрэлі, і ён ужо не саромеўся тае макраты, не выціраў іх. А Дзед побач бы й не прыкмячаў таго, сядзеў, унурыўшыся нерухомым позіркам у дол, і моўчкі, пакутна перажываў нядаўняе мінулае, яшчэ да паўстаньня, калі ён быў дома і пасварыўся з жонкай. Брыдка пасварыўся, хоць і было за што. Жонка ў каторы раз зрабіла ня так, але ж… Гэтая жаласьлівая кабета заўжды кагось шкадавала — то дзяцей, то суседак, ды асабліва каго-небудзь з радні. Хто бяднейшы. А бяднейшым з усіх быў яе малодшы брат Сёмка, мнагадзетны і негаспадарлівы селянін, які звычайна зь Вялікадня сядзеў без кавалка хлеба. У Дзеда ў сьвіронку была прыхаваная тарбінка грэчкі, меўся па вясьне засеяць лапік ля сажалкі — ня ўсё ж душыцца бульбай ды крупнікам. Але во жонка, як яго не было дома, добра-такі адсыпала з тае тарбіны брату — бач, згаладнелі дзеці. Згаладнеюць, ведама, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы. I вось аддала пуд грэчкі, быццам самой непатрэбна. Дзеда гэта абурыла, проста ўзарвала, і ён даў добрага штурхаля жонцы, тая ўпала, загаласіла, а ён выскачыў на падворак, у самога аж трэсьліся рукі. Якраз трэба было зьбірацца ў полк на фармоўку, ён забег дадому за сякім-такім харчам, ды так і пайшоў улегцы, пад жончын плач. Спакваля, аднак, падабрэў, мінулася злосьць, і не шкада стала той грэчкі, а паскуднае пачуцьцё засталося, не міналася, нават расло з часам, і цяпер выбухнула, заглушыўшы ўсё іншае — ну трэба было? Гары яна гарам і грэчка, і ягоная ашчаднасьць. Ён гатовы быў аддаць усё, абы толькі засталася згода, дабрыня ды шкадаваньне адно аднаго. Бо чым цяпер жонка будзе памятаць яго? Тым грубым, злым штурхалём, ад якога паляцела ў кут?
Кепска, горка і балюча было на душы ў Дзеда. Калі б ня іх гэты канец, можа б, яшчэ і павініўся, і паладзіў з жонкай. Увогуле, яна была не злапомная, даравала рознае, ня першы раз. Але ўжо не павінісься — усё панясеш з сабой. На той сьвет. I ўсё праз гэтае іх жыцьцё, спрадвечную сялянскую галоту, якая душыла вяскоўцаў, не давала па-людзку жыць і нават па-людзку памерці.
— Божа міласэрны, маці-царыца нябесная, — са сьлязьмі шаптаў побач Кажухар. — Не пакінь нас, не адвярніся хоць у гэты астатні час…
— Успомніў! — зноў зласнавата буркнуў Дзед. — Як прыпячэ, тады ўспамінаем. Раней помніць трэба было.
— Ды ці я калі забываўся? Я заўжды помніў, маліўся…
— А цяпер маліся, не маліся — адзін канец.
— Ай, Божачка ты мой, Божачка! — ледзьве не екатаў Кажухар, усё люляючы руку. Так было яму балюча — і ад рукі, і на сэрцы, і хацелася спагады хоць бы ад таго, хто апынуўся тады бліжэй за іншых. Ды чалавек той, відаць, не прывык спачуваць. Зноў жа марна было цяпер спачуваць каму-небудзь — усе яны апынуліся ў аднолькавым гаротным стане і мелі аднолькавыя падставы для спачуваньня. Ад каго толькі? Хіба ад госпада Бога.
Мяцельскі капаў апантана, але, мусіць, трэба было глыбей, хоць няроўныя, абрушаныя берагі дасягалі яму пад пахі. Ды ён пачаў стамляцца, і камандзір, які прыкмячаў усё, кінуў Забелу:
— Давай, падмяні.
Нядаўні гімназіст Ігар Забела зь яўнаю неахвотай улез у яму, пераняў з рук Мяцельскага цёплы ад натруджаных далоняў тронак рыдлёўкі. Неяк так сталася, што ён хутка перажыў сваё напружаньне; стрэл, а затым і скрываўленая галава Аўстрыякі вярнулі яго да самотнай рэальнасьці, якая абяцала неўзабаве паставіць вялікую кропку на ўсім. Усьвядоміўшы тое, Ігар адчуў рэзкі інстынктыўны пратэст — як было добраахвотна класьціся ў зямлю ў свае няпоўныя дзевятнаццаць гадоў? Але няўмольная сіла абставін, якая ўсе апошнія гады люта ўладарыла над людзкімі лёсамі, гнула ягоную волю ў дугу, заўсёды дамагаючыся свайго. Рэдка калі тыя абставіны выяўлялі паслабку, давалі зрабіць, як сам хочаш. Дзіўна, але тады, у той самы рашучы вечар, калі ён мог бы зрабіць інакш, ён інакш не зрабіў. Праз боязь, страх і трывогу ён зрабіў так, як вымагаў ад яго сяброўскі абавязак, па-свойму зразуметае высакародзтва. Ён не адмовіў Алегу Блажэвічу, ён пайшоў зь ім. Ранічкай, як маці яшчэ спала, таропка сабраў свой небагаты набытак — пару бялізны, башлык, пачак папярос, Лёльчына фота і шаснуў праз чорны ход на зборны пункт у гімназію. Сярод пракуранай людзкой гаманы не адразу знайшоў свойго старэйшага сябра Блажэвіча, які, паціскаючы яму руку, каротка кінуў: «Малайчына, умееш трымаць слова гонару» і запісаў у сваё аддзяленьне. Тады, можа, першы і адзіны раз Ігар ціха паганарыўся ў душы за сваё высакародзтва, што намогся і стрымаў слова. Што, калі спатрэбілася, можа на справе абараніць незалежнасьць народнай рэспублікі, пра якую сказана столькі прыгожых і рашучых словаў. Ці ён думаў тады, што праз колькі тыдняў будзе выцягваць скрываўленае цела Блажэвіча з засьнежанага поля пад Семежавам — цяжкапаранены ўранку, той да вечара сьцякаў крывёй пад бальшавіцкім агнём, увесь дзень да яго нельга было падабрацца. Ігару ў тых баях наогул пашчасьціла, можа, пашчасьціла і пазьней, ніводная бальшавіцкая куля яго не зачапіла. Мусіць бы, куды лепш было яму легчы разам з Блажэвічам, прынамсі, не спазнаў бы таго, што давялося спазнаць затым і што ня дай Бог спазнаць нікому. I ня толькі іхны жахлівы паўстанцкі лёс, але і трохі іншае. Яшчэ да таго, як спаліць усе дакумэнты, неяк лежачы надвячоркам у кустоўі, ён спаліў Лёльчына фота, як дазнаўся ад людзей, што яго сьветлае, незямное каханьне стала жонкаю чырвонага слуцкага ваенкома. Ён узьненавідзеў яе за здраду, без агіды ня мог сабе ўявіць, як яна цалуецца там са сьмярдзючым бальшавіцкім камісарам, не разумеў, чаму яна стала не такой, як была раней, — чужой, нават варожай. Але неяк памалу тая яго нелюбоў выпетрылася, Лёлька рабілася для яго ўсё больш абыякавай, і ён болей думаў пра маму, дужа дакараў сябе за ўсё тое, што прычыніў ёй сваім гэтым свавольствам. А найбольш ён шкадаваў сябе, сваё кароткае жыцьцё. Жыцьцё, канечне, не ўдалося, чаго было за яго трымацца, чаго шкадаваць? Але ўсё роўна было шкада, хацелася жыць хоць як-небудзь, хай у той іх калатнечы. Ды было неяк. Неяк, бо ён дужа любіў сваю маму, што ўжо страціла на мінулай вайне ягонага айчыма, штабс-капітана Левандоўскага, любіў-шкадаваў меншага браціка Паўліка. Як ім будзе жыць пры такім іх сынку і братку?