Забела капаў ня так каб і ўвішна. Глыбіня стала, мусіць, такой, якой і патрэбна было, кідаць жвір ён намагаўся высока, ды глыжы ўсё скочваліся зь берагоў у яму — ужо не ставала сілы кідаць вышэй і далей. Зноў жа падмяніць яго, мусіць, не засталося нікога, пэўна, усе ўжо адбылі сваю чаргу. Апроч, вядома, параненых Кажухара і камандзіра. Значыць, яму і давяршаць гэтую невясёлую справу.
Камандзір ня мог скрануць шыяй, павярнуць галавы, але ён дбаў усё рабіць як належыць і кожную справу даводзіць да канца. Гэта было ягоным правілам са студэнцкай маладосьці, як вучыўся ў сэмінарыі, затым выкладаў у гімназіі, а таксама ў вайну, калі, стаўшы прапаршчыкам, камандаваў паўротай у інгерманлядзкім палку. I калі ў яго што-нішто не атрымлівалася, не знаходзіла завяршэньня, дык часьцей не зь ягонай віны — з прычыны ўмяшаньня вышэйшых камандзіраў ці зьбегу зьменлівых абставін. Як з гэтым іх партызанствам. Калі б ён быў на месцы камандзіра батальёна, дык шмат што, асабліва спачатку, рабіў бы інакш, ня лез бы на злом галавы супраць пэўнай сілы, і, можа б, тады яны не дайшлі да гэтае ямы як да нейкай містычнай расплаты за ўсё ранейшае. Ці да апошняй кропкі ў тупіку, куды іх загнаў неміласэрны паўстанцкі лёс.
Цярпліва чакаючы, калі нарэшце будзе гатовая гэтая яма-магіла, камандзір міжволі і ў каторы раз перабіраў у памяці падзеі апошніх тыдняў-месяцаў іх барацьбы, каб усё ж хоць перад канцом зразумець нейкі таямнічы сэнс іхнага трагічнага фіналу. Але, мусіць, усё ўжо было перабрана ў памяці. Натуральна, камандзір разумеў, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у шарэнгу. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя, і менавіта гэтая акалічнасьць вырашыла ўсё астатняе. Але і як было іначай? Народ чакаў, а кіраўнікі адзін перад адным імкнуліся выступіць. Верныя рыцары рашучай фразы, яны сьпярша ап'янілі тых, хто іх слухаў на ўсіх тых шматлюдных мітынгах, а затым неўпрыцям і самі паверылі ў свае прыгожыя словы. Калі ж і самі сталі нявольнікамі ўласных хмельных прамоваў, тады ўжо нічога нельга было ні спыніць, ні перайначыць. Яны былі змушаныя, за імі пайшлі іншыя, — найперш, хто мала разумеў, але надта верыў. А то ішлі з пачуцьця абавязку, раптоўна народжанага гонару і таму не маглі не пайсьці. Калі не цяпер, дык калі ж? Хіба што ніколі. Але ніколі — было страшна, страшней за пагібель, бо было банкруцтвам усяе сьвятой, шматгадовае справы. Так, ён таксама нямала сумняваўся ў хуткім посьпеху паўстаньня, яшчэ больш было ў яго недаверу да колькі-небудзь удалага партызанства іхнага асобнага батальёна. Але ішоў, бо для яго заставалася пэўным: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазьней. Без таго, бязь іхнае галаваломнае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджаная на вялы, задоўжаны скон. Цяпер на скон ня будзе асуджана. Зерне кінута, па вясьне ўгрэецца глеба, будуць усходы. Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна. Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэньне, так трэба. Для вольнай радзімы і для гісторыі.