Выбрать главу

Праўда, у ЧК яго ня білі і нават не дапытвалі, толькі запісалі ў тоўстую рэгістрацыйную кнігу і, пасьля вобыску, павялі ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калідор у тым склепе паварочваў кудысьці ўбок, дзе іх сустрэў новы канваір зь вінтоўкай, які ціха буркнуў: «Куды гэтага?», і той, што ішоў ззаду, адказаў: «У сёмую, сказалі». «У сёмую, дык у сёмую», — адказаў сустрэчны, і яны ўтрох пайшлі ў самы канец калідора. Аднекуль чулася прыцішаная гамана людзей, паасобныя словы. Відаць па ўсім, людзей тут сядзела нямала, і ў гэты час, мусіць, яшчэ ня спалі. Ці, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.

Як толькі расчыніліся дзьверы тае сёмае камэры, паручніка дужа штурханулі ззаду, і, спатыкнуўшыся, ён паваліўся на нечыя целы. Той, каго ён найбольш патрывожыў, злосна, па-блатняцку, вылаяўся, паручнік выціснуў «прабачце», якое, аднак, засталося без адказу. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, ня ведаючы, куды ступіць ад дзьвярэй, пастаяў у маўклівым зьняменьні. Ля яго ног варушыўся патрывожаны ім чалавек, нешта бурчэў, іншыя маўчалі. Здаецца, народу тут было поўна, у застаялым паветры сьмярдзела потам чалавечых целаў, прэлай вопраткай і мачой, — то быў знаёмы для кожнага акопніка салдацкі смурод. Счакаўшы хвіліну, ня ў стане асвойтацца ў цемрадзі, ён сказаў, каб не маўчаць:

— Нічарта ня бачу…

— I ня ўбачыш да заўтра. Мы тут, бы краты, — адказаў яму нехта, дужа шапялявячы.

— Во як! Вайскоўцы ёсьць?

— Наўрад. Будзеш першы.

— I, можа, апошні, — буркнуў той, з-пад ягоных ног.

— Хай так, — больш бадзёра сказаў паручнік і апусьціўся там, дзе стаяў — плячамі да самых дзьвярэй. Здаецца, першае знаёмства адбылося. Хаця наўрад ці яго цікавіла цяпер якое знаёмства, у ягоным становішчы дапякаў адзін клопат — што далей? Але адказ на яго, мабыць, не залежаў ад гэтых людзей. Ягонае ж тут зьяўленьне, відаць, кагось зацікавіла.

— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхім голасе, немалады чалавек, што мясьціўся недзе ў куце.

— З вакзала, — проста адказаў паручнік.

— Го, з вакзала! — нядобразычліва азваўся бойкі сусед ля ног. — На вакзале яны й бяруць.

— Чакаў цягніка…

— Ну й дурань! Чакаць на вакзале… Ля сэмафору трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.

— Наўрад ці ў іх ёсьць якая заканамернасьць — яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялі дома. З пасьцелі паднялі, — расказваў старэйшы з кутка.

— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў той, зь сярэдзіны камэры. — Чэка!

— ЧК, ага. Гэта табе ня царская паліцыя. Што спала на хаду, — сказаў самы блізкі ў доле, і ў ягоным тоне разам з боязьзю чулася і затоеная павага менавіта да ЧК.

— Не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва турэмшчыкі.

— Ну, хіба турэмшчыкі. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.

— Такога яшчэ не было ў гісторыі Расеі, — пакутна загаварыў у куце стары. — Былі смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея…

— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, — даволі бадзёра, аднак, шапялявіў іншы. — Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.