Выбрать главу

— У іх там няўпраўка выйшла — аўтамабіль сапсаваўся, — зазначыў Блатняк.

— Думаеш, адрамантуюць і прывязуць прысмакі?

— Не. Адрамантуюць, і нас — у Гунькін роў.

Паручнік прыслухоўваўся да іх невясёлай размовы і разумеў, што ягоных суседзяў трывожыў той жа клопат пра ўласнае жыцьцё, які назаляў і яму. Зрэшты, што ж, усё натуральна, што яшчэ магло трывожыць людзей у гэтым чэкісцкім склепе? I спадзяванкі на жыцьцё былі ў іх гэткія ж хліпкія, як і ў яго.

Недзе ў калідоры непадалёк пачуліся галасы, грубыя, патрабавальныя крыкі: «Выходзь! Быстра, тваю маць…», брыдкая салдацкая лаянка. Падобна, там усчалася тузаніна ці нават бойка, чуўся тупат шматлікіх ног, нешта моцна выцяла ў сьцяну — аж здрыгануліся прыхінутыя да дзьвярэй паручнікавы плечы. Агідны ветрык небясьпекі дзьмухнуў у цемрадзі сьмярдзючай камэры, усе насьцярожана прымоўклі, чакалі, што вось-вось адчыняцца і іхныя дзьверы. Але дзьверы пакуль не расчыняліся, а тупат і тузаніна сталі аддаляцца, мабыць, там кіравалі на выхад.

— Цяпер ці ня наша чарга? — паныла ўздыхнуў Эсэр.

Яму ніхто не адказаў, усе маўчалі, і пасьля маркотнае паўзы першы раздумна загаманіў Блатняк:

— А я якраз перад тым, як сцапалі… гуляш не даеў. Такі быў смачны гуляш. Каб ведаў…

— За жыцьцё не наеўся, перад сьмерцю не наліжасься, — сказаў Стары.

— Што праўда, то праўда! — падхапіў Эсэр. — Як помню сябе, усё есьці хацеў. I на волі, і ў турмах.

— А што, многа сядзеў? — пацікавіўся Блатняк.

— Хапала!

— Я ж казаў: трэба даваць дзёру! — нэрвова зашапатаў Блатняк. — А то давядуць, што ног не пацягнеш. Калі да таго ня стрэльнуць.

— Я ня супраць, — ціха адгукнуўся Эсэр. I з кутка разважна азваўся Стары:

— Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмі рызыкова, мабыць?

— А кулю ў лоб атрымаць не рызыкова?

Размова прыпынілася, і паручнік падумаў, што, відаць, іншага не застаецца. Ужо яго ЧК не памілуе, расквітаецца за ўсё. I за дваранскае паходжаньне, і за афіцэрства, і за рэвальвэр у рэчмяшку. Але гінуць у гэтым сьмярдзючым сутарэньні ці ў Гунькіным рове было пагана і страшна. Такога сабе канца паручнік ужо не чакаў. Ды яшчэ ў гэткай кампаніі. Усе ягоныя продкі ляжалі пад якімі-ніякімі помнікамі на старых сельскіх могілках ля невялічкай праваслаўнай царкоўкі, усе памерлі сваёю сьмерцю, у сваіх пасьцелях. А дзе давядзецца легчы яму?

— А і праўда, — зашапялявіў Эсэр. — Як адчыняцца дзьверы, калі каго прывядуць… Кінуцца і — за вінтоўку.

— Хто кінецца? — сказаў Стары. — Я пажылы. Ды хворыя суставы: раматус…

— Я б кінуўся, — працягваў Эсэр. — Ды ў мяне рука вывіхнутая. Як вялі, білі. Сапсулі руку.

Паручнік маўчаў, ён думаў. Трэба было штосьці ўзгадніць у душы, усё ж тая думка ўзьнікла для яго нечакана. Канечне, рукі ў яго не былі вывіхнутыя, пакуль што ад голаду ён не зьнясілеў. Але яму трэба было хоць бы адчуць нейкі давер гэтых людзей, каб нешта браць на сябе.

— Дык вось жа ў нас вайсковец, — падказаў Блатняк, — ты ж вайсковец, ага? — зьвярнуўся ён да паручніка.

— Вайсковец.

— Можа яшчэ ахвіцэр?

— Афіцэр.

— Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кідаецца першы, я — у помач.

— Ага. Тут важна, каб усім разам, — прашамкаў Эсэр. — Ламануць — і ў калідор, а там — як пашанцуе.

— Толькі б не спазьніцца. А то могуць на золку вывесьці. Яны на золку возяць, — паведаміў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнік ведаў, ужо недзе чуў ці чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загінуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялікі шанец. Гэтыя людзі паспадзяваліся на яго, і ён павінны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афіцэр. Ці ня ў тым цяпер ягоная місія — маленькая, амаль мікраскапічная місія ў вялізарным віры людзкіх нягодаў. Ён павінны пайсьці наперадзе і зьдзейсьніць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе — тое залежыць ня толькі ад яго. Тут ужо — як будзе заўгодна госпаду Богу.

— Я зразумеў. Але ці ўсе згодныя? — запытаўся ён.

— Я згодны, — лёгка сказаў ягоны сусед.

— Я тожа, — пацьвердзіў Эсэр. У куце, чутна было, трохі паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым іншым. Але і ён згадзіўся:

— Што ж, калі ўсе мірам рашылі, дык… Адмаўляцца не па-хрысьціянску будзе. Ужо як-небудзь…

— Во і добра. А ты, маўчун, што? — зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. — Ці ўсё сьпіш?

— Я ня сплю, — прагучаў зь цемры новы басавіты голас.

— Дык ты чуў? Ты згодны?