Выбрать главу

— Во, менавіта на словах, — падхапіў Эсэр. — А па сутнасьці гэта шкурнікі. Прыстасаванцы да сьвятой сацыялістычнай ідэі ўсе гэтыя бальшавікі, чэкісты…

— Якая ідэя, такія да яе й прыстасаванцы, — упарта пярэчыў Стары. — Калі ідэя гэтак абрастае прыстасаванцамі, значыць, благая ідэя.

— Ну, пра ідэю так не кажыце. Ідэя роўнасьці і брацтва — найлепшая з ідэяў. Ад часу францускай рэвалюцыі…

— Роўнасьці, кажаце, брацтва? Колькі за тое крыві пралілося, а дзе тое брацтва? Усё шалёная барацьба, брат на брата, кляса на клясу. Столькі стагодзьдзяў мінула, а нічога не мяняецца.

— Зьменіцца. Рэвалюцыя толькі пачатак.

— Які пачатак, такі, мусіць, і працяг будзе.

— Не, будзе лепшы. Залаты век наперадзе.

— Дай-та Бог… Ды дужа сумнеўна.

Паручнік маўчаў і слухаў. Увогуле іхныя довады былі збольшага яму знаёмыя, гэткага і да таго падобнага ён нямала ўжо наслухаўся, асабліва за час рэвалюцыі. Скептычныя погляды старога настаўніка былі бліжэй да ягонай сьвядомасьці, чым бадзёрыя запэўненьні Эсэра. Ня мог ён прыняць самаўпэўненую балбатню людзей, якіх не паважаў менавіта за іх крыклівую настырнасьць у справе свабоды. Гэта не пачуцьцё, гэта спрэс словы. Сапраўднае пачуцьцё маўклівае, яно выказваецца болей справай, ды не траскучымі словамі. Лёгка было крычаць аб свабодзе народа, калі гэта ні да чога не абавязвала, трудней было для яго нешта зрабіць. I нават не для народа, а для групы людзей, для некалькіх чалавек. Як толькі зьяўлялася такая неабходнасьць, тады ўся рэвалюцыйная пыха з гэтых людзей зьлятала, і яны рабіліся, бы пухіры, зь якіх выпусьцілі паветра. Зрабіць што-небудзь для бліжніх яны ня ўмелі. Лацьвей было для народа. Але ў разуменьні паручніка народ здаваўся разумовай абстракцыяй, канкрэтна ён яго ўявіць ня мог, як ня мог уявіць сутнасьці сьмерці або бясконцасьць сусьвету. Мусіць, тое было за межамі ягонага досьведу і здольнасьцяў да ўяўленьня.

Затое ён няблага навучыўся бачыць і разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкім сутарэньні людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, і на што кожны зь іх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагібелі кожны зь іх пашчыруе ў змаганьні за жыцьцё; усё ж яны разумелі, што літасьці ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклікаў хіба што Маўчун, які аддаў яму боты, — надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклівасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць і не выклікаў асаблівых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалі, здаецца, мог прычыніцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хітрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабіць, выбар у паручніка быў невялікі.

— А вы, афіцэр, адкуль родам? — запытаўся Эсэр. — Са сталіц, мабыць?

— Не, не са сталіц. З-пад Полацка.

— А, мабыць, з фальваркоўцаў?

— Вы ўгадалі, — згодна адказаў паручнік і болей пра сябе не сказаў нічога. I ад таго, што паведаміў, стала няёмка, нібы чымсь пахваліўся. Мусіць, было б лепш, калі б ён назваўся сацыялістам ці простым рабочым, блатняком нават. Але іграць чужыя ролі паручнік ня ўмеў, адчуваў да таго ледзьве не фізычную гідоту, хоць і праўду пра сябе казаў каму-небудзь рэдка, у скрайнім выпадку. Як тут вось. Сказаў, бы распрануўся перад людзьмі ў гэтай сьмярдзючай цемры. Усё ж вялікая справа ананімнасьць, якая цяпер рэдка здараецца на людзях (хіба што ў дарозе), калі ні да цябе, ні ў цябе няма ніякае справы да іншых. Тут вось такая справа знайшлася.

— Ну, фальваркоўцы, як і дваране, розныя бываюць, — памяркоўна сказаў Блатняк. — Каторыя і нішто.

— Яны, можа, і нішто, — шапялявячы, запярэчыў Эсэр. — Але як кляса — ворагі рэвалюцыі. Контра!

У куце, чуваць было, заварушыўся стары настаўнік.

— Вось, пан эсэр, вы ўсё вялікімі катэгорыямі: кляса, народ. Але хто калі з вас меў справу цалкам з клясай або народам? Усё, ведаеце, болей з суседам, гандляром ці прыказчыкам. З кожным упаасобку. А прывыклі абагульняць.

Мабыць, так, схаластыка, — падумаў паручнік. Але кепска нават ня тое, што ў некаторых галовах укаранілася тая схаластыка, горай, што схаластыка стала дзяржаўнай дактрынай, ад якой так ці інакш залежаць лёсы тысячаў, калі не мільёнаў людзей.

— Ня клясавы ў вас падыход, — бяз злосьці, аднак, мовіў Эсэр.