Выбрать главу

— Ня клясавы, праўда. Боскі. Усё ж Бог стварыў чалавека, а ня клясы, партыі. Клясы і партыі — гэта, мабыць, справа нячысьціка. На пакуту людзям.

— Каб адно адным паганялі, — як заўжды зьедліва ўставіў Блатняк і запытаўся з выклікам: — Праўда, Маўчун?

— Можа, і праўда, — не адразу, спаважна адазвалася зь цемры. Блатняк пачакаў, мабыць, думаў учуць і яшчэ што, але далей было маўчаньне.

— А цябе завошта сюды, калі не сакрэт?

— За цара, — не адразу, з натугай адказаў Маўчун.

— Ты што — радня яму?

— Не, не радня.

— Дык пры чым тут цар?

— Вартаўнік я. Ва ўправе служыў. А яны прыйшлі партрэт скідваць…

— Хто яны?

— Ды гэтыя… Чэкісты. Дык я… Узяў тапор і…

— I пасек іх? — зь цікавасьцю дапытваўся Блатняк.

— Не-а. Аднаго толькі. Галоўнага.

— Да-а, — сказаў эсэр. — Кепскія твае справы.

— Ну, — проста пагадзіўся Маўчун.

Няпэўная начная ціша ў сутарэньні зноў парушылася нейкімі невыразнымі галасамі ў тым канцы калідора, прагучала лаянка, падобна, там некага білі, — прывялі ці, можа, зноў выводзілі на расстрэл ці на допыт. У камэры прыціхлі, услухоўваючыся, са страхам чакаючы кепскага. Паручнік пасунуўся ад дзьвярэй у кут, так было зручней, калі што, кінуцца ў дзьверы. Кепска, думаў ён, што скрозь было цёмна, у цемры можна было памыліцца. Затое, можа, лепш будзе ўцякаць. Хоць як там ужо выйдзе. Цяпер ня шмат прадугледзіш.

— Значыць, так, — ціха сказаў ён. — Расчыняць, і я кідаюся. За мной — вы, — ён дакрануўся да выцягненай нагі Блатняка. — Зараз жа астатнія.

— Тады трэба перасесьці, — сказаў Блатняк. — Маўчун ня пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.

— Хай перасядуць, — пагадзіўся паручнік.

Трошкі стогнучы, Маўчун падняўся са свайго наляжанага месца і палез у кут да Старога. Той таксама нешта мармытаў сабе, незадаволены чымсь. Аднак паручнік ня надта іх слухаў — ён стараўся не прамінуць які рух у калідоры, каб ня даць застаць іх зьнянацку. Рух там, аднак, заглух, мабыць, каго было трэба, вывелі, і ў сутарэньні зрабілася па-начному ціха.

— Аднак аташчалі мы, чорт пабяры, — сказаў Блатняк. — У мяне ўжо кішкі да хрыбта прысохлі ад голаду.

— Хаця б далі вады, — паскардзіўся Стары. — Без вады арганізму ніяк: абязводжваньне тканак.

— Цікава, а колькі можна бязь ежы? — запытаўся Блатняк.

— Бязь ежы пацягнем, — адказаў Эсэр, як самы ў тым дасьведчаны. — Можна тыдзень і два. А без вады кранты.

Пакуль што паручнік не адчуваў ні смагі, ні асаблівага голаду, усё ж учора ён піў на станцыі гарбату, і цяпер напружана думаў, як лепей учыніць гэтыя ўцёкі. Роля першага, пачынальніка, несла як пэўную небясьпеку, так давала і пэўныя перавагі; ад ягонага спрыту і ўмельства залежала ўсё астатняе. Калі ён адолее канваіра ды завалодае зброяй, дык, можа, яны й вырвуцца.

Ён намагаўся слухаць, каб адразу злавіць які важны гук з калідора, і баяўся заснуць. Дрымота, між тым, агортвала яго ўсё болей, і тады ён, страпянуўшыся, ціха гукаў іншым: «Ня спаць». Яны не маглі дазволіць сабе заснуць, кожную хвіліну трэба было быць гатовымі кінуцца ў дзьверы, як толькі тыя расчыняцца. Як за кім прыйдуць ці каго прывядуць. У кутку ля дзьвярэй паручнік выбраў сабе найбольш зручную позу.

Аднак мінаў час, а дзьверы камэры заставаліся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, ніхто каля іх і не пратупаў ні разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная ціша. Дужа цягнула на сон, і трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручніку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, і тады ў яго паўсоннай сьвядомасьці пачыналі мільгаць нейкія абліччы, нібы чуліся фразы, урыўкі падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мінулага, даўнейшай службы і нават штосьці зь дзяцінства… Чамусь зьявілася перад зрокам разьбітая фура на гразкай вуліцы галіцыйскага мястэчка, забіты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, і — бяз пэўнай з папярэднімі падзеямі сувязі — маці. Старая, заплаканая, з маўкліваю тугой у вачах, — мусіць, такая, якой ён бачыў яе апошні раз, ад'яжджаючы на фронт у пятнаццатым. «Застанецца адна», — падумаў паручнік, і гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Маці ўжо страціла амаль усіх — дзяцей, мужа, пляменьнікаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне ці апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фінляндыю. Адзін іхны брат не вярнуўся з палону, другі быў забіты ў першых баях ва Ўсходняй Прусіі. Ён застаўся апошні і, мусіць, з такой няўрымсьлівасьцю памкнуўся да маці, нібы адчуўшы яе далёкі жальлівы покліч з паўзабытай ім Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы і пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, іншамоўных людзей. Да іх прывыкаў, звычаіўся зь іхным бытам, мала і рэдка ўспамінаючы, адкуль ён і дзе ягоныя вытокі жыцьця. Можа б, жыў так і далей, калі б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткі час ён ня толькі страціў чын, пасаду, сякія-такія набыткі, але й звыклыя маральныя апірышчы, калі ўвачавідкі мяняліся вакол людзі і ягоныя да іх адносіны. I тады неўпрыцям і настойліва паўставалі ў памяці вобразы іншага, ранейшага, паўзабытага ім жыцьця. Здавалася, людзі ў тым жыцьці былі зусім не такія, як гэтыя, — нязьменныя, з дабрынёй і Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якімі ён памятаў іх зь дзяцінства. Бадай, у роспачным адчаі, як да паратунку, ён памкнуўся да іх, да роднае стараны, дзе мінула яго дзяцінства, застаўся вялікі драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкімі вязамі з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзілі сваё жытло пара буслоў, ляскалі доўгімі дзюбамі — выводзілі бусьлянят. Пад імі ўнізе туліўся нешырокі ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзібы з квяцістаю клюмбай перад шырокімі прыступкамі ганка. Побач мясьціліся старасьвецкія драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямі, стайняй, у таямнічым паўзмроку якой бразгалі цуглямі два буланыя стаеньнікі; на аднаго зь іх, рахманага Сярка, некалі падсаджвалі белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, і сэрца яго замірала ад страху і адвагі. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, і яны дамовіліся з хурманам Дзянісам утаіць тое ад маці, схлусіць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра маці загадала Дзянісу засыпаць лужыну. Дзіва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця… Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцінства ўзнавілася ў памяці іх даўняя паездка ў недалёкі Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасіньні, — як яны ранічкай ехалі туды ў ландо з бацькам і маці, мінаючы азёры і прыазёрныя вёскі, і ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкімі прысадамі засьвяціліся стромкія купалы Сафійкі, ярка асьветленыя летнім ранішнім сонцам. Ці пабачыць ён калі іх — тыя сьвятыя купалы, што доўгія гады стаялі ў змроку ягонай памяці — сярод страшнай калатнечы, гразі, крыві, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да іх, і так трудна іх дасягнуць.