Выбрать главу

Мабыць, ён усё ж задрамаў трохі, на якіх пару хвілін, і аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.

— Па-ад'ём! Падгатовіцца — прыём пішчы!

У камэры разам спалохана заварушыліся, падскочыў і сеў побач Блатняк, за ім санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялічкае закратаванае акенца, сталі відаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, і паручнік упершыню азірнуў людзей, зь якімі прабыў ноч. Крык у калідоры, які цяпер чуўся далей, чымсьці яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна віднела, і ён сьцяміў, што з уцёкамі прыпазьніліся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьці — там выразна мільганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавідкі зьмянілася бадай што дзіцячай радасьцю, і Блатняк закрычаў:

— Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далібог!

Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай імкнуўся злавіць гукі з калідора, і яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокі ды разяўлены ад увагі рот з выбітымі наперадзе зубамі выдавалі слабасільнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькім сяйве сьвятла з акенца блішчэла лысая галава старога вучыцеля з зусім белым пушком — рэштаю валасоў над вушамі. Недзе ў густым ценю пад акенцам туліўся нябачны ад парога Маўчун. Здаецца, паведамленьне пра харч зьбівала іх з тропу, блытала намер; паручнік бачыў, як напружыліся іхныя твары — менавіта ад навіны пра харч. За дзьвярыма побач дужа бразнуў замок, і паручнік ускочыў на ногі. Ён чакаў, што дзьверы расчыняцца, а тыя толькі прачыніліся трохі, і цераз парог цяжкавата грукнула старое закапцелае вядзерца. У камэру шыбануў знаёмы з салдатчыны пах гарачай кашы-пярлоўкі.

— Трымайце на пяцёх…

— Вы бачылі? — зь ненатуральнай радасьцю закрычаў побач Блатняк. — Нас кормяць!..

I не пасьпеў яшчэ паручнік штосьці падумаць, як Блатняк, спрытна шмыгануўся пад яго нагамі, ухапіў ад парога вядзерца і пачаў уладкоўваць яго сярод камэры. З таго боку да яго ўжо сунуўся змардаваны Эсэр, запаволена, бы нерашуча, мясьціўся стары вучыцель. За імі падняўся з свайго месца і Маўчун. Нібы апляваны, паручнік няўцямна стаяў пры дзьвярах. Здаецца, увесь яго выпакутаваны плян вылятаў насмарку, увагай гэтых людзей бяз рэшты завалодала ежа.