Выбрать главу

— А як жа — бяз лыжак? — запытаўся Эсэр.

— А ручкамі, ручкамі, пан сацыяліст. Во так! — па-блазенску выпінаўся Блатняк, тут жа зачэрпаўшы жменяй ня дужа густую кашу, пачаў вылізваць яе з далоні. За ім болей рашуча папнуліся да вядзерца і Стары з Эсэрам.

— Ну, а вы што? Ахвіцэр! Запрашаць трэба?

Стоячы на каленях, каля вядра, Блатняк на момант павярнуўся да паручніка, але той не скрануўся зь месца. Неяк ураз аслабелы, нібы пасьля цяжкай працы, паручнік ціха апусьціўся ў сваім кутку на шынэлак. Ён быў ашаломлены і спустошаны дарэшты. Варта было пакутаваць, перажываць, спадзявацца на Бога, аддаючы яму права распарадзіцца сваім лёсам. Аказалася, тым лёсам з большым посьпехам распарадзіўся прышчавы Блатняк. Ці гэтае праклятае паўвядра пярлоўкі.

Маўкліва і хутка яны ўтрох апаражнілі вядзерца і з асалодаю сытых адваліліся да сьцяны. Падобна, пад'елі і паспакайнелі. Прынамсі, ранейшая трывога і напружаньне дарэшты пазьнікалі зь іхных галасоў і твараў, саступаючы месца санлівай ціхманасьці. Яны задаволіліся. Паручніку вельмі карцела вылаяцца ад злосьці, і ён ледзьве стрымліваўся, трошкі цешачы сябе думкай, што, можа, яшчэ ня ўсё страчана. Мабыць жа, яшчэ прыйдуць па тое вядро і расчыняць дзьверы. Ды тое, што ён неўзабаве ўчуў, прымусіла яго зьнерухомець у зьдзіўленьні. Зьвяртаючыся да Блатняка, Эсэр сказаў:

— Ну, а ты палохаў: Гунькін роў, Гунькін роў. Аднак жа накармілі!

— Знача, перадумалі, — сыта пярэчыў Блатняк, выцягнуўшы ў доле ногі. — Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.

— А можа, яны й ня думалі нас страляць. Бальшавікі ж таксама розныя. Па тваёй жа тэорыі?

— Ну, а ты, вучыцель, што думаеш? — Блатняк павярнуў прышчавы твар да сьвятла з акенца. Сюды-туды паводзячы лысаю галавой, стары вучыцель зручней уладкоўваўся на падлозе і маўчаў.

— А я вам скажу, — раздумна зашамкаў Эсэр. — Ну і дурні ж мы былі ўначы: што ўдумалі. Тут хіба ўцячэш?

— Хрэна ў іх уцячэш, — пагадзіўся Блатняк. — А так…

— А так, можа, і абыдзецца, — падхапіў Эсэр. — Калі разабрацца, дык мяне і праўда нізашто ўзялі. Гэта мой кораш тую купчыху экспрапрыяваў, ды ня я. Але нязручна было выдаваць.

— А мяне, пэўна, кораш прадаў, во скаціна! Але як дакажаш, што я чэсны пралетар? Ну, што спэкулянт трохі, дык за гэта страляць?

Запытальным позіркам Блатняк абвёў арыштантаў у камэры, чакаючы падтрымкі, ды арыштанты маўчалі. Толькі спакваля азваўся Стары:

— Цябе, можа, і не застрэляць. Але ж тут афіцэр…

— Ну, і што?

— А тое, што яго падманулі.

— А хто, хто яго падмануў? — загарачыўся Блатняк. — Мы самі падмануліся. Ну, ня кормяць, думалі — шлёпнуць. Аж, пэўна, не. Дык што ж нам цяпер — напралом? На злом галавы дзеля ахвіцэра? Не, тут кожны — сам за сябе.

— Рызыка павінна быць апраўданай, — глыбакадумна прашамкаў Эсэр.

Унутры ў паручніка штосьці пакутна напялася і разам аслабла, нешта ён ужо пачаў разумець. Ён слухаў іх моўчкі, адчуваючы, як ягоная разгубленасьць ператвараецца ў маўклівы нутраны гнеў. Ужо такога павароту ў іхным настроі ён не чакаў. Ці гэта ён прапанаваў ім тую рызыку? Ці ён угаворваў іх уцякаць? Ён толькі пагадзіўся, уступаючы іхнай волі, падмануўшыся на іхны давер. Яму тое ня танна далося, але ён перамог сябе, бо лічыў, што абавязаны. А яны наеліся і, нібы ракі, папаўзьлі назад. Але ён ня рак, ён гэтак хутка мяняць накірунак ня мог. Ён меў свае прынцыпы ў жыцьці, якія сёньня былі гэтак нахабна спляжаныя.

У камэры раптам настала пакутная напружаная цішыня, у якой важка і нават злавесна раздалося з-пад вакна:

— Скаты!

— Што? — падняўся і сеў на доле Блатняк. — Хто скаты?

— Вы! — кінуў забойца Маўчун.

— Вы чулі? Чаму гэта мы скаты?

— Трэба сьпярша падумаць, чым гаварыць, — пакрыўджана прашамкаў Эсэр.

Але Маўчун толькі аднойчы няспрытна варухнуўся ў шэрым сьвятле з вакна сваёй крутаплечай паставай і зноў схаваўся ў ценю — павярнуўся на другі бок.

— За ахвіцэра, ці што, заступаесься? — прыдзіраўся да яго Блатняк. — Дык ахвіцэр не крыўдуе. Праўда, ахвіцэр?

Паручнік ва ўпор, не маргнуўшы, паўзіраўся ў ягоны нахабны твар, і той, мабыць, нешта адчуў.

— Ахвіцэр ня згодны! — аб'явіў Блатняк. — Ён заадно з бандытам. Во дзьве контры!

— Мала, што скаты! Дык яшчэ й падлюгі, — з раптоўнай рашучасьцю сказаў паручнік, адчуўшы, як нешта назаўжды адразае ў сваім жыцьці. Паправіць ці перайначыцць што ўжо ня будзе магчымасьці, і ён пайшоў напралом.

— Ну во, я ж казаў! I гэты таксама — контра! А тыя сумняваюцца — гэтыя дурні з ЧК.