Выбрать главу

— Ідзі, закладзі! — сказаў паручнік.

— Ісьці нягожа, — зашмакаў Эсэр. — Але калі запытаюць, што ж… пакрываць ня трэба. Клясавы вораг! — пырскаючы сьлінкамі, крыкліва скончыў Эсэр. Перад ім спалохана ўскочыў на калені Стары.

— Ціха, ды ціха вы! Учуюць жа… Яны ж усіх нас…

Але ягоныя ўгаворы яшчэ болей злавалі разьюшанага Блатняка, які, ужо не стрымліваючыся, крычаў:

— Што ціха! Гэта ён хай ціха! Ён змоўшчык! А той бандыт! Яны ворагі! Яны сабраліся канвой душыць…

— Змоўкніце! Што ж вы робіце? Адумайцеся, — роспачна ўпрошваў Стары. Ды марна.

— А, і ты? I ты тожа за іх! I ты контра, за Бога, проціў рэвалюцыі…

I тады з-пад змрочнай сьцяны насупраць неяк марудна, бы перасільваючы сябе, падняўся Маўчун, босымі нагамі перажыргнуў выцягнутыя ў доле боты Эсэра. Ён яўна кіраваў кудысь — марудна, але з адчайнай рашучасьцю на чорным, аброслым шырокай барадой твары. I Блатняк, учуўшы нядобрае, віскліва закрычаў ля парога:

— Не падхадзі! Не падхадзі… Не падхадзі…

I задыхнуўся, захроп, як Маўчун вялізнаю рукой ушчаперыў яго за грудкі, згроб, пераламаў пасярэдзіне і паваліў пад сябе. Слабасільны Эсэр засьцярожліва адхіснуўся, стары вучыцель напружыўся ў нерашучасьці, і паручнік адчуў, што зараз здарыцца кепскае.

— Стой! — загадаў ён строга, як прывык загадваць салдатам. — Стой! Адставіць…

— Прыкончу, скаціна…

— Ня трэба. Адпусьці!

Іх крыкі і валтузьню ў камэры, мабыць, пачулі з калідора, там бразнуў замок, і рэзка расчыніліся дзьверы.

— В чом дзела? Што такое?

У дзьвярох стаялі двое чэкістаў, яны не пераступалі парог, але, мабыць, і без таго ўсё зразумелі.

— Устаць! Всем устаць!

Першы хуценька ўскочыў Эсэр, за ім з натугай падняўся Стары, падумаўшы, устаў паручнік. Маўчун у доле зь яўнай неахвотай выпусьціў з рук Блатняка і таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногі. Блатняк застаўся ляжаць, змусіўшы астатніх падумаць, што канае. Але раптам ён залямантаваў, перабіраючы нагамі ў стаптаных, з глінай на сподзе, гамашах:

— Ратуйце мяне ад яго, ратуйце! Ён бандыт, ён хацеў мяне задушыць. Каб я іх ня выдаў… Во бандыта і таго, ахвіцэра…

Гэта было жахліва, але паручнік ня вымавіў і слова. Ды і што тут можна было сказаць, чым запярэчыць? Ён толькі адчуў злосны дакор сабе — каму ён даверыўся? Тады было цёмна, ён нікога ня бачыў. Але ж чуў! I ці ён ня ведаў гэтых і да іх падобных людзей — з войска, з вайны, хоць бы зь пяхотнай роты, якой камандаваў. I гэта — за паўвядра пярлоўкі.

— Так, выхадзі! — коратка загадаў пярэдні чэкіст, плячысты чалавек у пакамечаным скураным картузе. З-за ягонай сьпіны выглядвалі двое, і паручнік зразумеў, што трэба ісьці.

Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калідор і спыніўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымі нагамі, няўклюдна вылазіў з камэры забойца Маўчун, і ў паручніка мільганула думка: «Трэба аддаць боты». Але ў той жа час яго штурханулі па калідоры, і ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкістаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля:

— Людзі, што ж гэта робіце, людзі!..

Стары і яшчэ нешта голасна гаманіў там, але паручнік ужо ня слухаў. Ён зь нясьцерпнаю горыччу думаў: трэба ж так памыліцца ў жыцьці! Вядома, ня першы раз. Ды, мабыць, апошні. Толькі гэта і суцяшала яго перад непазьбежным канцом.

Народныя мсьцiўцы

З поля да вёскі можна было ісьці па сьцежцы, уздоўж прасьцягу кукурузы, каб затым на аселіцы завярнуць да хаты. Але той шлях цяпер здаўся задоўгім, і Іван па мянушцы Снайпер рашуча павярнуў на палетак. Тым болей, што кукуруза тут выдалася дохлая, да калена даўгалыгаму Івану, як, зрэшты, і ўсюды ў іхным калгасе. Апроч хіба шнурка пад борам, уздоўж бальшака ў раён. Але пра той шнурок дужа дбалі і страшыня і брыгадзіры, — то быў шнур напаказ для начальства, якое зь вясны сноўдала па раёне з найбольшым цяперашнім клопатам — пра кукурузу. Ні пра жыта, ні пра ярыну, ні пра бульбу так ня дбалі, як пра гэтую кукурузу, якая, аднак, упарта не хацела радзіць на тутэйшых клятых падзолах.

Пра кукурузу дбалі, але скаціну кармілі ўсё ж сенам, хоць назапасіць яго на зіму было няпроста. Найперш не было дзе, усё паўзворвалі на пасевы, засталіся хіба што балацявіны ды хмызьнякі. Зранку Снайпер-Іван касіў сваю пайку ў кустах між пнёў і алешніку, ды між пнёў ня шмат што накосіш, хіба на пару-другую рэзгінаў, і ўсё. Адно што — намахаесься касой да болю ў плячах. А тут, як на ліха, скончылася курава, і Снайпер-Іван ледзьве датрываў да вечара. Як сонца пахілілася да лесу, плюнуў на тую нехуцавую пайку і з касой на плячы рушыў дадому. Памятаў, недзе ў кухвайцы павінны застацца распачаты пачак ягонай «Прымы».