Выбрать главу

Шоргаючы гумавікамі ў нізкарослым зарасьніку кукурузы, ён кіраваў цераз палетак наўкось і думаў, што кукуруза наўрад ці акрыяе да восені, каб хоць было што скасіць на сілас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло і ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Іван памятаў, як колісь бурчэў бацька, возячы сюды гной па вясьне: колькі яго ні вазі, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў іхны надзел, на якім падлетак Іван упершыню сьціснуў у даланях высьлізганыя ручкі плуга і правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахваліў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакінуць зямлю. Аж гаспадара з Івана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нікому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як і яе былы гаспадар. Бацьку ўзялі раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'і Івану найперш стала патрэбнай не скалектывізаваная зямля, а дровы, каб маці магла зварыць бульбу для траіх згаладнелых братоў і сястры, якія зранку сядзелі на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай ішоў у кустоўе, сек алешыны і па сьнезе цягаў іх на дрывотню, каб насеч дроваў і напаліць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамінаць, аж пакуль яго не паклікалі ў раён і не ўручылі паперку пра рэабілітацыю «за адсутнасьцю складу злачынства». Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў — за сьмерць бацькі, якая, як было напісана ў паперцы, наступіла ў сорак другім годзе «ад язвы страўніка». За тыя грошы Снайпер-Іван купіў новую кухвайку і бутэльку «маскоўскай». На абмыўку бацькавай памяці.

З аселіцы ён пералез цераз жардзіну ў плоце і апынуўся на сваім агародзе. Перш чым выправіцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка — ці няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбітага асколкам пасьля вайны ў шпіталі ўставілі шкляное. Але шкляное Снайпер-Іван не падабаў і ўстаўляў яго хіба як куды ехаў — ў раён ці да доктара на інвалідзкую камісію, куды спраўна выклікалі штогод. Каля дому абыходзіўся сваім апошнім, да якога прызвычаіўся за гады і бачыў навокал ня горш за двухвокіх. Хоць бы і цяпер — лёгка прыкмеціў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачніку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвіліну паўзіралася, пакуль ён падышоў бліжай. Мусіць, дзівілася, чаму ён так рана, калі ўсе іншыя мужыкі яшчэ шчыравалі на пайках.

— Што, ці скасіў?

— А нягож табе пакінуў?

— Усё?

— А што там касіць? Ацяробкі…

Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкі павесіў касу на вугал і пайшоў у сенцы, дзе на шуле вісела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кішэнях, але там было пуста, і тады ён успомніў, што два дні таму той пачак яны дакурылі ў Воўчым лагу, як выпівалі зь Ляплеўскім. З нагоды… Снайпер-Іван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў іх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, міліцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелі тады, ледзьве дабрылі да аселіцы, як ужо прыгналі з пашы кароў.

Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.

— Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, — лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна.

— Вусаў?

— Ну, Вусаў. Той самы!

— Да Касатага?

— А нягож…

Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..