— П'ем! — замест прывітаньня строга канстатаваў той.
— А што — нельга? — з выклікам азваўся Ляплеўскі. У ягоным паглядзе, аднак, мільгануў цень занепакоенасьці — ці мала што? Усё ж Ляплеўскі нядаўна ўступіў у партыю, чаго дамагаўся шмат гадоў, як, зрэшты, і Снайпер-Іван, таму зьявілася падстава асьцерагацца. — I табе можам наліць. Дубчык, дай шклянку.
Дубчык, нешта жуючы поўным ротам, не адразу пасунуў сваю пустую шклянку, у якую Ляплеўскі ашчадна адмерыў роўна палову. Затым трохі пляснуў у сваю.
— Во дакасілі, дык надумалі адмеціць, — сьціпла патлумачыў гаспадар.
Снайпер-Іван выпіў тыя паўшклянкі — адным спраўным глытком, заядаць нічым ня стаў, узяў са стала пачак «Прымы». Зацягнуўшыся пару разоў, расслаблена апусьціўся на вузлаватыя карані грушы, што вытыркаліся побач зь зямлі.
— А вы ведаеце, хто да Касатага прыехаў?
— Ну, а хто? Пляменьнік? У яго ж у Воршы племяшы жывуць, — спакойна зазначыў гаспадар, таксама закурваючы.
— Пляменьнікі!.. Вусаў, во хто прыехаў. Той самы. Чэкісты НКВД. Які твайго брата змыліў. I тваіх, Дубчык. А то — пляменьнікі…
За столікам ураз зьнерухомелі, Ляплеўскі на момант нібы праглынуў язык, а Дубчык нават перастаў жаваць.
— Гэта што ж яму трэба? — вымавіў нарэшце Ляплеўскі.
— А во нешта трэба. Можа, у свой час не дабраў?
— Дык не дабраў. Мы ж во засталіся.
— Мы дык засталіся. А колькі не засталося? У мяне — бацька. У цябе брат. Такі слаўны дзяцюк быў, граматны чалавек, усё вучыўся, вучыўся. I парцейны. У яго вунь, — Снайпер кіўнуў на Дубчыка, які амаль са спалохам на дзіцячым твары нерухома сядзеў, адхінуўшыся да бёрнаў сьцяны. — У яго во, лічы, уся сям'я ляснула.
— Бацька, — тонкім голасам сьціпла ўдакладніў Дубчык.
— Бацьку ўзялі. А матка памерла. Чаму памерла — ня знаеш? Бо надарвалася, адна з кучай малых. Ты во добра — старэйшы. А трое малых тваіх дзе?
— Пад крыжамі…
— Во, пад крыжамі. Бо з голаду дайшлі. Помню, як жабравалі. Малыя. Па вёсках. Праўда, малым хоць давалі…
— Жабравалі, — паныла пагадзіўся Дубчык.
— Дык рэабіліціравалі, — уставіў сваё Ляплеўскі і завучана бадзёрым тонам дадаў, як усім вядомае: — Парція дапусьціла памылкі, яна іх і выправіла.
— Што? Выправіла? — настырчыўся Снайпер-Іван. — Па шэсьцьсот пяцьдзясят рублёў заплаціла? За чалавечую душу. Гэта кампэнсацыя?
— Гэта — адчэпнае, — ціха ўдакладніў Ляплеўскі.
— Вот іменна — адчэпнае. Каб адчапіцца ад людзей.
— Але ж ты ўзяў? I ён во ўзяў, — кіўнуў Ляплеўскі на змарнелага пад сьцяной суседа.
— А то — ня ўзяць? Ты ня ўзяў?
— Мне не плацілі. За брата не паложана, — сказаў Ляплеўскі.
— А я ўзяў. Бо паложана. Па закону. Я на тыя грошы кухвайку купіў.
— Ты купіў кухвайку, а Дубчык — паўлітру.
— Не, тры бутэлькі купіў.
— Ну во, аж тры бутэлькі. I ўсё прапілі. Дык ці варта было плаціць тую кампэнсацыю. Вы ж усё роўна ў райфо вярнулі. I кухвайку прап'еш, — сказаў ён і каротка задаволена рагатнуў, пазіраючы на Снайпера-Івана, які ніякавата ёрзаў на мулкіх каранях.
— А што, болей няма? — іншым тонам папытаўся той пасьля нядоўгай паўзы.
— Не, болей няма. Скончылася, — паказаў гаспадар пустую бутэльку. — Хіба ў Дубчыка…
— Была ў сабакі хата! — безнадзейна заключыў Снайпер-Іван. — Пайду да Бараніхі схаджу.
У Бараніхі павінна штось быць — ці якая бутэлька самагонкі, ці хоць бы кіслага балгарскага віна, якое нікому не падабалася, бо слабое і добра ня вып'еш. Але, калі не было іншага, пілі, хіба толькі меней. Бо, казалі, віно — не гарэлка, многа ня вып'еш.
— Дык нам чакаць ці што? — папытаўся Ляплеўскі.
— Чакайце, — няпэўна азваўся Снайпер-Іван ужо з панадворку.
Ляплеўскі з Дубчыкам засталіся, дзе сядзелі. Абое курылі і, ня маючы вялікай ахвоты размаўляць, думалі кожны на свой лад. Ляплеўскі, хоць і ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскі, зь вяскоўцамі размаўляў мала. Па-першае, шмат з кім тое было нецікава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабіў хіба што за сталом ці за бутэлькай, калі інакш было неяк. Іншая справа выпіць. Але шкада, што выпіваць нельга было моўчкі, прыходзілася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асабліва ў вялікіх кампаніях. Ды й сам-насам таксама, бо не было ніякай гарантыі, што сабутэльнік — не падасланы сексот. Вось трохі выпілі з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Іван, і Ляплеўскі адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавіць, ня Снайпер-Іван, як навіна, якую той толькі што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася іначай, а на хмельную Ляплеўскі рабіўся надта чульлівы: старыя крыўды нечакана ажывалі ў ягоных пачуцьцях і рабіліся амаль неадольнымі. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш — глядзі ты, не баіцца нічога, калі ў такую пару завітаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана і людзьмі, і ўладай. На што разьлічвае чалавек, якога тут дзясяткі гадоў пракліналі вяскоўцы, які пакалечыў шмат якіх сем'яў, панішчыў нямала людзей?