Ляплеўскі ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, які першы зь сям'і некалі выбіўся ў людзі і цягнуў за сабой астатніх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўніцкі інстытут у Воршы, дзе рабіў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, карміў, апранаў і выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камуністычным духу, як і належала сьвядомаму камуністу-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала ні харчоў, ні часу, і Сяргей кожны раз, як выходзіла якая пастанова ЦК партыі, раіў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую літаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, ініцыятыўна і сьмела паводзіць сябе зь сябрамі, не губляючы, аднак, клясавай пільнасьці. Тое ня надта давалася ціхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У інстытуце быў членам бюро камсамола, агітатарам, здаў нормы на значкі ГТО, ГСО, «Варашьшаўскі стралок». Разы два яго ўжо выклікалі на бяседу ў органы, здаецца, мелі штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў.
Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькі ён заснуў, змораны над канспэктамі «Кароткага курсу ВКП(б)», як у шыбіну пастукалі. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы маці з дрывамі, ну, і прыхапіць сёе-тое з харчу для двух гарадзкіх сыноў. Ляплеўскі адчыніў, у каморку ўвалілася чалавек шэсьць энкавэдэшнікаў, паднялі Сяргееву жонку з грудным дзіцём, запатрабавалі гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. «Где он, говори быстро!» — запатрабаваў галоўны чэкіст з кароткімі вусікамі пад носам-бульбінай. Некалькі часу Ляплеўскі вагаўся, гадаючы, казаць праўду, ці схлусіць. Але не стрываў і сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго і ўзялі. Але ўжо ня той з вусікамі, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў.
Пасьля шэраг гадоў да вайны і пасьля Ляплеўскі каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць іх у Віцебск ці ў Менск, — хай бы шукалі, трацілі час. А самому як-небудзь папярэдзіць брата, можа б і ўратаваўся, калі б зьехалі куды далей. Як гэта некаторыя рабілі тады. Але што было б самому, калі б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьціў брату, бо той зьнік невядома дзе; калі жыў, дык, мабыць, яго кармілі. Як было жыць яму — выключанаму з інстытуту, без жыльля, без прапіскі, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькіх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах і садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткі і нейкі заробак, які даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапіў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблі ў Нямеччыну на Рурскія шахты… А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фінскую, вучыўся завочна і толькі тры гады таму выбіўся ў настаўнікі.
А летась нават прынялі ў партыю.
Ляплеўскі ўстаў ад століка, усё курачы, падышоў да плоту. Сонца ўжо закацілася за лясныя нетры, з алешніку за бульбяным палеткам насоўваўся вечаровы прыцемак, мацней запахла бульбоўнікам, прыемна павеяла дымком з суседняга коміну. Плечы ў лёгкай сарочцы ўжо ахінула вільготная сьвежасьць. Трэба схадзіць у хату ды надзець пінжак, але гаспадар бавіў час, чакаў пасланца па дабаўку. Дубчык у заношанай шэрай сьвітцы таксама цярпліва чакаў, падпіраючы худымі плячамі цеплаватыя бёрны сьцяны.
— Дубчык, у цябе хоць з радні хто застаўся?
— Ды няма нікога.
— А сястра старэйшая? Клаўдзіяй, здаецца, звалі?
— Дык памерла.
— А малодшая?
— Тожа памерла.
— А Кандрусёва старэйшы сын. Ён жа табе дваюродным братам даводзіўся?
— Таго ў вайну забілі.
— Дык што ж ты — адзін?
— Ну, — ціха азваўся Дубчык.
Дубчык і сапраўды жыў бабылём, адзін у старой хаце, скаціны ніякай ня меў, не трымаў нават курыцы, рабіў у калгасе па спэцыяльнасьці «куды пашлюць», еў, дзе што дадуць. Піў, колькі нальюць, паводзіў сябе ціхмана і непрыкметна. Калі дзе перабіраў, дык там і засынаў — хоць на лаўцы ў хаце, хоць пад кустом у полі. Мужыкі яго недалюбвалі за недаросласьць, а болей за схільнасьць да дармаўшчыны — у кураве ці выпіўцы; бабы ж нават любілі — за безадмоўнасьць. Калі дзе што трэба было з мужчынскае працы — напілаваць дроваў, узьлезьці на страху да коміна ці выкапаць магілу нябожчыку, найперш клікалі Дубчыка. I той рабіў. Пра плату не пытаўся ніколі, ды яму рэдка і плацілі, — звычайна давалі на бутэльку ці самую бутэльку, якую Дубчык тут жа і выпіваў — з выпадковым сабутэльнікам. Але і сам пры выпадку не пудлаваў, калі у каго пасьпявала выпіўка. На тое ён меў адмысловы нюх і свайго не ўпускаў ніколі.