Выбрать главу

Празь якіх паўгадзіны на падворку паявіўся Снайпер-Іван, за ім нетаропка ступаў Саўчанка, які моўчкі дастаў з кішэняў пінжака дзьве паўлітры, з важнасьцю паставіў на стол.

— Ого! — міжволі вырвалася ў гаспадара.

— Вось табе і ого! — перадражніў яго Снайпер-Іван. — Дубчык, а ну, давай, нарві цыбулі. I гэта — хлеба! Што ў цябе, вучыцель, хлеба няма?

— Хлеб ёсьць. Зараз…

— Дык налівай!

Пакуль гаспадар хадзіў у хату, шукаў хлеб і надзяваў пінжак, Снайпер-Іван з Саўчанкам налілі па шклянцы і выпілі. Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулі. Затым настала іхная з гаспадаром чарга выпіць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося няшмат.

Выпіваць зручна было і стоячы, але каб курыць, мабыць, трэба было сесьці. На гэты раз за столікам уладкаваліся Снайпер-Іван з Саўчанкам, гаспадар прымасьціўся пад грушай, а Дубчык на водшыбе ля вугла, на краі падмурку. Ён не курыў і ў гутарцы амаль ня ўдзельнічаў. Так, калі запытаюць, адкажа. Але цяпер у яго ні пра што не пыталіся, трое дбалі аб сваім, і Снайпер-Іван усё ня мог супакоіцца.

— Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго забыліся. Не, я яму, падлу, таго не дарую…

— А што ты яму зробіш? — спакойна запытаўся Ляплеўскі. — Солі на хвост насыплеш?

— Ды ўжо адпомшчу, сабаку.

— Як? У газэтку напішаш? — зьедліва дапытваўся Ляплеўскі. — Вунь адзін напісаў, дык з партыі выключылі. За паклёп!

— Не, я пісаць ня буду! Я яго заб'ю! — нечакана для сябе вырашыў Снайпер-Іван. — А што? Што так гледзіцё?

— Такі рашучы! Глядзі, каб штаны ня ўпалі.

— А і праўда, — стрымана азваўся Саўчанка. — Такому адпомсьціць — ня грэх. Было ў Сібіры, аднога вертухая да кедра ў тайзе прывязалі. Празь месяц знайшлі — адзін шкілет. Камары заелі.

— Ага, то ў Сібіры! — з зайздрасьцю вымавіў Снайпер-Іван. — А тут дзе прывяжаш? Свае ж і адвяжуць. Каторыя сексоты.

— Ня ўсе ж сексоты, — ціха зазначыў Ляплеўскі.

— Хапае. I ў нас таксама.

Ляплеўскі не запярэчыў, толькі прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскі заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека ці яе блізкі сыгнал. Тое, што некалі пасобіла яму ў жыцьці, дало магчымасьць скончыць інстытут і нават уступіць у партыю, цяпер вельмі проста магло ўсё спляжыць. Настала іншая пара, пачалася новая палітыка, і невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да інстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць і адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна і неспакойна. Нарабіў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькі з кукурузай…

Спакваля зусім зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод і падворак, накрыў дрэвы і дахі. Усё навокал сьціхла, стаілася насустрач летняй кароткай начы. Толькі пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпітых людзей, ды мільгалі ў змроку чырвоныя агеньчыкі цыгарэтаў. Адзін, выгнуўшы крутую дугу, зьнік у гародзе за плотам. Снайпер-Іван са злосным мацюгом вырашыў:

— Годзе піць! Мальцы мы ці засранцы! Гайда помсьціць!

— Яшчэ бутэлька засталася, — напомніў Ляплеўскі.

— Тады налівай! Але па апошняй. Вунь Дубчыку, а то ён мала выпіў.

— Ды выпіў я. Можа, годзе? — няпэўна азваўся Дубчык, аднак, пасоўваючыся бліжэй да стала.

— Выпі. I ты, сусед, выпі, — запрапанаваў Снайпер-Іван Саўчанку. — Там, брат, сіла спатрэбіцца.

— Ад гарэлкі сіла? — усумніўся Саўчанка.

— А ты думаеш — не? Выпіўшы заўжды дужэйшы за цьвярозага. Навука гаворыць, чытаў.

— Але ноччу нядобра. Нібы бандыты, — сказаў Ляплеўскі. Яму, пэўна, ня надта хацелася лезьці ў даволі сумнеўную справу, ды ён ня мог устаяць ад напору Снайпера-Івана.

— Нам, значыць, па начы нельга? Ага? А ім дык было лацьвей. Заўжды ноччу шчыравалі, каб сьведкаў не было. Я ж памятаю, мне ішоў пятнаццаты год. Прыехалі трох: гэты Вусаў і зь ім яшчэ два міліцыянты. Касаты — за панятога. Паднялі ўсіх апоўначы, толькі заснулі. Бацька якраз пастаўкі вазіў на станцыю, прыехаў азяблы, змораны, толькі чуні разуў, анучы ля грубкі разьвесіў. Уставай, ты арыштаваны. I вобыск. Усё перавярнулі, у дзежку з капустай шампалом шпыралі — контррэвалюцыю мацалі. Польскі шпіён! А я, панімаеш, ня дужа й спалохаўся, бо ведаю ж: не шпіён, мяне яны ня возьмуць. Чаму так думаў, дурань безгаловы? Вунь жа вас, Саўчанка, усіх пабралі, табе ж таксама было няшмат гадоў…