Выбрать главу

— Я гэта — па тапор зьбегаю, — ціха прапанаваў Дубчык.

— Давай, толькі хутка. А, ядры яго зьвер, — няўжо сьвітае?

— Аднак сьвітае, — пагадзіўся Саўчанка. — А ў мяне ў Кутах яшчэ пайка ня скошаная…

— Скосіш, пасьпееш! Ат, матары яго, давай разьлівай, дап'ем, і годзе, — раптам вырашыў Снайпер-Іван. — А то… Сумленьне не дазваляе.

— Не дазваляе. Сумленьне — яно тонкая рэч, — пагадзіўся Ляплеўскі, ужо бразгаючы бутэлькай аб пустую шклянку.

— Мне годзе, — сказаў Саўчанка.

— Годзе, дык годзе, — ахвотна пагадзіўся разьлівака.

— Нам болей дастанецца. Ага, вучыцель? — падхапіў Снайпер.

— Я ўжо пас!

— Што так? Ці брата не шкада? Я ж твайго Сяргея во як учора помню. Граматны мужык быў.

— Да, граматны.

— I дужа парцейны. Тожа ў калгас заганяў, — сказаў Саўчанка.

— Што ж, такая палітыка была.

— Ну, і яго загналі. Каб ня крыўдна было, — зноў зь нейкім намёкам сказаў Саўчанка.

— Каму ня крыўдна? — зьдзівіўся Ляплеўскі.

Усё ж яны добра выпілі, і думкі ў іхных галовах роіліся густа, блыталіся словы, што ня ў лад з думкамі ішлі зь языка.

— А ўсім — і камуністам, і беспартыйным, — няпэўна тлумачыў Саўчанка.

— Мой брат быў чэсны бальшавік, — пачынаў злаваць Ляплеўскі. — Гэта яго энкавэдэшнікі згубілі.

— Ён тут дваццаць чалавек згубіў, — удакладніў Снайпер-Іван, маючы на ўвазе Вусава. — I яшчэ мае нахабства сюды прыяжджаць на госьці. Ці ня ведае, што ўсіх рэабілітавалі?

— А, можа, ён мяркуе, што рэабілітавалі няправільна. Інакш гэта ж — брак у рабоце, — сказаў Саўчанка.

— Мы яму пакажам брак! Я яму самалічна чарапок раскрою! — лютаваў Снайпер-Іван, ускочыўшы з-за стала. Але ўпаў, зачапіўшыся гумавікамі за траву, зноў з натугай ускараскаўся на ногі. У той час з пашарэлага падворку сунуўся Дубчык зь сякерай у руках, якую ў яго адразу выхапіў Снайпер.

— Во гэтай сякерай галаву зьнясу!

Наглядна дэманструючы астатнім, як ён зробіць гэта, Снайпер-Іван шырока замахнуўся ў паветры, і сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе.

— Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай!

Дубчык моўчкі палез у гарод, поўзаў там пад плотам і ў градках, але знайсьці ня мог. Тады Снайпер-Іван выламаў бліжні кол з плоту, адкінуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў.

— Пайшлі!

Ён быў ужо на добрым падпітку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнія, відаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталі разумець сур'ёзнасьць сытуацыі і не адразу кінуліся за самазваным камандзірам. Хоць і не стрымлівалі яго. Першым з гатоўнасьцю скіраваў за Снайперам-Іванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскі спрабаваў нешта намацаць на газэціне, ды кінуў і таксама падаўся сьледам за ўсімі.

— Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!

Яны выйшлі з падворку на пустэльную ранішнюю вуліцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацілася з-за лесу, але навокал было ўжо добра відаць. Недзе ў хляве паблізу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вуліцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак і прыхапіў навостраную зьвечара касу — прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвілася сівая каза Бараніхі, яна толькі азірнулася на мужыкоў і працягвала сваю традыцыйную справу. Бараніхі паблізу не было відаць, затое ў сваім двары Снайпер-Іван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калі гаспадар дзе-небудзь бавіўся, і цяпер стаяла ў варотцах.

— Куды гэта вы?

Снайпер-Іван зрабіў выгляд, што ня бачыць жонкі і важна пратупаў міма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да іншых.

— Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?

— Чакістага біць, — не адразу патлумачыў Дубчык.

— Ай, Божа, здурнелі, ці што! Жонка зусім выскачыла з варотцаў на вуліцу і аж залемантавала ў прадчуваньні хуткага злачынства.

— Спыніцеся, не чапайце яго! Не рабіце таго, вы сябе пагубіце, не хадзіце туды!

— Ціха, цётка! — прыкрыкнуў на яе Ляплеўскі.

Жанчына засталася ззаду, а болей іх ніхто не спыняў, і яны ня надта хуткай хадою ішлі па вуліцы.

Сядзіба Касатага была на канцы вёскі, і чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валакліся туды. Імі кіравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквітацца. Ляплеўскі трымаўся трохі ў баку ад Снайпера-Івана, ягонай рашучасьці на вуліцы пачало бракаваць. Хоць ён і быў ня меней за іншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку іхнай задумы, асабліва яе наступствы. Мусіць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, і ён ішоў разам з усімі — цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сілу свае праваты і гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асабліва калі разам з мальцамі, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Іванам.