Выбрать главу

Так яны прывалакліся нарэшце ў канец вёскі. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзібы Касатага з вуліцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткі завулак. Прайсьці ў той завулак мальцы чамусь асьцерагаліся. Снайпер-Іван спыніўся, за ім спыніліся астатнія.

— А калі ён з нагана праз вакно… — сказаў Ляплеўскі.

Усе на хвіліну змоўклі, прыслухоўваючыся, але ні на падворку, ні ў хаце нічога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьціны, мусіць, там яшчэ спалі.

— Я ж казаў: трэба было ўначы, — сказаў Снайпер-Іван.

— Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, — патлумачыў Саўчанка.

Снайпер-Іван пагадзіўся:

— Правільна! Бы пры шашы ў засадзе.

Яны адышліся на другі бок пыльнай дарогі і спыніліся ля канавы. Нядоўгая вулічная праходка, падобна, стаміла іх пасьля бяссоннае ночы, і Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За ім на дробную, запэцканую курамі траўку апусьціліся Снайпер-Іван і астатнія. Побач Снайпер паклаў інструмэнт забойства — кол.

— Я яму як урэжу! — гразіўся ён. — А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьці. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсію… А закурыць? Ці ёсьць у каго закурыць?

Усе, аднак, маўчалі, здаецца, курава ні ў кога не было. Тады Снайпер-Іван вылаяўся і сьціх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабіць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава ці яшчэ што.

З-за саламяных і шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нізкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла заціснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калі б яны зьдзейсьнілі тое, на што наважыліся, яму была б палёгка. Толькі во гэты Снайпер… Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзіра-завадатара, і ўсё болей стаў пазіраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявілася з касой раньняя кабета Бараніха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзіраючыся з-пад рукі на іхную купку на выгане. Яна ішла касіць пайку, тым напомніўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, і ён затурбаваўся:

— Ну, дзе ён там? Мне тожа касіць трэба.

— Ды чакай ты! У Сібіры не накасіўся! — груба папракнуў яго Снайпер-Іван. — Заб'ем, тады і скосіш.

Яны і яшчэ пасядзелі моўчкі. Напружана ўзіраючыся ў ненавісны падворак, які працягваў мірна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, і ўначы. Але пачынаўся дзень, і ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалі людзей. За парканамі суседніх падворкаў замільгалі жаночыя хусткі — гаспадыні распачыналі ранішнюю дойку, выглядвалі на вуліцу, калі пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволі набліжалася памаўзьлівая Баранішына каза. За ёй паявіліся на вуліцы тры хлапчукі, — зь цікаўнасьці да таго, што тут мела адбыцца. Паселі непадалёк пад плотам, моўчкі пазіраючы на мужчын.

— Ну, што ён там так доўга! — занепакоіўся і Ляплеўскі. — Хіба дняваць будзе?

— А можа, ён агародамі? Струсіць — па вуліцы, — памеркаваў Саўчанка.

— Дагонім! I ногі паламаем.

— Ну-ну.

Яшчэ пасядзелі колькі часу. Нарэшце, Саўчанка ўстаў з канавы.

— Ды ну яго ў дупу! Пайду касіць…

— Дрэйфіш? — злосна прыжмурыў адзінае вока Снайпер-Іван.

Не адказаўшы, Саўчанка ўскінуў на плячо касавільна і спорна пакрочыў краем вуліцы. Астатнія яшчэ болей апанурыліся, ужо амаль безнадзейна азіраючы абгароджаную сядзібу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Іван стомлена адкінуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгія ногі ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавіках. Трохі паляжаўшы, успомніў:

— Ляплеўскі, а там не засталося?

Ляплеўскі, што сядзеў побач, ленавата павярнуў да яго лысаватую галаву.

— Адкуль…

— Ты не цямні. Павінна застацца. У бутэльцы. Дубчык, а ну зьбегай. А то знаеш, — галава расколваецца.

Дубчык паслухмяна ўстаў і моўчкі патэпаў вуліцай у другі канец вёскі, дзе нешта павінна было застацца. Снайпер-Іван трохі пасядзеў яшчэ, але ягоная галава ўсё болей хілілася на грудзі, чалавека агортвала стома, і ён пляцнуўся плячмі на траву.