Выбрать главу

— Дык што ж цяпер мы — удвох? — няпэўна запытаўся Ляплеўскі.

Снайпер-Іван не адказаў. Калупаючы травіной у зубах, Ляплеўскі зірнуў на яго зьверху і зразумеў: іхны завадатар спаў.

— Ну во — дачакаліся!

Ён, аднак, працягваў сачыць за падворкам насупраць, ды там нічога пакуль не мянялася. Памаўзьлівая каза, між тым, ужо наблізілася да іх па канаве, недаўменна ўзьняла ад травы галаву і ўставілася на двух мужыкоў, што заміналі ёй пасьвіцца на яе звыклым шляху. Ляплеўскі замахаў рукой «Пайшла прэч!», ды марна: каза й ня думала саступаць. Хлапчукі насупраць засьмяяліся, мабыць, ім стала цікава ўбычыць, як настаўнік будзе адганяць бадлівую казу. Ён хацеў устаць і, як мае быць, шугануць яе, ды раптам на падворку Касатага ўбачыў людзей. Ну, вядома, адзін у кухвайцы, згорблены і белагаловы, — то быў сам галоўны вясковы сексот, побач ягоная баба, а сьпінаю да вуліцы стаяў мажны плячысты мужчына ў чорным пінжаку, з партфэлем у руках. Яны разьвіталіся. Парукаўшыся, госьць лёгкім жэстам дакрануўся да сьветлага капелюша на галаве і, азірнуўшыся, пайшоў да вуліцы.

— Іван! Іван! — Ляплеўскі штурхануў у бок таварыша. — Ідзе! Ён ідзе!

Снайпер-Іван толькі прамармытаў нешта і вальней выпрастаўся ў канаве. Ад прыкрасьці Ляплеўскі вылаяўся, ня ведаючы, што рабіць. Вусаў ужо згледзеў іх тут, за дарогай, і Ляплеўскаму здалося, зараз паверне назад — можа, на агароды…

Аднак Вусаў не павярнуў на агароды, толькі на момант замарудзіў хаду, выходзячы з завулка, і зараз жа даволі ўпэўнена скіраваў упоперак, цераз дарогу. Несумненна, да іх. Ад нечаканасьці Ляплеўскі марудна падняўся на ногі, паспрабаваў зашпіліць пінжак, ды пальцы чамусьці не маглі намацаць гузік. Ён ня мог адарваць позірку ад рослае постаці чэкіста, яго цьвёрдага, рашучага твару, караценькага гальштука на грудзях і — асабліва — ад стракатых радкоў ягоных узнагародаў на левай грудзіне. «Як у маршала», — мільганула недарэчная думка ў разварушанай сьвядомасьці настаўніка.

— Здарова, вучыцель! — бадзёра павітаўся Вусаў. — На касьбу сабраліся?

— Ды не, знаеце, — штось выціснуў зь сябе Ляплеўскі.

— А то хто? — кіўнуў Вусаў на распластаную постаць Снайпера-Івана.

— Ды так. Сусед…

— Ну, а как жысьць?

— Ды нічога.

Вусаў узіраўся яму проста ў твар, і ў тым позірку не было ні варожасьці, ні насьцярогі, адна спакойная ўпэўненасьць бязгрэшнага праведніка. Зьбянтэжаны Ляплеўскі ня мог даўмецца, як яму паводзіць сябе. Снайпер-Іван ляжаў, бы нежывы, а што ён мог адзін? Ды й наогул, ці варта было што рабіць? Упэўненасьць чэкіста абяззбройвала, і Ляплеўскі толькі ўнутрана ўсьміхнуўся зь нядаўняй свае рашучасьці. А яны яшчэ турбаваліся, дурні, каб гэты чалавек куды ня зьбег агародамі. Нашто яму куды бегчы?

— Я в курсе, — сказаў Вусаў, усё сьвідруючы сваім валявым позіркам. — Всех реабіліціравалі, выплацілі дзеньгі…

— Дзякуй, — нечакана выціснуў зь сябе Ляплеўскі.

— Галоўнае цяпер — не азлобіцца. Работаць, работаць нада! Для страны, для народа, для парціі…

— Ведама ж, партыя…

— Правільна! Парція ўсягда права! Чалавек можа ашыбацца, парція — нікагда. Ну, вучыцель, жалаю усьпеха.

Ён падаў на разьвітаньне руку, і Ляплеўскі, бы да агіднай жабы, слаба дакрануўся да яе. Затым хвіліну пазіраў усьлед яго мажнай, крутаплечай постаці, як ён усё далей ішоў па вуліцы, абмінаючы ссохлыя і сьвежыя каровіны лепяхі ў доле, і ня ведаў, што рабіць. Нават, што думаць. Са спазьнелаю злосьцю зірнуў на распластанага за канавай Снайпера, пад нагамі якога валяўся сухі кол з гнілым абламаным канцом.

Пасьля вылаяўся і паплёўся да свайго падворку.

Бедныя людзi

«Ня бойся госьця, які сядзіць, а бойся таго, што стаіць», — гэтая прыказка разоў колькі прыходзіла ў галаву гаспадара, пакуль ён стаяў каля дзьвярэй кватэры, праводзячы спазьнелага госьця. Ужо яны разы тры паручкаліся, і гаспадар разы тры памыкаўся расчыніць дзьверы, а госьць усё ня мог скончыць думку, а як сканчаў, тут жа за яе чаплялася наступная, ня меней абавязковая або цікавая. Выглядаў ён на прыкметным падпітку, хоць яны выпілі якіх па тры кілішкі пад каву, відаць было — чалавек у пэўным узрушэньні, гаварыў з эмоцыямі і быццам шчыра, нават узьнёсла, прыпыніць яго ў гаспадара не хапала рашучасьці.

— Паверце, мы як пачулі, дык унутры бы перавярнулася што. Жонка кажа: ты павінен тэлефанаваць, падтрымаць чалавека, усё ж несправядлівасьць жахлівая, як так можна ў наш час?

— Што ж… Значыць, можна, — вяла пагаджаўся прафэсар Скварыш, думаючы аб адным — як бы скончыць размову.