Выбрать главу

— Ну. I галоўнае — усе маўчаць. I на катэдры, і ў друку. А ў вас жа столькі вучняў! Адных асьпірантаў…

— Што рабіць…

— Во я й думаю: пад'еду вечарком, як пацямнее. Дык вы ўжо не крыўдуйце, што не патэлефанаваўшы…

— Ды не, нічога…

— Ага. Бо патэлефануеш — самі разумееце… Што цяпер скажаш па тэлефоне?..

Ці не ў чацьверты раз паціснуўшы гаспадарову руку, госьць урэшце пераступіў парог, і Скварыш зь вялікай палёгкай зачыніў за ім дзьверы. У душы прафэсара была мешаніна пачуцьцяў — прыкрасьць ад гэтага запозьненага візыту блыталася з удзячнасьцю за словы, здаецца, поўныя шчырага спачуваньня. Усё ж падобна было, што Красьнянскі гаварыў шчыра, сапраўды хацеў суцешыць яго і абураўся на несправядлівасьць улады. Але вось поўнай задаволенасьці ад таго не было, штось перашкаджала, муляла, утварала нутраны дыскамфорт ад усёй гэтай сустрэчы.

Застаўшыся адзін, Скварыш выключыў верхні сьвяцільнік у вітальні, вярнуўся ў кабінэт, дзе на нізенькім століку пры канапе стаялі два кубкі зь недапітай кавай, паўбутэлькі «Белага аіста». Скварыш усё перажываў сустрэчу. Красьнянскі ня быў ягоным любімым асьпірантам, не вылучаўся ні асаблівымі здольнасьцямі, ні біяграфіяй. Наогул, пра яго Скварыш ведаў няшмат — ну, нарадзіўся недзе на Палесьсі, ці не на Тураўшчыне, служыў у войску, працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, скончыў вечаровую школу. У асьпірантуру прыйшоў не з камсамолу і, здаецца, без валасатай рукі. Жонку ягоную ён бачыў аднойчы, як у выхадны спаткаў на праспэкце ўсю іх сямейку з дачушкай, — так, нішто сабе, хоць і не прыгажуня, але даволі мілавідная маладая асоба. Ішлі, елі марожанае, жонка ветліва, нават трохі лісьліва павіталася, мабыць, Красьнянскі пасьпеў ёй шапнуць, што гэты цельпукаваты таўстун з партфэлем і ёсьць ягоны навуковы кіраўнік дысэртацыі. За апошнія гады праз Скварышавы рукі прайшло іх нямала, будучых кандыдатаў навук; былі здольныя, былі так сабе, трапляліся й ня надта. Адносіны зь імі Скварыш стараўся захоўваць з усімі роўныя — і са здольнымі, і з тымі, што ня надта, нікога асабліва не вылучаючы ні ў якім сэнсе. Тыя, што абараніліся, «аступеніліся», неяк паволі аддзяляліся, ішлі ў сваё жыцьцё. Іншыя ад'яжджалі ў блізкія ці далёкія гарады, дзе знаходзілі працу, сьпярша пісалі, часам тэлефанавалі, прысылалі паштоўкі зь віншаваньнямі пад рэвалюцыйныя сьвяты. Але з часам тыя сувязі глухлі, засыхалі, патрэба ў зносінах меншала, пакуль не зьнікала зусім. Мусіць, так было б і з Красьнянскім, калі б з навуковым кіраўніком яго ня здарылася няшчасьце. Самае страшнае няшчасьце, горш за якое можа быць толькі калецтва ці сьмерць. Ды тое й была сьмерць — хіба не фізычная — грамадзянская. Але ад яе нядоўга дайсьці і да фізычнай, Скварыш адчуваў гэта пэўна.

Верхняе сьвятло з кабінэта праз расчыненыя дзьверы падала ў вітальню і часткай у большую залю, дзе касой плямай ляжала на стракатым дыване, мякка ступаючы па якім, Скварыш прайшоў да цёмнага вакна, паўзіраўся праз шыбіны на падворак. Унізе пад цёмнымі кронамі таполяў слаба адсьвечваў асфальт падворка ад адзінае лямпы ліхтара, бялелі вярхі некалькіх аўтамабіляў, прыткнутых нанач адзін за адным да бардзюра. Ён ведаў гэтыя аўтамабілі — два белыя «Жыгулі», жоўты, зачуханы «Запарожац» і новая «Волга», што належала нядаўняму адстаўніку палкоўніку. Часам там паяўляліся і незнаёмыя машыны — стаялі нейкі час і зьнікалі, калі-нікалі заставаліся на ноч, калі хто прыяжджаў на госьці да сваякоў у гэтым вялікім доме. Цяпер чужых аўтамабіляў, здаецца, не было відаць, не было і «Волгі» — мабыць, палкоўнік начуе на дачы. Скварышава жонка з унукамі таксама ўчора зьехала на дачу, а ён застаўся на гарадзкой кватэры, сказаў, ёсьць справа. Хоць справы ў яго не было ніякай, проста хацелася пабыць аднаму, на адзіноце са сваёй бядой. Ды во гэты візыт, які заняў увесь вечар і дашчэнту разбурыў ягонае адчуваньне адзіноты. Зрэшты, можа, і добра, што разбурыў, бо адзінота зь нейкай пары таксама ня стала паратункам, як не было ім і шматлюдзьдзе. Для прафэсара наставала пара, калі людзей ля яго ўсё меншала, а часам тыя і зусім зьнікалі, асабліва зь ліку сяброў, калегаў; адзінота вакол яго ўпарта шырылася, абкладвала яго тоўстым глухім пухіром. Тое было нязвыкла, нават палохала, і ён ня ведаў, як лепш — дома безь людзей ці дзе на людзях ня дома.

Тое, што не было чужых аўтамабіляў унізе, трохі яго супакоіла, хоць, падумаў ён, машына магла ўжо і ад'ехаць, пакуль ён разьвітваўся з Красьнянскім. Але калі той не патэлефанаваў папярэдне, яны маглі і зяўнуць. А можа, яны ўладкаваліся дзе ў іншым месцы, далей на падворку, дзе цень ад таполяў быў гусьцейшы, а сьвятло ліхтара не дасягала далёка. Неяк вясной Скварыш выйшаў з кватэры прайсьціся перад сном, вечар быў слаўны, ён далекавата зайшоў у задуме — аж за будоўлю на суседняй вуліцы, і вяртаўся наўпрасткі, задворкамі. I ў канцы падворка натрапіў на незнаёмую машыну, звычайныя шэрага колеру «Жыгулі», і, мабыць, прамінуў бы яе ў прыцемку, калі б адтуль не пачуўся ціхі прыглушаны голас: «Аб'ект удаліўся на той бок, спыняю назіраньне». Скварыш пахаладнеў, зразумеўшы ўсё, і хуценька пайшоў прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Збоку, блізка за газонамі сьвяціліся дзясяткі вокнаў зь фіранкамі, безь фіранак, і нават адчыненых у гэты пагодны вечар, нехта там, мабыць, і не здагадваўся, што яго падслухоўваюць. Ды й як здагадаесься?