Скварыш ня стаў тузаць штору, занавешваць вакно, так было зручней — яго тут, у змроку, не маглі бачыць знадворку, ён жа што-колечы бачыў. У расплывістай пляме сьвятла пад ліхтаром нячутна сьлізганула жаночая постаць з сумкай, павярнула ў крайні пад'езд; зь сярэдняга пад'езда выбег мужчына з сабачкам — абое зьніклі насупраць пад таполямі на газоне. Адтуль жа, з-пад таполяў, чуўся малады прыглушаны голас і сьмех. Скварыш ня бачыў адсюль, але ведаў: там, у альтанцы, ля дзіцячай пясочніцы зьбіраліся нанач дзецюкі, часам зь дзеўкамі — па-маладому забаўляліся далёка за поўнач. Але, мусіць, ня толькі забаўляліся. Аднойчы адзін зь іх, мабыць, добра паддаўшы, прайшоў каля шэрагу сонных аўтамабіляў, пакідаючы на кожным адмеціну — арматурнай жалязякай. Так, без усялякай мэты, дзеля свавольства. А можа, ад клясавай нянавісьці да іхных уласьнікаў. Скварыш яшчэ пастаяў ля вакна, паўзіраўся з восьмага паверху ўніз, пасьля — у зьвечарэлае неба, дзе над плоскімі дахамі блізкіх дамоў засьвяцілася і журботна вісела адзінокая зорка. Міжволі ён імкнуўся адсюль, з уласнай кватэры, кудысьці туды, на волю, бо тут ён бяз рэшты страціў спакой, душэўны камфорт, а гэты візыт Красьнянскага разварушыў яго, зьбіў з тропу, і як ён ні супакойваў сябе, супакоіць ня мог. Чаго прыяжджаў асьпірант, што меў на мэце? Ці сапраўды, каб паспачуваць, сагрэць чалавечай цеплынёй у трудны твой час? Ці…
Менавіта гэтае «ці» балючаю стрэмкаю засела ў Скварышавай душы, не даючы як-небудзь супакоіцца перад ноччу.
Ён яшчэ не адышоўся ад вакна, як у вітальні затрашчаў тэлефон, і Скварыш аж здрыгануўся. Пасьля напяўся, зьнерухомеў — не, трубку ён, вядома, ня зьніме. Цяпер ён баяўся тэлефона, ужо другі месяц не размаляў па ім — з таго часу, як яго паклікалі на бюро райкаму. Памятнае праклятае бюро, яно падкасіла жыцьцё, увесь лёс павярнула ў невядомы страхотны бок, разам з партыйным білетам адабрала, здаецца, волю да жыцьця, пакінуўшы толькі вось гэта — тайныя страхі, чаканьне невядомага, мабыць, яшчэ горшага. Пэўна ж, горшага. Бо на выключэньні яны ня спыняцца; даўно вядома, што яны дзейнічаюць па законах зграі: калі хтось закульгаў і ня можа гарцаваць нароўні з усімі, дык яго трэба расшкуматаць і зжэрці — выбракаваць, каб не псаваў усёй зграі. Законы зграі, мабыць, адныя й тыя ж, што ў зьвяроў, што ў людзей. Тысячагадовая эвалюцыя віду тут мала што значыла і ў тых, і ў гэтых.
Але ж гэты Красьнянскі… Ну чым ён, Скварыш, мог выклікаць у яго такое спачуваньне, прымусіць да рызыкі — гэтага вечаровага наведваньня і гутаркі на мяжы рызыкі. Канечне, Скварыш ужо быў вучаны й ня надта раскрываўся ў адказ на ўвогуле разумныя, але й небясьпечныя пасажы асьпіранта. Асабліва наконт Афгану. Але і зусім адмаўчацца было неяк, ён мусіў то кіўнуць галавой, то пагадзіцца дзе адным словам, дзе толькі намёкам на згоду. I толькі калі асьпірант загаварыў пра колішнюю лекцыю Скварыша, дзе ён выказаў некаторае сумненьне наконт палітыкі калектывізацыі, прафэсар заўважыў, што ён зусім ня ў сэнсе адмаўленьня, а хутчэй канструктыўнага асэнсаваньня — вядома ж, у рамках палітыкі партыі, хіба з трохі інакшым аспэктам. Красьнянскі ж быццам не пачуў таго і горача даводзіў пра шматмільённыя закупы збожжа за рубяжом як наступства тае калектывізацыі. Вядома ж так, думаў Скварыш, каму тое не вядома, але навошта пра гэта гаварыць? Хіба ён не разумее, гэты гаварлівы асьпірант, што прафэсар ня можа яму адказаць у той самай меры адкрытасьці, мусіць адмоўчвацца? А калі разумее, дык што гэта? Вельмі ўжо падобна на правакацыю, небясьпечную, нават страшную для чалавека, выключанага з КПСС.
А калі не? А калі ўсё тое ад наіўнай шчырасьці, элемэнтарнай чалавечай спагады? Усё ж Скварыш быў неблагі прафэсар, студэнты яго любілі, ён ведаў гэта і даражыў сваёй рэпутацыяй, часьцяком адчуваючы прыязнае стаўленьне да сябе. Бо стараўся не крывіць душой, ня надта даказваць тое, што было і без таго зразумела кожнаму. Не шчыраваў — ні за Леніна, ні за Брэжнева, хацеў быць памяркоўным марксістам, наколькі тое было магчыма ў гэты пракляты час. Ды не ўдалося…