Выбрать главу

Ён зноў вярнуўся ў кабінэт. Прыбіраць зь нізкага століка нічога ня стаў, стомлена апусьціўся ў крэсла за пісьмовы стол. Уключаная настольная лямпа асьвяціла вольны ад папераў кавалак стала… Надта мутарна было на душы ў прафэсара, вялікі сумнеў тачыў яго ўсё болей — дык проста ці не заходзіў Красьнянскі? А што, калі ў гэты час ён ужо сядзіць у КГБ і апісвае іхную тут гутарку? Ці, можа, запісаў усё на магнітафон і заўтра аднясе ў вядомы дом на праспэкце? У такім выпадку, адзін паратунак — апярэдзіць самому. Інакш яму пэўны капец — і працы, і кар'еры. А то і жыцьцю. Але зноў жа

— як напісаць? А калі тое яму толькі здаецца, а Красьнянскі ўсё — па сваёй чалавечай шчырасьці, па дабрыні…

Праклятае становішча, яго адчуваў Скварыш кожнаю мазгавой зьвілінай, кожным кончыкам нэрваў. Усё здавалася: трэба нешта прыдумаць, нешта зрабіць, набрысьці на якое выйсьце. I ён думаў, напружваў мазгі, а выйсьця не знаходзілася. Ці яго не было наогул? Але ж такога не могло стацца, усё ж павінна быць нейкае выйсьце.

Ён зноў пачаў блукаць па кватэры, паласатай дарожкай пратупаў да зачыненых на два замкі, абабітых цыратай дзьвярэй, павярнуўся назад. Зь вялікага календара на сьцяне ад Новага году звыкла ўсьміхалася яму прыгожанькая японка, ніжай чарнелі два шэрагі лічбаў летняга месяца. Чорная пара, праклятыя месяцы, падумаў прафэсар, колькі яны задалі турбот, перажыванак, пакутнай няпэўнасьці. Калі парткамісія ЦК, куды ён зьвярнуўся, зацьвердзіць ягонае выключэньне, дык будзе канец. Кранты! Няўжо такое магчыма?

А чаму б і не?

Выключылі ж з партыі дацэнта Куліковіча, неблагога разумнага чалавека, вэтэрана вайны, толькі за тое, што той выступіў на сходзе супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну і ня ўзяў сваё выступленьне назад, калі яго паклікалі ў гаркам. Не павініўся. Зрэшты, выключылі нават не за гэта, а быццам знайшлі, што, будучы ў нямецкім палоне, ён ня надта добра сябе паводзіў. Раскрылі тое менавіта пасьля ягонага выступленьня на партыйным сходзе, а раней быццам таго ня ведалі. I згарэў дацэнт. Казалі, пасьля таго ўладкаваўся грузчыкам на агароднінавую базу, іншай працы ў горадзе яму не знайшлося. Пасьля некуды зьехаў. А можа, зьвезьлі.

У вітальні ляжаў мяккі санлявы прыцемак, трохі адбліскваў паркет ля кабінэту і ён пачаў тупаць сюды-туды — пяць крокаў ад дзьвярэй да люстэрка і столькі ж назад. У тапках на дарожцы было зручна і зусім ціха. Цікава, ці дазваляюць у турме хадзіць у тапках, унутрана паморшчыўшыся, падумаў прафэсар. У яго даўно былі хворыя ногі, і дома ён заўжды стараўся карыстацца тапкамі. Але пра турму ён, вядома, дарма падумаў. Ня трэба загадзя каркаць на сваю галаву.

Хадзіць так — узад-уперад — нават спадабалася, усё ж гэты занятак ад чагось адцягваў, даваў працу нагам. I ён прыпамятаў, як некалі малым хлопчыкам упершыню ўбачыў у заапарку мядзьведзя, што ў сваёй клетцы гэтак жа тупаў сюды-туды. Тады ён аж пашкадаваў касалапага небараку, мабыць, таму дужа мутарна, і ён гэтак цэлыя гадзіны тупае й тупае. Цяпер сам ці ня ў гэткім становішчы. У клетцы. Толькі яму ці паспачувае хто? Апроч хіба гэтага асьпіранта Красьнянскага.