Між тым, настала глыбокая ноч. Дом сьцішыўся, перасталі гудзець ліфты, грукаць дзьверы. За сьцяной у суседняй кватэры ціхенька паплакала ды сьціхла дзіця, мабыць, заснула. Жыхары ў сваіх сотах-кватэрах вялікага дому пакрысе сьцішыліся, паснулі, толькі ў трубах водаправоду часам чулася нейкае тоненькае жалобнае скуголеньне. Скварыш зноў пачаў хадзіць па кватэры, падыйшоў да цёмнага вакна ў зальчыку. На падворку ўнізе неяк быццам ярчэй, чым зьвечара, сьвяціў на мачце ліхтар, ярчэй сьвяціліся кодабы аўтамабіляў між счарнелых кронаў дваровых дрэваў. Цяпер там было сонна і пуста. I гэтак жа пуста і стомлена-сонна рабілася на душы ў прафэсара.
Можа, цяпер было б лепш, каб дома, а не на дачы была яго жонка Леакадзія Адамаўна, было б каму сказаць слова, ня глухнуць у гэтую маўклівую ноч. Хаця, можа, і ня лепш. З жонкаю ён ужо даволі нагаварыўся аб сваім няшчасьці, жонка яму не спачувала. Толькі дакарала за ягоны доўгі язык, за дзіцячую даверлівасьць. За дурную наіўнасьць. Можа, і так, ён ёй не пярэчыў. Жонку ён добра ведаў, пражыў зь ёю жыцьцё, яны выгадавалі дачку, гадавалі ўнукаў, але…
Было невялікае «але» ў іхным жыцьці, якое заўжды ў далікатных выпадках прымушала яго прытармазіць, успомніць, змоўкнуць, каб не перасягнуць апошнюю рысу шчырасьці. За той рысай была небясьпека, ён адчуваў гэта, хоць фармуляваць яе пазьбягаў, нават баяўся. Маўклівае табу доўгія гады ляжала за той рысай.
Ён тады быў яшчэ даволі маладым чалавекам, толькі што сьпечаны кандыдат навук, жылі яны на прыватнай кватэры, вядома ж, без тэлефона. Неяк улетку прыйшла тэлеграма, што занядужала маці — упала, зламала нагу, просіць, каб прыехаў. Ён хутка сабраўся, паехаў, зайшоў у раённую бальніцу, уладкаваў туды маці. Назад паехаў дні праз тры, спазьніўся на рэйсавы аўтобус, дабіраўся спадарожнымі, і надвячоркам зь лёгкім партфэлем у руках кіраваў на сваю прыгарадную вуліцу. I тады ён убачыў жонку, якая неяк хуценька гаманіла з маладым чалавекам у блакітнай тэнісцы, усё азіраючыся па баках. Было гэта за якіх два кварталы, на скрыжаваньні дзьвюх вуліц, ля водаразборнай калёнкі. Леакадзія змалку была блізарукай, але акуляраў тады не насіла, і ня згледзела, як ён да іх набліжаўся. Пагаманіўшы трохі, яны хуценька разышліся — жонка, азірнуўшыся, павярнула за вугал на сваю вуліцу, а той, у тэнісцы, — у іншы яе канец, кірункам да цэнтру. Скварыш нетаропка дайшоў да калёнкі, жонкі ўжо ня стала відаць, а той яшчэ крочыў здаля, за які квартал ад яго. Непрыемна ўражаны, Скварыш павярнуў не за жонкай, а ў другі бок, за тым незнаёмым. Ён так ішоў за ім на некаторай адлегласьці, не набліжаючыся і не адстаючы. Бліжэй да цэнтру незнаёмец зайшоў у гастраном, купіў пачак цыгарэт, пасьля нядоўга тэлефанаваў з вулічнага аўтамату. У Скварыша было адно падозраньне, яно вяло яго з пэўнай настойлівасьцю і ўрэшце прывяло менавіта туды, куды ён і думаў. I дужа баяўся. То быў бакавы ўваход у будынак КГБ — непрыкметныя дзьверы бяз шыльды і вартавога. Чалавек у тэнісцы каротка зіркнуў у адзін бок, у другі — і зьнік за дзьвярыма. Скварыш няхутка дабрыў дадому. Жонка паставілася да яго, як звычайна, ён ні пра што ў яе не пытаўся, чакаў, што сама скажа пра сваё спатканьне ля водаразборнай калёнкі. Але не сказала. А неяк ужо напачатку восені, як ён вяртаўся зь ёй пасьля дзённага сэансу ў кіно, насустрач трапіў малады хлопец, і ў той самай тэнісцы. Толькі цяпер на ім быў надзеты пінжак. I жонка, як заўважыў Скварыш, каротка кіўнула яму, як знаёмаму. «Хто гэта?» — трохі пагадзя запытаўся Скварыш. «Ды так, — сказала жонка, — настаўнік адзін». «Нішто сабе, — падумаў Скварыш, — настаўнік, а бегае ў КГБ». Але тады ён змоўчаў і болей размовы з жонкай пра таго чалавека ў іх не было. Засталося толькі пытаньне, адказу на якое да канца сваіх дзён будзе баяцца Скварыш. Дык, можа, яно й лепш, калі цяпер ён адзін, і ягоным турботам ня будзе сьведак. Усё сам-насам.
Са страхам і агідай ён перачытаў свае дзьве старонкі паганага тэксту-даносу. Менавіта даносу, бо як жа яшчэ можна было іх назваць, — тое Скварыш разумеў выдатна. Ён нічога там не прыдумаў, нічога не дадаў да таго, што гаварыў Красьнянскі, усё выклаў так, як яно й было. Праўдзівы быў да канца. Але чаго вартая тая яго праўдзівасьць, якой была ёй цана? Можа, парваць, спаліць і нікуды не хадзіць, — у каторы раз прыйшла няпэўная думка-намер. Але што будзе тады? Выкінулі з партыі, выкінуць з працы, адбяруць дыплёмы. Што адбяруць дыплёмы і званьні, то пэўна. Адабралі ж кандыдацкі дыплём у дацэнта Шавякова — за перараджэньне. У дысэртацыі абгрунтоўваў выгоды калектывізацыі, а пасьля ў лекцыях выказаў сумненьне наконт тых выгодаў. Далі дыхту дацэнту — не перараджайся! Не разумней. Заставайся ў жыцьці пнём і калодай — без вачэй і вушэй, тады будзеш адпавядаць усім навуковым званьням. Добра, Шавякоў меў гадоў трыццаць ад роду, быў хлопец дужы, мог працаваць грузчыкам на агароднінавай базе. А дзе будзе працаваць ён? Што ён умее, апроч як пераказаць устаноўкі марксізму-ленінізму, якому ён даўно і пераканана ня верыць. Але што рабіць, мусіш. Вучыць студэнтаў, прымаць экзамэны, несьці заведамую лухту, бо яна корміць, дае хлеба і да хлеба. I ўсё было добра, пакуль маўчаў, пакуль нічога — нікому, апроч таго афіцыйнага, праверанага і зацьверджанага, што ўжо амаль бяздумна і мэханічна балбатаў на лекцыях. А тут во не стрываў, вымавіў усяго дзьве-тры фразы на цёмнай вуліцы блізкім сябрам. I ўся яго шматгадовая ранейшая стараннасьць абрынулася ў тартарары. Калі гэта сапраўды правакацыя, наладжаная органамі праз асьпіранта Красьнянскага, іхны яму экзамэн, дык тыя дзьве старонкі памогуць. Павінны памагчы. Усё ж яны засьведчаць, што ён чалавек адкрыты, і ні ад партыі, ні ад КГБ нічога ня ўтойвае. Ну там нешта сказаў, можа, не зусім цьвярозы, можа, яго трохі перакруцілі, утрыравалі. Але ён не раззлаваўся на даносчыкаў і цяпер раскайваецца. Можа, выключэньне заменяць на «страгача». «Страгач» — не сухоты, год паносіць, і здымуць. I зноў усё пойдзе, як ішло дагэтуль. Ціха і спакойна. Добра ішло. Хіба што з гэтага моманту прафэсар будзе навучаны. Тады ўжо сапраўды да канца жыцьця нічога — нікому.