Ці можам мы паверыць, быццам проста так супала, што Вілаў трапіў у тое ж «Гюстэпа», што і Наста? Што два чалавекі ў адзін і той жа час, па хвілінах ды секундах, апынуліся ў адным і тым жа — няправільным — месцы? Што яны памыліліся ў адным і тым жа кірунку? Ці, хутчэй, выглядае, што за ёй сачылі ды проста выкарысталі яе памылку як нагоду для таго, каб падкінуць ёй Вілаў? Ці нават стварылі гэтую памылку з дапамогай «выпадковага» «дарадцы», які накіраваў яе не туды? Тэкст сцвярджае, што Вілаў наблізіўся да яе таму, што ў яе далонях быў запрашальнік на выставу. Хто і дзе ёй яго даў? Ці не прадстаўнік усёй гэтай гоп-кампаніі? Дарэчы, для чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, які збег з радзімы ды павінен хаваць свае планы, даволі ненатуральна цікавіцца жывапісам. Тым больш, гойсаць па горадзе з запрашальнікам у далонях. Не веру! Чамусьці цяпер я ўяўляю сабе наступную сцэнку: Наста, пад паркай, згорбіўшыся, каб толькі не пазналі, выходзіць з падземкі ды сутыкаецца з доўбнем, які выглядае безабароннай істотай, і гэта ў Вілаў у далонях — запрашальнік, гэта Вілаў запытваецца ў яе, як прайсці, бо ён так згубіўся!
Заўважце, разлік у гэтым выпадку быў бяспройгрышны, бо зроблены з улікам індывідуальных асаблівасцяў Насты, ейнага памкнення дапамагаць усім і кожнаму. Хлопцы, якія зацягнулі яе ў гэтыя небяспечныя кварталы, добра ведалі яе біяграфію, ведалі пра той эпізод на плошчы, калі яна выцягвала групку збянтэжаных студэнтаў-птушанят з-пад шыхтоў АМАПу (як яе не замялі ў той момант? Але ж усё добра бачна на відэа, якое выкладзена на YouTube, бачна, як яна рыкае: «Не бегчы! Счапіцца! Адыходзіць павольна, разам!»). Зноў жа, адзначым, што з усіх іншаземцаў, якія маглі напаткаць яе там, у Гюстэпа, быў абраны амерыканец — прадстаўнік англамоўнай нацыі, ангельская мова — адзіная, якую Наста больш-менш ведае. Чаму — чыста статыстычна — яе не напаткаў француз? Ці немец, які ні слова не разумеў па-ангельску? Ці не дзіўнае гэта супадзенне?
Пройдзем далей па спісе супадзенняў. Англамоўны іншаземец, які патрабаваў дапамогі, апынуўся мастацтвазнаўцам, патэнцыйна найлепшым суразмоўцам пра Шагала. Нейкім дзіўным чынам гэты мастацтвазнаўца, спецыялізацыя якога — рускае мастацтва, амерыканец, у якіх усё грамадства трымаецца на вузкай спецыялізацыі, здолеў разважаць пра Шагала. Ці бывае так?
Заўважце, нават з тэксту вынікае, што Насту падчас сустрэчы турбавала пачуццё пераследу. Мы ўсе добра ведаем гэты прыкры халадок чужых вачэй на ўласнай патыліцы, які суправаджае гэбэшныя «праводкі» ды сачэнні. Яна магла не бачыць тых спецыялістаў, якія пляліся за імі ўслед, але ж яна адчувала іх. Мы ведаем Насту як моцную, узважаную асобу, якая б не стала істэрыць на пустым месцы. Сцэна, якая дэманструе нам прыпадак параноі, істэрыку, не магла ўзнікнуць проста з-за аслаблых нерваў — не такая Наста асоба. Яна бегла, яна спрабавала схавацца — схаваць сябе ды небараку Джона, не разумеючы, што менавіта ён і з’яўляецца чыннікам неспакою, што ён — той маяк, які наводзіць пераследнікаў.
Мы не можам цяпер даведацца, ці сапраўды той чалавек у кавярні прыйшоў за ёй, але ж сцэна з гандляром салепу нібы паўтарае тое, што адбылося пазней у Вільні (цяпер не ўсе дэталі літоўскай аперацыі вядомыя, але ж дакладна вядома, што яе стамбульская баязлівасць быць атручанай мела пад сабой рэзон). Скончылася ўсё менавіта шэкспіраўскім атручэннем (будзем спадзявацца, што далей у тым тэксце, у які афармляецца гісторыя Настынага жыцця, мы даведаемся пра падрабязнасці).
Джон расказвае ёй камічную гісторыю са сваёй «мастацтвазнаўчай» памылкай з Саўрасавым. На гэтай гісторыі трэба спыніцца асобна, бо яна з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што Вілаў — фэйк, робат, зроблены у сутарэннях КДБ. Справа ў тым, даражэнькія, што кошты на Саўрасава — нават на вялікія па памерах ягоныя працы, не адпавядаюць заяўленым у тэксце. Вілаў адзначае, што прадавец Саўрасава «быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі ды лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам». «Шматмільённы алей», вы заўважылі? А не здзівіліся? Я скажу шчыра, падчас працы над тэкстам не засяродзіў увагі, бо выглядала цалкам лагічна, што такія нахваленыя персаналіі з падручнікаў сапраўды ацэньваюцца ў мільёны. Але адразу пасля таго, як тэкст ціснулі, я атрымаў лісты ад знаўцаў беларускага мастацтва, якія выказвалі здзіўленне заяўленым коштам. «Саўрасаў не каштуе мільёны», — адзначалі яны. Я палез у Сеціва ды нечакана для сябе заўважыў, што апошнім часам на аўкцыёнах за гэтага рускага прапойцу не давалі больш, чым дзве-тры сотні тысячаў. Я тады яшчэ здзівіўся, навошта Вілаў так сказіў кошт. Потым працяла думка, што калі ўсё палатно каштуе толькі дзве сотні тысяч, дык пакупнік не прапанаваў бы камісію, памер якой дазваляў Вілаў боўтацца паміж ЗША ды Турэччынай, жыць у Стамбуле і гэтак далей.