Тутэйшага «галоўастранома» больш за ўсё ўразіў мой «амерыканскі аргумент». Чую вашую гаману: Наста, бля, хопіць ужо хаваць іх за гэтым какецтвам, дай нам імя, прозвішча, пасаду! Але, людцы, не маю права, не магу агучваць нават прыкладных фармулёвак іхніх пасадаў, бо не прапусцяць ліст… Дык вось, хай будзе галоўастраном.
Галоўастраном кінуў смяяцца і пачаў дапамагаць з дазволам на ліст, калі пачуў мой «амерыканскі аргумент». Вось гэты аргумент: «Вы ж не хочаце, каб мае прыхільнікі і паплечнікі, і паслядоўцы знялі на Соні ХэндзіКэм адразанне галавы грамадзяніна Вілаў ланцужнай пілой? Бо вы ж улічвайце, я ж у пэўным сэнсе жывы сімвал для свядомых змагароў. А гарачых галоваў, у якіх з-за тае гарачыні праз вушы выпарыліся глузды, хапае ў беларускай эміграцыі! І асабліва ў амерыканскай беларускай эміграцыі, зашыфраванай, падпольнай! У Бостане схаваліся пасля нашага крывавага снега некалькі сапраўдных Рэмба, яны з лёгкасцю і пілу знойдуць, і відэакамеру, і, што самае прыкрае, самога Вілаў, бо той насамрэч — жывы, здаровы, рэальны і гэтак далей». І вось, натуральная гідлівасць да прусака Пільняка ў сукупнасці з нежаданнем міжнароднага скандалу прывялі да таго, што мне дазволілі займацца «пісаннем» на штотыднёвых «эстэтычных практыкумах».
Мне паставілі тры ўмовы. Прыводжу іх, каб люд не гундзеў, чаму я тое сказала, а тое — не.
Першая ўмова. Ні слова пра падрабязнасці спецаперацыі па маім фізічным захопе ў Вільні. Бо там працавалі спецыялісты, якія дагэтуль на аператыўнай службе, і выпадкова ці невыпадкова я магу іх раскрыць. Акрамя таго, я знаходжуся «пад эмацыйным уплывам наступстваў» іхняй працы і не здолею аб’ектыўна ацаніць высокія прафесійныя якасці, якія яны прадэманстравалі і за якія былі ўзнагароджаныя. Адзіны сказ, які праз тры сеансы выпраўлення памылак мне дазволілі пакінуць: «Пра гэтую аперацыю ўсё ўжо напісана ў Сеціве: чытайце ды аналізуйце». І не пра аперацыю, а так, каля яе. Я не буду каментаваць усяго таго, што напляла малая ці што сказалі наплесці малой, бо мне і гэтага зрабіць не далі. Але ж чытайце Крэйзіны запісы пільна і рабіце высновы, сыходзячы з усёй сукупнасці абставінаў, у якіх яна апынулася, усё, усё, тут спыняюся, бо, здаецца, ужо недзе заступіла за рысу.
Другая ўмова. Я не магу даваць намёкаў на тое, дзе мяне ўтрымліваюць. Я не магу пакідаць у тэксце зашыфраваных мэсаджаў, якія дазволяць мяне знайсці. Калі на любым узроўні праверкі тэксту апынецца, што ягонай мэтай было не вызваленне Вілаў ад незаслужанай помсты, а пакіданне слядоў ды арыенціраў, ліст не накіруецца ў «Ахрэм», а будзе знішчаны. Ацаніце, дарэчы, як яны на маю тэму шухерацца і прыкаліцеся таму, якім крутым перцам спрабаваў выставіць сябе Пільняк, які не толькі нібыта «даведаўся», дзе я «жыву», але ж нават і перадаў цацачку.
Другую ўмову выканаць вельмі проста, бо я нават прыблізна не ведаю таго, што абавязалася «не выкрываць» нават намёкам. Дзе я? У якой вобласці? У якім раёне? Няведанне таямніцы — панацэя ад яе выпадковага раскрыцця, таму пішу спакойна.
Перавозілі мяне сюды ў стане медыкаментознай непрытомнасці, што не было катаваннем і не можа ўспрымацца як здзек з асуджанай, бо ім было неабходна дэзарыентаваць мяне. Потым яшчэ некалькі дзён трымалі ў пакоі без вокнаў, каб я па нейкіх там секундных зменах у наступленні ранка не зразумела нечага аб уласных каардынатах на мапе радзімы. Вось настолькі ўсё тут сур’ёзна, а вы кажаце, лялька ад Янкі Пільняка. Адзінае, што я бачыла з наваколля на ўласныя вочы і што зноў жа мне высакародна дазволілі захаваць у тэксце — тыя прыгожыя сосны, якія ўзвышаюцца за бетонным плотам, калі мяне выводзяць на шпацыр. Сосны, сярод якіх можа блукаць узгаданы Пільняком «выпадковы грыбнік» — думка аб яго нікчэмнай свабодзе, якую ад маёй адпакутаванай, перажытай несвабоды аддзяляе ўсяго некалькі крокаў ды шурпаты чатырохметровы бетон, праз які я столькі разоў павольна пераскоквала ў снах, гэтая думка, ах, гэтая думка… Сосны, якія ірвуць сваімі галінамі нябесны лазурак ды зіхацяць бурштынавымі слязмі на сваіх лускаватых аксамітных ствалах, яны плачуць са мной, калі мяне раптам зранку захалане залева журботы, калі б вы ведалі, як тут бывае, калі б толькі я магла сказаць, калі б мне дазваляла мова ды людзі, якія даюць дазвол на мову, на кожнае слова ды кожную коску…
Па начах я бачу ў сваім вакне сузор’е Вялікай Мядзведзіцы і, бывае, у зацыкленым руху ад адной зоркі каўша да другой, трэцяй, чацвёртай, распазнаю маршруты ўласнага жыцця, якое таксама раптам абмежавалася чатырохкутнікам майго белага пакою, але ж аднойчы я абавязкова ірвануся наперад, прэч, па той уяўнай рысцы, якая вядзе ад каўша да Палярнай — ірвануся з тым, каб напаткаць самую зыркую зорку на небасхіле…