Выбрать главу

Прыехалі ў тыя Кандыбічы, спыніліся каля сельсавецкае хаціны са сцяжком над ганкам. Там ужо чакалі – старшыня, звычайнага выгляду мужык у кортавай, аднак, талстоўцы, і двое, відаць з актыву. Дашэўскі, не злазячы з лінейкі, папытаўся: "У каво жорны?" — "Дык шмат у каго", — сказаў старшыня і палез у партфель"А ну становись, показывай!" — скамандаваў Дашэўскі.Сельсавецкі старшыня нязграбна ўмясціўся на падножцы лінейкі, і яны паехалі па вёсцы. Зайшлі ў сенцы першай хаціны, адкуль старшыня адразу павёў у істопку, дзе ў запавуціненым куце мясціліся старыя жорны. "Так, Дашэўскі раздумна азірнуўся. — Ты!! — паказаў ён на Азевіча. — Снимай камень!"

Адольваючы пэўную няёмкасць, Ягор адкінуў убок млён, натужыўся, зняў цяжкі верхні камень, паставіў яго рубам, не ведаючы, што рабіць далей. "Давай, давай! — працягваў камандаваць Дашэўскі. — Неси на двор и бей вдребезги!" Ягор вывалак камень на двор, але разбіць яго не было аб што, і ён няўцямна прысланіўся з сваім цяжарам да гразкага кола лінейкі. "Что, не найдешь, о что расчехвостить? — гырчэў Дашэўскі. — О фундамент бей! Вон об угловой камень". Азевіч няўмела ўдарыў аб вугал, камень адскочыў і пляската лёг у гразь. "Ну ты, неумека, мать твою перемать! — вызверыўся Дашэўскі. — Бей сильней! Как врага революции бей! Чтоб искры из него — в Бога душу мать!" Другі ўдар здаўся болей удалы, каменны кругляк ляснуў бокам і разваліўся на тры часткі.

Якраз у той момант з хаты выскачыла кабета з растрэпанымі валасамі, узняла крыку на ўсю вёску. Яна так бэсціла і кляла іх, што стала няёмка, нават боязна стала. Старшыня сельсавета кінуўся яе ўгаворваць, але тая ўсё крычала і плакала. З нізкага акенца цікаўна пазіралі на падворак некалькі мурзатых дзіцячых тварыкаў. Дашэўскі, аднак, нічога, здаецца, не чуў і не заўважаў, адно ведаў — камандаваць: "Поехали дальше!"

За якіх пару гадзін яны пабілі, можа, з дзесятак жорнаў, наслухаліся крыку, праклёнаў і лаянкі, асабліва ад жанок. У адным падворку, як яны прыйшлі туды, гаспадар, мусіць, ужо ведаў, па што. То быў мажны малады мужчына, ён сам зняў тоўсты верхні камень і ладна садануў яго аб вугал. "Вот, сполнена. Будзьце спакойны", — сказаў трохі азадачанаму той добраахвотнасцю Дашэўскаму і выцер аб штаны рукі. У крайняй ад выгану хаце верхняга каменя на жорнах не аказалася, не было і гаспадара. Гаспадыня ж, нейкая дурнаватая босая баба, нічога не знала — не ведала. На ўсе пытанні старшыні сельсавета і Дашэўскага адказвала: "Нічога не знаю, нічога не ведаю". "Врет, сука, — сказаў Дашэўскі. — Попрятали".

Калі яны ў поўдзень прыехалі ў наступную вёску, Азевіч не на жарт устрывожыўся. То была Альхавіца, а ў суседзях цераз поле ляжала яго родная Ліпаўка. "Няўжо і туды? Няўжо і туды?" — забілася ў ягонай галаве страхавітае пытанне. Але ён не мог наважыцца запытаць пра тое ў Дашэўскага і маўчаў. У Альхавіцы яны таксама пабілі нямала круглых, новых яшчэ, таўстых і зусім старэчых, змеленых камянёў; зноў над вёскаю чуўся плач і праклён. Некаторыя жанчыны прасіліся, паказвалі на малых, якім трэба есці, бажыліся, што ўсё здалі, болей няма ні зярнятка. "Ах, няма? — вызверыўся Дашэўскі. — Тогда чего ж рыдаете, если молоть нечего? Бей, Азевич!" I Азевіч біў. Білі міліцыянер і кульгавы Вайцяшонак. У адной хаце, праўда, не пабілі. Выйшла маладая кабеціна, спакойна ўсміхнулася і паведаміла: "А мой у войску служыць і камандзір, не маеце права". I паказала фота курносага хлопца з двума трохкутнічкамі ў пятліцах.

Дашэўскі зірнуў на фота, на старшыню сельсавета і моўчкі павярнуў з падворка. Тут не пабілі.

Нарэшце і ў Альхавіцы ўсё было скончана. Пакінулі не пабітымі двое жорнаў — у чырвонаармейскай сям'і і яшчэ ў адной хаце, на прабоі якой вісеў вялікі замок. Дашэўскі наказаў старшыні сельсавета пабіць, як прыйдзе гаспадар. Яны ўсе ўжо прытаміліся без палудня, але першы сакратар, відаць, не меў жаднага намеру даваць сабе ці ім адпачынак. Ён зноў выцяг з нагруднай кішэні свой спіс, і Азевіч абмёр: што далей? "Так, едем в Липовку? Где Липовка?" Вайцяшонак заклапочана зірнуў на Азевіча, але той не знайшоў у сабе моцы адказаць. Праўда, тут жа да яго падскочыў альховіцкі старшыня: "А вунь, цераз поле! Во гэтай дарожкай, таварыш сакратар..."

Пакуль яны ехалі дужа знаёмай Ягору дарожкаю цераз поле, унутры ў яго быццам пераварочвалася штосьці. Ці ён думаў калі, што ягоны прыезд у родную вёску будзе з такой патрэбай? Ці яго тут чакалі калі ў такой ролі? Бацька казаў, што некаторыя яму зайздросцілі, што сын выбіўся ў людзі, хоць невялікі, але начальнік у раёне I во, ён едзе, гэты начальнік. Як ён паглядзіць каму ў вочы, калі будзе біць іхнія жорны? Што пра яго скажуць людзі? Не якія там незнаёмыя чужыя сяляне, а свае, знаёмыя з дзяцінства, мужыкі і бабы?