Выбрать главу

Сёння разумею, што ёга — гэта ірацыянальны падыход да жыцця, што гэта духоўнасць іншага тыпу, не пад нашы абставіны.

Індыя — не Балгарыя і не ГДР. Капкраіна. Для паездкі туды патрэбна не абы-якая праверка ў ідэалагічнай надзейнасці і высокі дазвол.

9 жніўня. Адкрыты помнік Ф. Скарыне ў Полацку, так сказаць, на радзіме. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі І. Шамякін, М. Дзялец, І. Навуменка, П. Пацей, В. Бандарчык і інш.

А ў Мінску, на жаль, да гэтага часу няма помнікаў ні Скарыне, ні Каліноўскаму, і невядома, калі паставяць. Такіх, каго варта ўшанаваць помнікам, у нас шмат.

18 жніўня. 40 гадоў з часу склікання Першага Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў. Пісьменнікі — М. Лынькоў, К. Крапіва, П. Броўка, М. Хведаровіч і інш. — выступаюць з успамінамі.

З’езд гэты з пазіцый сягонняшняга дня ўяўляецца даволі супярэчлівым і дзіўным. Даклад па паэзіі рабіў чамусьці М. Бухарын, які збэсціў Ясеніна і ўсхваліў паэзію Б. Пастарнака. Апошні аднак застаўся вельмі незадаволены з’ездам, таму што чакаў прамоў шырокага філасофскага зместу, верыў, што з’езд ператворыцца ў сход рускіх мысліцелей. Прамова А. М. Горкага здалася яму адзінокай на з’ездзе. Паэт быў расчараваны.

Беларускія пісьменнікі, якія выступалі на гэтым з’ездзе (Лынькоў, Клімковіч і інш.), неслі нейкую лухту: быццам бы галоўнай небяспекай для беларускай літаратуры «астаецца беларускі нацыяналізм» — ? Вульгарызатарскую ацэнку атрымала на гэтым з’ездзе наша дакастрычніцкая літаратура.

Вось табе і Першы з’езд.

Кажуць, што ў кулуарах з’езда распаўсюджвалася антысавецкая лістоўка. Ці праўда гэта? Пытаўся ў Лынькова. Кажа, што не чуў.

21 жніўня. Звярнуўся С. Шушкевіч з просьбай дапамагчы выдаць кнігу вершаў. «Мае кнігі на паліцах не стаяць», — піша. Ён і сапраўды шмат выступае перад чытачамі, друкуе біяграфічныя нататкі пра сяброў маладосці. Званіў дырэктару выдавецтва. Абяцаў улічыць.

29 жніўня. Замежны радыёголас (чуў па «Спідоле») перадаваў, што прайшло 25 гадоў з дня выпрабавання ў СССР, у 1949 годзе, атамнай бомбы.

Сёння ўсе баяцца атамнай вайны, якая ўсё можа знішчыць, нават само жыццё. На гэту тэму амерыканскі рэжысёр Стэнлі Крамер зняў фільм «На далёкім беразе». Хто бачыў, кажуць, уражвае. Бачыў Алесь Адамовіч недзе ў Маскве на закрытым праглядзе. Кажа, што гэта нешта неверагоднае.

8 верасня. Былі на дачы. Грыша Вячорка накапаў цэлы мех бульбы (участак, як і ў мяне, чвэрць соткі), перавязаў яго гічкай і папрасіў мяне дапамагчы ўскінуць яму на плечы. Я дапамог, і мех здаўся не надта цяжкім, але Грыша, ступіўшы колькі крокаў, на жаль, не ўтрымаў і разам з мехам паваліўся на зямлю. Яно і сапраўды: адкуль будзе сіла, калі, апроч аўтаручкі, нічога ў руках не трымаем. Ды і я не паспеў дапамагчы. Калісьці, у галалёд, ішоў побач з А. Кулакоўскім. Гэта было ў Наваполацку на семінары. Размаўлялі. Кулакоўскі нешта даказваючы, пакаўзнуўся і ўпаў і потым доўга выгаворваў мне, чаму не падтрымаў. Грыша ж толькі сціпла зазначыў:

— Гэта клубні такія цяжкія ўрадзілі, бо зямля добрая.

Ён эканаміст, і думкі скіроўваюцца ў гэтым напрамку. Мех ён усё ж такі данёс! Працавіты незвычайна. За гэта яго і Машэраў паважае.

17 верасня. Пазваніў Максіму Танку, хацеў павіншаваць з днём нараджэння. Ён на Нарачы. Відаць, хаваецца ад падобных званкоў. Паляць з Лыньковым вячэрні касцёр. Ці, дакладней сказаць, вечаровае вогнішча. Неяк я быў у яго ў кабінеце. Разгаварыліся. Я сказаў, што ён своеасабліва піша пра каханне. Не стаў удавацца ў падрабязнасці, у тое, што залішне ўмоўна часам выглядае яго гераіня. Баяўся, што пакрыўдзіцца. Ён пасміхнуўся і запярэчыў: «Лепш за ўсіх пра каханне складае частушкі народ»:

Мая жонка Януся

Кросны ткала на брусе.

Ой, на пуні кросны ткала,

Паміж ног чаўнок пускала.

Аднак у досціпе паэту не адмовіш.

27 верасня. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай Працы М. Танку. Варты! З усяго нарыфмаванага ў гэтым годзе — у зборніках, перыёдыцы — запомніўся яго верш «Смак віна»:

Чаркай віна

Адзначаецца дзень нараджэння

І дзень развітання.

Розніцы, пэўна, між імі

Ніякай няма,

Калі не лічыць

Розніцы ў смаку віна.

Танкаўскі фірменны стыль. Еўрапейскі ўзровень.