28—29 верасня. На «Волзе» (аджалеў В. Гоцман) ездзілі ў Плешчаніцы да цешчы. Прымалі, як заўсёды, гасцінна, ад душы. З Пецем паехалі ў лес па грыбы. У знакамітае, як тут кажуць, Зардзяжжа. Павярнулі ў лясную прасеку (на яго ўазіку), пасунуліся ўглыб, у жаўцізну беразнякоў. Спыніліся. Цішыня. Чутно, як з бяроз і асін з меладычным звонам, чапляючыся за галіны, ападаюць рознакаляровыя лісцікі. У пабляклай траве, на сухіх сцяблінках, вісяць,.як дзявочыя завушніцы, спелыя ягады — чарніцы, брусніцы. Паветра здзіўляе сваёй празрыстасцю і свежасцю, настоенай на аскомістых пахах асенняга лесу.
1 кастрычніка. Заходзіў у СП. З Каралішчавічаў вярнуўся Прыходзька. Расказвае пра Пестрака і Гаўрусёва, якія там адпачываюць. Яны сябруюць, у Каралішчавічы прыехалі на тыдзень, узялі з сабой колькі пляшак гарэлкі, каб хапіла да канца тыдня, да пятніцы. Папрацаваўшы крыху, селі за стол і пачалі патроху «дзюбаць». Той-сёй далучыўся яшчэ, і гарэлачны НЗ хутка стаў малець.
— За які, Сцяпане, дзень ужо п’ём? — затурбаваўся Пестрак.
— Ды ўжо за чацвер, Піліп Сямёнавіч.
— Як так? А ты куды глядзеў?
— Не заўважыў.
— Ну, калі так, то давай і пятнічную.
Пра сябе Пятро кажа з павагай: «Жыў у сёмым пакоі, дзе звычайна спыняецца Кандрат Крапіва».
2 кастрычніка. Атрымаў характарыстыку на паездку ў Індыю. Характарыстыка — станоўчая. У ёй сказана:
«Тов. Гниломёдов В. В. награжден в 1958 году медалью «За освоение целинных и залежных земель», в 1970 году — медалью «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина».
Тов. Гниломёдов В. В. рекомендуется для выезда в Индию-Цейлон в ноябре 1974 г. сроком на 14 дней в составе специализированной туристской группы Всесоюзного общества «Знание».
Секретарь ЦК КП Белоруссии
(А. Кузьмин).
2 октября 1974 г.»
Аказваецца, гэтая двухтыднёвая паездка не толькі ў Індыю, але і на Цэйлон.
5 кастрычніка. У «Литературной газете» ўбачыў свой артыкул «Почему летают птицы?» Хацеў сказаць пра асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі.
9 кастрычніка. Неяк прачытаў у С. Гаўрусёва:
Ноч. Азяблы пенсіянер
Каля вогнішча грэе ўспаміны.
Проста і добра. С. Гаўрусёў вельмі таленавіты і таленавіты па-свойму, ён увасабляе, на маю думку, менталітэт Магілёўшчыны, радзімічаў. Але калі б хто папрасіў мяне даказаць, што гэта менавіта так, мне было б цяжка гэта зрабіць. С. Гаўрусёў — паэт шырокі, кожны знойдзе ў ім нешта сваё і для сябе.
15 кастрычніка. Некаторыя, болей з маладых, наведваюць у Зэльве Ларысу Геніюш. Мне гэтага рабіць няможна, але калісьці ў Інстытуце літаратуры я па сваёй тэме пісаў пра яе кнігу вершаў і паэм «Невадам з Немана», не ўяўляючы, што гэта небяспечна.
16 астрычніка.У Беларусі праходзілі Дні музыкі і літаратуры Чувашскай АССР. Пазнаёміўся з цікавым пісьменнікам Мікалаем Дзедушкіным. Ён крытык і літаратуразнавец. Расказваў, што чувашская літаратура запачаткавалася ў другой палове ХІХ стагоддзя. Да гэтага ў Чувашыі бытаваў толькі фальклор. У чувашскай мове шмат агульнага з даўняй, ужо нежывой, хазарскай.
19 кастрычніка. На маёй Берасцейшчыне павадак, разліўся Мухавец. Звычайна сціплая рака паводзіць сябе як грозная стыхія. Можа затапіць прылеглыя тэрыторыі. Будуюць дамбы, насыпаюць берагі. Паехала туды шмат маіх цэкоўскіх калег.
Пазваніў У. А. Калеснік. Ён у Мінску, у гасцініцы «Мінск». Выдае кнігу «Зорны спеў». Працуе з рэдактарам. Кніга разнастайная ў жанравым плане, абяцае быць цікавай.
Вечарам наведаў яго, ён толькі што вярнуўся з бібліятэкі. Жартуючы, я сказаў: «Уладзімір Андрэевіч, як толькі вы пакінулі Брэст, адразу адрэагаваў Мухавец — разліўся». Калеснік смяецца. Значыць, настрой неблагі. Ён чалавек настрою.
22 кастрычніка. Ажыло раптам старое слова духоўнасць. Нібы ўваскрэсла, з’явілася з небыцця. Як яго разумець? Па традыцыі, духоўнасць — гэта вера ў нешта вышэйшае, у Бога, бескарыслівасць, неўтылітарнасць. На нарадах і ў прэсе шмат гаворыцца пра духоўнасць. Духоўнасць часцей разумеецца як грамадская псіхалогія, як заклік не надаваць вялікага значэння побыту. Гэтага, мне здаецца, мала. Духоўнасць — гэта патрэба ў бязмерным і бясконцым, у высокім, што над намі, што дыктуе нам думкі і паводзіны. Духоўнае і прыкладное. Без гэтай гармоніі: блізкага і далёкага, верху і нізу, па сутнасці, няма чалавека.
Насалода прыгажосцю — таксама духоўнасць.
25 кастрычніка. Заходзіў у госці да мяне Калеснік. Заўтра адпраўляецца ў Брэст. За кампанію я запрасіў Б. Сачанку і А. Гардзіцкага. Стала вядома, што В. Быкаву прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання».