Выбрать главу

Выходзіць, што праз маё жыццё прайшоў яшчэ адзін лёс.

У Мадрасе — гэта самая паўднёвая кропка Індыі — я няўдала купаўся ў акіяне. Горш, чым Пячорын Лермантава ў «Тамані». Згодна з праграмай, завезлі нас на пляж адпачыць, размясцілі ў кемпінгу, у сплеценых з лазы хатках. З хатак усе мы рушылі на пляж. Пляж — пусты. Мусіць, ніхто тут не купаецца. У белым пяску там-сям віднеюцца не то конскія, не то кароўі чарапы, абмытыя акіянскай вадой. Я паазіраўся навокал. На ўсім узбярэжжы аніякай выратавальнай службы. А што, калі каму-небудзь яна спатрэбіцца? Разам з іншымі распрануўся і я (плаваю няблага) і смела паплыў ад берага. Насустрач дзьмуў паўднёвы вецер, гнаў да берага хвалі з белымі грабеньчыкамі. Калі так, разважыў я, то лёгка будзе вяртацца назад і прыпусціў тэмп. Радаваўся: купаюся ў Індыйскім акіяне! Калі пра гэта марыў! Такое і ў галаву не прыходзіла. Нарэшце, задыханы, спыніўся, азірнуўся назад. Бераг застаўся ўжо даволі далёка. Калегі на пляжы паменелі ў памерах, здаваліся дробнымі казюркамі. Можна было вяртацца, і я тым жа «кролем» паплыў назад. Праз некаторы час заўважыў, што плыву, працую і рукамі, і нагамі, а бераг не набліжаецца і «казюркі» не павялічваюцца. Больш таго, мяне нібы нават адносіць назад, на поўдзень, да экватара. Утварылася плынь ад берага (пра такое я і не ведаў): вецер дзьмуў у бок берага, а плынь гнала ваду назад, а з вадою і мяне. Адчуў, як ад страху закалацілася сэрца, і вырашыў узяць крыху ўбок, быццам наперарэз плыні, аднак бераг не набліжаўся, і намаганні мае засталіся марнымі. Тады мне прыйшло ў галаву даць нырца і паспрабаваць плыць пад вадой. Замітусіліся, здалося мне, «казюркі» на беразе. Заўважылі, відаць, што таплюся. У галаву палезлі дурныя думкі: «Гэта ж трэба было ажно сюды ехаць, каб утапіцца. Ужо лепш было б утапіцца недзе дома, чым у Індыйскім акіяне. Столькі будзе клопатаў для ўсіх, столькі пытанняў…»

Нырну, падплыву і вынырну. Аддыхаюся і зноў ныраю. Трымаю сябе пад кантролем. Заўважыў, што гэта дало вынік: бераг стаў набліжацца, і ў мяне прыбавіліся сілы. Нарэшце, нырнуўшы, убачыў дно, бледнае, з чорнымі пісягамі. Дадаў намаганняў і ўжо паблізу берага паплыў без ныранняў. Урэшце дастаў нагою дна і яшчэ праз некалькі метраў стаў на ногі. Страшэнна змарыўся, змагаючыся з акіянам. І вады наглытаўся. Абяссілены, пастаяў. Потым пакрысе падаўся да берага. Крыху адпачыў, аддыхаўся. Успомніў, дарэчы, што не ў першы раз у сваім жыцці таплюся. Было ўжо такое ў дзяцінстве. Тапіўся ў Лясной, што цячэ каля самага Кругеля. Свая рака. Але плаваць не ўмеў, яшчэ толькі вучыўся. Пасля дажджу Лясная папаўнела, і мяне пацягнула на глыбіню. Выратаваў сябрук — Грыша Ільяшаў, крыху старэйшы за мяне. Выплысці ўжо не спадзяваўся, разгубіўся і ўжо думаў — канец. У галаве праімчалася, пранеслася ўсё пражытае, з поля вернуцца дзед з бабай і не знойдуць ключ ад хаты, які я, ідучы на рэчку, схаваў пад камень. Але, з дапамогай Грышы, выратаваўся. Каму, кажуць, лёс быць павешаным, той не ўтопіцца.

Плыў наўскасяк і значна аддаліўся ад таго месца, дзе знаходзілася група. Ну, думаю, пачнуць на мяне сварыцца, дастанецца мне за маё «плаванне». Яны ж перажывалі. Падышоў да іх і зразумеў, што ніхто нічога не заўважыў. Мне нават крыўдна стала. «Куды гэта вы хадзілі?» — спакойна спытаў старшы. — «Купаўся». — «Бярыце сваю долю!» — і працягнуў мне паўшклянкі каньяку. — «Замерз?» — «Не». Але каньяк быў дарэчы, каб зняць стрэс.

Пасля Мадраса быў Бамбей. Зноў ляцелі самалётам, ужо вінтаматорным, на ўнутранай лініі. І тут супрацоўнікі фірмы сустракалі вянкамі з жывых кветах лотаса. Пасялілі ў пяцізорачным дваццаціпавярховым гатэлі «Прэзідэнт», які, як шмат яшчэ па ўсім свеце, належыць Хітлану, яго фірме. Тут можна жыць, ніколі не выходзячы з памяшкання. У гатэлі ёсць усё — усе службы харчавання і побыту, магазіны, басейн, спартыўныя залы, вялікія залы, якія можна арандаваць для ўрачыстасцей, канферэнцый і ўсяго іншага. Ёсць тэлетайп. Мясцовая кінастудыя здымала тут, у фае, нейкі фільм з музыкай і танцамі. Па ступеньках бегалі, мітусіліся акцёры.