Выбрать главу

— Краіна складаная, — працягваў саветнік, — супярэчлівая. Расшчапляюць атам, рыхтуецца індыйскі спадарожнік, а ў глухамані яшчэ квітнеюць забабоны, здараецца, што прыносяцца чалавечыя ахвяры. Тут каля дзясятка розных палітычных партый, у тым ліку дзве камуністычныя — прамаскоўская і прапекінская, надта экстрэмісцкая па характары. Але ж дэмакратыя!

Скончыўшы, саветнік нечакана спытаў:

— А ці няма ў вас з сабой сала? Я люблю гэты прадукт, а тут яго не дастаць.

Саветнік аказаўся ўкраінцам. Гарачыня, а яму хочацца сала. У некага знайшоўся кавалак ужо з’ёлклага сала, і яно стала ганарарам яму за інфармацыю. У мяне ўсталяваліся сяброўскія адносіны з Пацхішвілі — такім жа, як і я, членам групы. Ён мне прызнаўся, што вельмі хацеў бы праехацца на рыкшы, але адзін баіцца ды і грошай няма. У мяне таксама не было грошай, але была прыгожая аўтаручка. Такія рэчы тут у хаду. Вяртаючыся з пасольства, мы адарваліся ад групы і нанялі рыкшу. Ён ажно загарэўся, убачыўшы аўтаручку. Пёр да гасцініцы без перадыху. Спынілі яго недзе за квартал, бо баяліся, каб не ўгледзеў хто з нашых, але ўсё абышлося.

Назаўтра павезлі ў Агру — горад непадалёку ад Дэлі. У далёкім мінулым (ХVI—ХІХ стст.) Агра з’яўлялася рэзідэнцыяй Вялікіх Маголаў. Застаўся палац і многае яшчэ. Але самае галоўнае — выдатны помнік індыйскай архітэктуры, маўзалей султана Шах-Джахана і яго жонкі Мумтаз-Махал. Будынак з пяццю купаламі вышынёй 74 метры. З белага мармуру! З мазаікай з каляровых камянёў. Да Тадж-Махала прымыкаюць чатыры мінарэты і сад. Цяжка, немагчыма перадаць гэтую прыгажосць. Тадж-Махал трэба бачыць.

А якія легенды вакол гэтага мемарыяла! Легенда пра надзвычайнае каханне Шах-Джахана да сваёй жонкі Мумтаз-Махал, якая нарадзіла яму нешта з пятнаццаць дзяцей. Пра тое, як сын Джахана Акбар сапхнуў бацьку з трона і пасадзіў у турму, адкуль аслеплы Джахан праз люстэрка ўзіраўся ў далёкія абрысы Тадж-Махала, дзе знаходзіўся вечны прытулак яго каханай жонкі і дзе ўрэшце пахавалі і яго самога…

З Агры вярталіся ў Дэлі, як з сівой гісторыі ў сучаснасць. Наведалі музеі, паркі, прытуляліся да слупа з невядома якога металу, які быццам зваліўся з неба. Трэба задумаць жаданне, прытуліцца да слупа спінаю і абхапіць рукамі. Калі абхопіш — жаданне збудзецца. Я-такі абхапіў. Былі на тым месцы, дзе адбывалася ўрачыстае пахаванне Джавахарлара Нэру, дзе спальвалі яго астанкі.

І яшчэ пра адно, пра што я ведаю з кніг, а тут, у Індыі, убачыў наяве: па вуліцах бадзяюцца без усялякага нагляду старыя, схуднелыя каровы. Гэтыя жывёліны лічацца свяшчэннымі. Датуль, пакуль карова дае малако, гаспадар трымае яе ў хляве. А далей, пад старасць, калі карова запускаецца, ён выганяе яе «на свой хлеб». Вось яны і ходзяць, непрыкаяныя, у пошуках спажывы. Карова — свяшчэнная. З Эстоніі (гэта расказваў саветнік) была накіраваная партыя мясных кансерваў з эмблемай камбіната на банцы: круг, а ў ім галава каровы. Індзійцы адмовіліся прыняць. Тым болей, што большасць з іх вегетарыянцы. Шмат беспрытульных кароў і ў Дэлі…

Вельмі здзівілі адносіны індусаў да жыцця і смерці. У Рабіндраната Тагора сказана: «Рожденье и смерть — проявленья единой судьбы». Паэт, відаць, адлюстраваў народны погляд на гэтыя рэчы. Бачыў пахаванне, суправаджаемае вясёлай музыкай, а паперадзе нейкі чалавек размахваў рукамі і кружыўся ў танцы. Танцу прыпісваецца магічная роля, ён сімвалізуе абнаўленне свету. Колер смутку тут, як і на Цэйлоне, белы.

Дужа здзівілі мяне адносіны да сферы сексу. Далёка не патаемныя, а наадварот — нейкія бессаромна наіўныя, адкрытыя, у чымсьці сакральныя. Але і досыць зніжаныя. У грамадскіх месцах, у храмах, нярэдка можна сустрэць выявы інтымных момантаў і поз у палавых стасунках паміж мужчынамі і жанчынамі. Адчуваюцца нацыянальны стыль і традыцыі.

Неяк мы з Пацхішвілі ішлі шматлюднай вуліцай і раптам чуем, як нехта зазыўным голасам прамаўляе:

— Woman! Woman!

Гэта быў малады мужчына ў джынсах і лёгкай кашулі. На нагах, як і ўва ўсіх тут, сандаліі. Высока падняўшы руку з растапыранымі пальцамі, ён паўтараў адно і тое ж: «Woman, woman!»

— Зазывала! — першым здагадаўся сябар, тузануўшы мяне пад локаць. — Жанчыну прапаноўвае. Вунь, глядзі, пальцы расставіў. Пяць рупій! Пойдзем?