— Я даўно над гэтым думаю. У Мінск трэба запрасіць літаратараў з усяго Саюза і пагаварыць пра нашу ваенную літаратуру. Наступны год — юбілейны, 30-годдзе Перамогі. Я мяркую, што ў наступным годзе мы такое мерапрыемства правядзём. Пра вайну напісана шмат, давайце паспрабуем разабрацца…
Завяршыў свой інструктаж Пётр Міронавіч пажаданнем, адрасаваным усім прысутным:
— Поначалу поработайте смело! А потом посмотрим.
Цікава, што там за мудрацы пішуць даклады Брэжневу?
23 снежня. У Заслаўі. Працуем над дакладам. У час адпачынку катаемся з Жэнем Бабосавым на лыжах. Праз дзень прыязджае Пётр Міронавіч, праводзіць гутаркі. Агульнавядома, што чым вышэй чалавек узнімаецца па службовай лесвіцы, тым менш у яго спагадлівасці і чалавечнасці. Пра Машэрава такога не скажаш. А службовы воз у яго нялёгкі.
Гартаючы неяк томік Петраркі, я прачытаў: «Калі б людзі разумелі, наколькі цяжкае вышэйшае становішча, яны не дамагаліся, а баяліся б яго». Але ўлада прыцягвае.
Вечарам Пятру Міронавічу напалілі лазню. Пасля яго папарыліся і мы. Потым сядзелі за сталом: закуска, чай і бутэлька гарэлкі. Вася Каленчыц разліў. Усе паглядзелі на налітыя чаркі, пасмяяліся, але ніхто нават не дакрануўся. Баяцца адзін аднаго. А мая рука неяк пацягнулася. Я ўзяў налітую чарку і выпіў. Трэба ж ратаваць гонар кампаніі.
26 снежня. Вярнуўся з Заслаўя. Далажыў загадчыку аддзела, як ішла праца над дакладам П. М. Машэрава. Пётр Міронавіч ужо азнаёміўся з тым, што атрымалася. У цэлым матэрыял, на яго думку, пакідае неблагое ўражанне, дае правільны накірунак, ёсць раздзелы і падраздзелы, якія могуць з’яўляцца добрай асновай.
Мяркую, што да Новага года скончым.
Сёння ў мяне дзень нараджэння. Адзначалі сціпла, па-сямейнаму. Начую дома.
27 снежня. Стары Гётэ, успамінаючы мінулае, перабіраючы ў памяці падрабязнасці пражытага, прызнаваўся (пра гэта сведчыць яго сакратар Экерман), што за ўсё жыццё толькі 15 мінут быў шчаслівы. Для Гётэ-алімпійца, задаволенага жыццём, які ведаў і ўмеў браць ад яго насалоду, малавата. Але цікава, што гэта былі за мінуты? Якія?
29 снежня. І. Чыгрынаў атрымлівае Дзяржаўную прэмію БССР як адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць…» Значыць, Іван Гаўрылавіч нездарма прыходзіў, нездарма скардзіўся.
Атрымаў прэмію і Новікаў.
30 снежня. У Кулакоўскага быў П. Пестрак. Прыходзіў плаціць партузносы. Зноў разводзіў рукамі: «Іду да цябе, Аляксей, і баюся, што па дарозе магу згубіць партбілет». Гэта мне перадаваў Кулакоўскі. Мусіць, старэе Піліп Сямёнавіч. Згубіць партбілет ён у душы баяўся ўсё жыццё, а пад старасць страхі вылазяць напаверх.
31 снежня. Сёлета А. Адамовічу прысуджана Літаратурная прэмія Міністэрства абароны СССР за «Хатынскую аповесць». Заслужана.
Варта было б адзначыць і кнігу «Я з вогненнай вёскі…», якую нездарма называюць фактам грамадзянскага подзвігу трох пісьменнікаў. На кожнай старонцы кнігі — чалавечая кроў, горкія слёзы, удушлівы пах палаючага «сінім агнём» чалавечага цела. Ці можна, знаходзячыся адзін на адзін з усім гэтым, ужываць слова «жыццё»? І як назваць кнігу пра гэта? Літаратурай? Не, гэта нешта іншае! Гэта — незагойны боль жыцця, загад людзям змагацца з тым, што пагражае жыццю. Часам здаецца, што аўтараў пакіне мужнасць, што яны, уражаныя адкрытым, застогнуць, закрычаць, выбухнуць градам праклёнаў. Але яны захоўваюць мужнасць. І гэта таксама ўваходзіць важкай часткай у высокае мастацтва, на ўзроўні якога створана кніга.
І крыху пра іншае. У Драздах для кіраўніцтва будуюцца дачы-асабнякі па шаснаццаць пакояў з кіназаламі, бібліятэкамі, басейнамі, саўнамі. І гэта ўсё, і абслуга — за дзяржаўны кошт. Успомніў, як сказаў Коля Заранок: «Камунізм — гэта ўтопія». Ён звязвае гэта з тым, што чалавечая прырода нязменная. Хваліўся, што прачытаў усяго Леніна, і аднекуль ведае, што жаданай ідэяй Маркса было выдаць дачок за багацеяў.
У Акадэміі навук звольнілі з працы Міколу Прашковіча, Сцяпана Міско і некаторых іншых. Прайшлі, чуткі даходзілі, рэпрэсіі на Украіне, пераследы за «нацыяналізм». Пачалі шукаць нацыяналістаў і ў нас, у Беларусі. Мне стала вядома, што шэф у сувязі з гэтай справай прапанаваў Машэраву вярнуць мяне назад у інстытут на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Бралі, маўляў, малодшым, а вяртаем з павышэннем — старшым. Я пра гэта не ведаў. А зусім неблагі варыянт. Машэраў не згадзіўся. З якіх меркаванняў — не ведаю.
1975
1 студзеня. Атрымаў навагоднюю паштоўку ад Максіма Танка. Не забыў. Я адразу пазваніў, падзякаваў і павіншаваў яго і яго жонку, якую ён пяшчотна называе Любашай. Пагаварылі пра мінулы год. Яўген Іванавіч прыгадаў, што ў мінулым годзе бура паваліла ў Белавежскай пушчы дуб Ягайлы, пад якім ён любіў адпачываць. Гэта значыць, Ягайла.