3 студзеня. Адзначалі 50-годдзе шэфа — загадчыка аддзела С. В. Марцэлева, запрасіў на кватэру. «Залаты юбілей». Гучалі тосты і добрыя пажаданні ў гонар юбіляра. Ён ужо доктар навук, хутка будзе прафесарам. Было нямала жартаў, весялосці, успамінаў. Яўген Барысавіч зачапіў (пры нагодзе ён гэта любіць) «сталінскую тэму». Размова зайшла пра дзіцячыя гады, пра выхаванне.
— А вы ведаеце, Сталін гладзіў мяне па галаве!
Усе прымоўклі.
— Я, таварышы, вучыўся ў школе разам з ягоным Васіліем. Зімнім вечарам неяк вывелі нас на Манежную плошчу, на каток. Хлопцы, і Васілій у іх ліку, каталіся на каньках, а я не ўмеў і стаяў ля кромкі лёду збоку. Раптам падыходзіць ён. Прагульваўся з аховай. Спыніўся каля мяне, вельмі ўважліва паглядзеў і пагладзіў па галаве.
— Сказаў што-небудзь? — пацікавіўся Лабун.
— Не.
Усе былі ўражаныя.
— Па шапцы пагладзіў ці па голай галаве? — спрабаваў удакладніць цікаўны Сяргей Лакішык.
Для Яўгена Барысавіча такое «ўдакладняючае» пытанне здалося, відаць, недарэчным.
— Якая розніца? — незадаволена буркнуў ён.
Юбіляр, мяркуючы па ўсім, таксама быў незадаволены, што размова адхілілася ўбок, перайшла на «коўзкую» тэму, далёкую ад юбілею.
6 студзеня. Вечарам разам з Б. Сачанкам былі ў Лужаніна. Яўгенія Эргардаўна прыгатавала сціплы стол, але было што і выпіць, і закусіць. Я вярнуў Аляксандру Амвросьевічу кнігу Б. Ліўшыца «Полутораглазый стрелец» — пра літаратурны рух пачатку ХХ ст., пра мадэрнізм, якую (старое выданне) браў у яго пачытаць. У Лужаніна шмат знаёмых сярод рускіх пісьменнікаў (калісьці — да вайны і ў час вайны — ён і сам знаходзіўся ў Маскве). Пасля вайны ён працаваў сакратаром Якуба Коласа, які сябраваў з многімі і многімі рускімі пісьменнікамі — і маскоўскімі, і ленінградскімі ад Сяргея Гарадзецкага (сябра Аляксандра Блока) да Аляксандра Пракоф’ева. Ведаў многіх і Аляксандр Амвросьевіч. Расказаў, як Саша Пракоф’еў (з яго слоў) гасцяваў у Сашы Фадзеева ў Перадзелкіне. Расказаў так, як бы гэта гаварыў сам Пракоф’еў:
— Сядзелі з самай раніцы, перагаварылі, здаецца, пра ўсё ды і выпілі добра. Але нешта гарэлка гэтым разам не брала, а ўжо звечарэла. «Пайшлі, Саша кажа, да Пастарнака, аб вышэйшых матэрыях пагаворым. Ён, брат, высока лятае…» Хаця выпіць яшчэ і было што. Я згадзіўся. Пайшлі. Дача Пастарнака побач, недалёка. Бачым, і веснічкі адчынены, і святло гарыць. Ну, Саша пастукаў. Раз, потым яшчэ раз ці два. Адчынілася фортка, і сам гаспадар вызірнуў — Барыс Леанідавіч. Убачыў Фадзеева, рукой махнуў: «Счас, Саша!» І тут жа прыносіць бутэльку гарэлкі і паўкруга сыру, праз фортачку падае: «На, Саша, трымай!» Аддаў і тут жа, нягоднік, фортачку зачыніў і занавеску зашмаргнуў. Стаім мы з Сашам, адзін на аднаго глядзім і плячамі паціскаем. Так ні з чым і вярнуліся. Ды як ні з чым? Гарэлку і сыр яму не пакінулі!..
Аляксандр Амвросьевіч дадаў, што ў Фадзеева звычайна запоі пачыналіся з чытання любімага верша Пастарнака. З якога, я, на жаль, не запомніў, бо паспелі ўжо выпіць па чарцы. Трэба будзе перапытаць.
Загаварылі чамусьці пра Горкага. Аляксандр Амвросьевіч расказаў, як Горкі недзе ў сярэдзіне 30-х гадоў выказаў Сталіну жаданне напісаць пра яго кнігу. Сталін згадзіўся. Прайшоў час, але Горкі маўчаў, шкадаваў, пэўна, што гэтак неабачліва прагаварыўся. Сталін праз іншых людзей няраз нагадваў пра яго абяцанне, а потым адправіў яго ў ссылку, у Тэсель, як бы на папраўку, бо Горкі хварэў на туберкулёз. Тэсель — гэта ў Крыме. Пісьменнік паехаў туды разам з апошняй сваёй каханкай Алімпіядай Чартковай, якая была пры ім за медсястру. Ён пяшчотна называў яе Ліпкай…
Цікава сказаў пра Горкага Чэхаў: «По-моему, будет время, когда произведения Горького забудут, но сам он едва ли будет забыт, даже через тысячу лет». Гэта малавядомае выказванне, і зразумела, чаму. Чэхаў (памёр у 1904 годзе) зусім не цаніў творы Горкага і дзівіўся асабістым якасцям свайго калегі, які «пераняў» у яго актрысу Андрэеву.
7 студзеня. У маскоўскай літаратурнай прэсе можна прачытаць намёкі на тое, што, мяркуючы па ўсім, гераічная эпоха мінула. Пачынаецца фарміравацца (як і на Захадзе) час спажыўца. Мінула, відаць, ці мінае эпоха герояў, нахрапіста сцвярджае сябе шэрая паўсядзённасць. Прынамсі, паміраць за ідэю, як калісьці герой верша А. Суркова, ужо ніхто, здаецца, не збіраецца. Яшчэ Мантэнь, мудры Мантэнь, калісьці (ХVI ст.) сказаў: «Памерці за ідэю — значыць прыдаваць залішне шмат цаны недаказаным ісцінам». Тое ж — сам чуў — кажа і наш Макаёнак: «Гераізм не можа быць пастаянным станам чалавека. Удых патрабуе выдыху. Удых — выдых, удых — выдых!» Апошнім часам Макаёнак шмат чытае.