Выбрать главу

Усе бакі чалавечага існавання — раўназначныя для паўнацэннага жыцця, не толькі гераічныя. Літаратуразнаўчы варыянт гэтай думкі: ніякая ідэя — самая, здавалася б, новая і ёмістая — не здольная ўлічыць і змясціць у сабе ўсё багацце і шматстайнасць жыцця.

8 студзеня. Прыкрыя перабоі з прадуктамі. Тое, што ёсць, не высокай якасці. Кажуць, што ў час вялікага посту, перад Калядамі, вернікі задалі пытанне святару: «Ці можна нашу каўбасу лічыць мясным прадуктам? Калі нельга, дык ці можна спажываць яе ў пост?» Святар задумаўся і нічога пэўнага не мог адказаць.

12 студзеня. Хадзіў на Камароўку купіць сала. Сала цяпер прадукт не модны, гасцей салам не частуюць, але часам добра (памяць дзяцінства) з’есці скварку з цыбуляй. Успомніў, як захацелася сала таму ўкраінцу — саветніку нашага пасольства ў Дэлі. Гарачыня, па шчоках пот плыве, а яму сала давай.

13 студзеня. Быў на прэм’еры спектакля па п’есе М. Матукоўскага «Апошняя інстанцыя» ў Рускім тэатры імя Горкага. Рэжысёр Б. Луцэнка. Матукоўскі не бог ведае які драматург. Публіцыст-газетчык. Ні ў чым не сумняваецца. У яго ўсё плавае на паверхні.

17 студзеня. Сустрэў каля помніка Я. Купалы Рыгора Саламонавіча. Спытаў, ці чытаў ён раман А. Асіпенкі «Непрыкаяны маладзік» (нядаўна друкаваўся ў «Полымі»). Відаць, у крытыка не было настрою, бо адказаў даволі рэзка:

— Я яшчэ ў другі раз Томаса Мана не прачытаў, а вы мне пра Асіпенку кажаце.

Ну, я і заткнуўся. Пра А. Асіпенку ахвотна піша В. Каваленка. Удумлівы крытык, ён заўсёды ўмее знайсці нешта цікавае.

20 студзеня. Паклікаў Юрый Пятровіч. Прадстаіць вялікая праца: у Мінску склікаецца Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў па ваеннай літаратуры, пра што казаў калісьці Пётр Міронавіч. Разам з Юрыем Пятровічам пайшлі да яго на інструктаж. Там ужо сядзеў Кузьмін. Пётр Міронавіч пачаў дзяліцца сваімі развагамі:

— У жыццё ўжо даўно ўступаюць новыя пакаленні людзей, якія не ўдзельнічалі ў той, нашай, вайне, але якія павінны ведаць і пра пакуты, горыч страт, панесеных народам, і пра радасць здабытай Перамогі, якая была аплачана вялікай крывёй, і пра тое, чым мы, жывыя, абавязаны тым, хто астаўся на той вайне, каго няма побач з намі. Думаю, таварышы, што не трэба баяцца паўтарыць і ўжо добра вядомае, напомніць аб тым, што агрэсія Германіі супраць Савецкага Саюза паставіла пытанне аб існаванні славянскіх народаў. І гэта зусім не рытарычная і не палітызаваная фраза. Вядома гітлераўская практыка генацыду цэлых народаў. Знішчэнне яўрэяў на захопленых нацыстамі тэрыторыях, якое ўвайшло пазней у гісторыю пад назвай Халакост, пераўзышло ўсе вядомыя ў гісторыі прэцэдэнты. Такі ж лёс быў падрыхтаваны славянскім народам. Генеральны план «Ост», складзены тымі ж фашысцкімі «спецыялістамі», дэтальна прадугледжваў апакаліптычнае знішчэнне славянскіх народаў. Асноўная колькасць ахвяр барацьбы супраць фашызму прыходзіцца на іх. Вялікая Айчыннай вайна не хоча з намі расставацца і адыходзіць у гісторыю. Асабліва гэта становіцца ясным і зразумелым сёння, напярэдадні 30-годдзя Вялікай Перамогі, калі, здавалася б, па часе, попел астыў і настаў момант паглядзець на ўсё спакойнымі і бясстраснымі вачыма. Не, перажытае ў вайну, памяць аб героіцы і ахвярах, стратах, уздымах і падзеннях чалавечага духу, працягвае жыць у сэрцах ветэранаў, удзельнікаў вайны, партызан і іх нашчадкаў, захоўвае сваю актуальнасць, да гэтага часу вярэдзіць свядомасць мастакоў, у тым ліку і пісьменнікаў.

Не ўсё, вядома, з таго, што напісана на ваенную тэму, узнімаецца па сваіх гістарычных, філасофскіх, мастацкіх вартасцях, па сіле ўздзеяння на чытача да належнай вышыні, да таго, што зроблена для Перамогі партыяй і народам. Тут яшчэ шмат работы.

Як звычайна, Пётр Міронавіч гаварыў шмат. Закурыўшы цыгарэту і дыхнуўшы дымам, дадаў:

— Ну, канешне, нешта трэба сказаць і пра сучаснае становішча, пра пытанні эканомікі, кадравай палітыкі, маральнай атмасферы і г. д. Чыста літаратурныя праблемы закрануць самі пісьменнікі, нас жа больш цікавяць агульназначныя моманты.

Размова ў Машэрава выдалася цікавая, змястоўная. Мы, як звычайна, за ім запісвалі. Вядома, агульныя яго разважанні трэба палажыць на канкрэтыку. Гэта адказна, бо слухачы — пісьменнікі.

Пётр Міронавіч станоўча ацэньвае раман Шамякіна «Атланты і карыятыды».

— Вось толькі партработнікам зноўку не пашанцавала.

Юрый Пятровіч, невядома да каго звяртаючыся, па-філасофску зазначыў:

— Пишущие пусть бы выбирали свой предмет по силам.