Выбрать главу

Нічога не запярэчыш — святая ісціна.

Зайшла размова пра Быкава.

— Быкаў — франтавік, — памаўчаўшы, сказаў Пётр Міронавіч. — Ён піша на аснове асабістага вопыту, паказваючы вайну такой, якой сам яе бачыў, ведае і помніць. Чалавек ён складаны. Мы абавязаны на яго ўплываць. Па гэтым, — зірнуў на мяне, — будзем ацэньваць і вашу работу.

Я быццам заложнік ці што? Калі што — мяне будуць біць. «Казёл адпушчэння».

24 студзеня. Выконваю даручэнне Пятра Міронавіча. Праглядаю ўсё, што напісана на ваенную тэматыку — і мастацкае, і дакументальнае. Выдаецца ўсяго даволі шмат. Чытаю, раблю выпіскі. Кіруе працэсам Юрый Пятровіч — вялікі ўмелец складаць шэфу прамовы. Ведае артыстызм шэфа і асаблівасці яго позы і маўлення. Адчувае яго інтанацыю і падбірае пад яе словы, іх спалучэнне і выразы. Сам не раз бачыў, як ён чытае асобныя сказы і размахвае рукой, як бы дырыжыруе, намацваючы патрэбную інтанацыю.

31 студзеня. Прайшлі дзесяць дзён беларускай літаратуры ў Польшчы. Ездзіла дэлегацыя: М. Танк, Г. Бураўкін, А. Адамовіч, І. Чыгрынаў, П. Макаль і інш. Іван Гаўрылавіч на Прэзідыуме СП расказваў, што ў Польшчы быў аб’яўлены конкурс чытачоў на лепшую рэцэнзію на кнігі савецкіх пісьменнікаў. Сучасных, вядома. З беларускіх сярод пералічаных быў В. Быкаў (аповесць «Сотнікаў»). «Хай бы падобны конкурс абвясцілі і мы!» — падхапіў Б. Сачанка.

— Ціка-а-ва! — адгукнуўся на яго прапанову Мікола Гамолка. Гэта яго любімае слова, якое ён гаворыць кожны раз, дзе трэба і дзе не трэба. Пастаянна чуеш ад яго: «Ціка-ава!»

7 лютага. У 11.20. пазваніў з дому П. У. Броўка — вярнуўся толькі што з лячэння, з Масквы. Папытаў, ці маю яго кнігу «Пишу о сердце человечьем…» — на рускай мове. Маю. Сказаў, што няблага падлячыўся, адно толькі голас яшчэ не такі, як трэба, гаворыць дрыжачым басам. Сапраўды, голас дрыжыць. Плануе прысвяціць свайму хірургу некалькі вершаў.

8 лютага. У «ЛіМе» прачытаў, што на філалагічным факультэце Адэскага дзяржуніверсітэта імя Мечнікава адкрыўся літаратурны клуб «Савецкая Беларусь». Старшыня — невядомая мне Марына Пахалюк. «Цікава!» — як сказаў бы Гамолка.

11 лютага. Пазванілі з рэспубліканскага таварыства «Веды». Ёсць магчымасць паехаць у Польшчу з чытаннем лекцый па сучаснай савецкай літаратуры. Паездка плануецца на сакавік—красавік, групу фарміруе Масква. Даў згоду, пабачу Польшчу.

16 лютага. І. Я. Навуменка наладзіў банкет у рэстаране «Журавінка» ў сувязі з днём свайго нараджэння. Споўнілася 50. Сярод прысутных былі пісьменнікі, кіраўніцтва СП, рэдактары газет і часопісаў, уплывовыя крытыкі. Пачаставаць супрацоўнікаў інстытута збіраецца заўтра.

Навуменка ўзнагароджаны — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дакументы рыхтаваў я асабіста.

19 лютага. Пётр Міронавіч абмяркоўвае з намі даклад. Ён гаворыць, як звычайна, а мы з Юрыем Пятровічам, як звычайна, слухаем, робім паметкі:

— Неабходна адзначыць і тое, што прынятыя партыяй і ўрадам меры дабратворна сказаліся на паляпшэнні ўмоў жыцця і быту інвалідаў вайны, сем’яў загінуўшых воінаў, партызан і падпольшчыкаў. У нашай рэспубліцы рэгулярна праводзіцца абследаванне жыццеўладкавання гэтай катэгорыі насельніцтва, планамерна здзяйсняюцца канкрэтныя мерапрыемствы па задавальненні патрэб і запытаў інвалідаў вайны, сем’яў загінуўшых. Толькі за апошнія дзевяць гадоў звыш 120 тысячам з іх палепшаны жыллёвыя ўмовы. У цяперашні час больш за 10 тысяч інвалідаў вайны карыстаюцца бясплатна выдзеленымі аўтамабілямі і мотакаляскамі, палепшана іх медыцынскае абслугоўванне, стацыянарнае і санаторна-курортнае лячэнне…

Пётр Міронавіч гаварыў нібы разважаючы з самім сабой і, абапёршы галаву на руку, сказаў:

— Апошнім часам я думаю яшчэ над адной тэмай, над тым, што правільны асабісты інтарэс можа стаць перадумовай грамадскага дабрабыту. Але пра гэта, відаць, яшчэ не час…

Лішніх пытанняў мы не задавалі. Не паложана.

— І яшчэ. Закраніце пытанне пра рамантыку. Пра тое, што мы не можам абысціся без рамантыкі, я чытаў нядаўна ў Леніна, не помню ўжо ў якім томе. Знайдзіце. Вось пра гэта я павінен сказаць…

Будзем шукаць, падключым «Ленінку».

23 лютага. Ураніцу хадзіў на Камароўку. Іду па вуліцы, гляджу — Піліп Сямёнавіч узяў жменьку снегу і спрабуе на смак. Заўважыў мяне.

— Што, здзіўляешся? Гэта, брат, сакрэт талай вады. Яна адрозніваецца ад звычайнай. Бачыў, як вясной верабейка спяшаецца папіць талай вадзіцы?

— Дык ён жа і летам п’е…

— Не, талая — не тое! У талай вадзе і зерне хутчэй прарастае, і расток спарней развіваецца. Ого! Талая вада…

Я, шчыра кажучы, быў па-юнацку проста ў захапленні ад гэтай «мікралекцыі» Піліпа Сямёнавіча. Я ішоў, а ён ужо вяртаўся з Камароўкі, нешта купіў.