25 лютага. Завяршаем дапрацоўку даклада. Вычытваем пасля машыністак. Распрацавалі пытанне і пра рамантыку. Работа атрымалася салідная. Вядома, гэта дзякуючы Юрыю Пятровічу.
27 лютага. Адкрылася Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў «Неўміручы подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура». Пасяджэнне адбываецца ў Тэатры оперы і балета.
Шмат гасцей з Масквы (я на вакзале сустракаў К. Сіманава, які прыехаў з жонкай «генеральшай» Жадавай), з іншых рэспублік. Мы размясцілі іх у гасцініцах «Юбілейная» і «Мінск». Запланавана наведванне «Хатыні» і Кургана Славы. Апроч пісьменнікаў, прысутнічаюць партыйныя і савецкія работнікі, прадстаўнікі палітупраўлення ЧБВА, камсамола, Рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны.
І што для мяне вельмі прыемна — увесь Інстытут літаратуры. Аглядны даклад па тэме нарады падрыхтаваў Леў Якіменка. Затым заслухалі Пятра Міронавіча Машэрава. Гаварыў гадзіну з нечым. Чытаў сваю прамову з відавочнай насалодай, павышаючы і паніжаючы інтанацыю, робячы акцэнты на асобных словах і выразах. Пакінуў у пісьменнікаў, у большасці, вельмі добрае ўражанне. Гаварылі пра яго з пахвалой. Пра Брэжнева гэтак не гавораць.
— Але добра ведае сельскую гаспадарку! — сказаў Л. М. Навічэнка, які, як крытык, умее і «падкалоць».
Пасля Пятра Міронавіча выступалі па чарзе: Сяргей Баруздзін, генерал-маёр авіяцыі Клецкін, Юрый Збанацкі, Лазіз Каюмаў, Мікалай Грыбачоў, Мумін Канаат і інш.
28 лютага. Выступіў В. Быкаў. Запомніліся яго словы: «На фундаменце нашай Перамогі пабудаваны гмах сучаснага свету».
«Вайна, — сказаў ён, — шматаблічная, подзвіг чалавека ў ёй шматгранны, гэта вядома кожнаму. Было б дзіўным таму зводзіць літаратуру аб ёй да якойсьці, няхай і бліскучай, аднастайнасці, заўсёды згубнай для мастацтва. Як немагчыма ўніфікаваць вопыт усіх удзельнікаў гэтай чатырохгадовай драмы, таксама немагчыма дабіцца, каб усе аўтары пісалі аб адным і тым жа і былі аднатыпнымі па стылі і мове. Рознасць вопыту, натуральна, патрабуе розных тэм і зместу, неаднолькавасць таленту — рознай глыбіні адлюстравання характараў і з’яў. Усведамленне гэтай элементарнай ісціны здымае ўсю вастрыню праславутай спрэчкі аб «акопнай праўдзе» і «маштабнасці ахопу».
Добра! Лагічна!
К. Сіманаў жа, які таксама выступаў крыху пазней, сцвярджаў, што праўду пра вайну ведае толькі народ: «Ніхто не мае права сказаць: «Я ведаю вайну». Ніхто вайну не ведае. Магчыма, ведае нейкую часцінку. Адзін больш, другі менш. Вайну ў цэлым ведае народ, і народ трэба распытваць пра яе».
У гэтым я адчуў стоеную палеміку з Быкавым і з іншымі аўтарамі, а таксама падтрымку «Я з вогненнай вёскі…»
Выступалі Серо Ханзадзян, Давід Кугульцінаў, Леў Гінзбург, Анатолій Сафронаў, Нічыпар Пашкевіч, Юлій Ванаг, Сяргей Смірноў, студэнтка БДУ імя У. І. Леніна Галіна Пакіслюк.
1 сакавіка. Няма калі падступіцца да дзённіка, ідзе Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў «Неўміручы подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура». Сёння — субота. Госці размеркаваліся на групы і раз’ехаліся ў вобласці для сустрэч з людзьмі. Вяртанне заўтра вечарам.
Мне выпала ехаць у Брэст, цягніком. Кампанія выдалася вельмі цікавая: С. С. Смірноў, які праславіўся кнігамі пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, Міхаіл Аляксееў, Б. Васільеў, М. Луконін, В. Озераў, пару чалавек яшчэ, некаторыя з жонкамі. Чаго толькі ні расказвалі! Часам цяжка было нават паверыць. Дзюбалі гарэлку. Міхаіл Аляксееў, як чалавек (лідар — ?) «рускай партыі», трымаўся крыху адасоблена.
Агледзелі крэпасць. Сустракаліся з калектывам дывановага камбіната.
3 сакавіка. Раніцай быў працяг пасяджэння. Выступалі Аляксандр Розен, Юрый Сураўцаў, Пятро Кручанюк, Яўгеній Вараб’ёў, Міхаіл Аляксееў, Рэваз Джапарыдзе, Максім Танк… Заключнае слова — Віталій Озераў.
Нарада, думаю, прайшла не без карысці. Усе гэта прызнаюць. Было шмат цікавых, у літаратурным і проста чалавечым плане, выступленняў. Яшчэ відавочней стала, што ваенная тэма аказала і працягвае аказваць значны ўплыў на ўсю літаратуру, на яе маральна-этычныя пошукі, паказ чалавека, меру праўдзівасці і ўзбагачэння паэтыкі. І яшчэ. 1960-я гады фарміруюць зусім іншы вобраз Вялікай Айчыннай вайны. Яе вопыт па-ранейшаму захоўвае сваю актуальнасць, але яго ацэнка аказваецца нашмат больш складанай і неадназначнай, і гэта прынцыпова. З часоў «адлігі» ваенная тэма ў нашай літаратуры па сутнасці стала антываеннай.
Вечарам 3-га сакавіка, у рэстаране «Журавінка», адбыўся ўрадавы прыём у гонар удзельнікаў нарады.