7 сакавіка. Заўтра Жаночы дзень. Вясна. Абавязкова трэба дастаць кветкі. Як-ніяк, у маёй сям’і дзве жанчыны. Буду званіць Міколу. Ён ведае, як гэта зрабіць.
Прачытаў Тамары, як характарызаваў жанчыну знакаміты філосаф Кант:
«Жена должна быть подобна башенным часам, чтобы делать все минута в минуту, и не похожа на часы, чтобы не оглашать всех тайн, она должна уподобиться улитке в отношении любви к своему дому и не походить на улитку, чтобы не нести на себе все хозяйство».
Тамара смяецца.
11 сакавіка. Аўтарскі вечар М. Танка ў філармоніі. Былі з Тамарай (з дзецьмі засталася Вера Васільеўна). Выступілі Я. Брыль, Р. Барадулін, Р. Шырма, Я. Міско. З поўнай падставай гаварылі пра тое, што ў паэзіі Танка адлюстравалася жыццё народа, свет яго традыцый і культуры. Але гэта, як я разумею, не гарантыя спакою ў наш трывожны, разбэрсаны век. Народ са сваімі традыцыямі пачувае сябе не надта камфортна і таксама мае патрэбу ў падтрымцы і абароне. Паэзія Танка сведчыць, што ён шукае маральнай апоры, шукае аптымізму.
Паэт адказаў на запіскі чытачоў.
12 сакавіка. Аформіў дакументы для паездкі ў Польшчу і атрымаў дазвол. Завяршаю падрыхтоўку лекцыі «Сучасная савецкая літаратура: чалавек і прыроднае ўлонне». Карыстаюся творамі і выказваннямі У. Вярнадскага, С. Залыгіна, В. Распуціна, В. Казько і некаторых іншых пісьменнікаў і вучоных.
14 сакавіка. Упершыню пакаштаваў віскі. Разам з Жэнем Б. трапіў на пачостку, якую наладзіў А. заезджым філосафам-функцыянерам, супрацоўнікам маскоўскага часопіса «Вопросы философии». Мае, відаць, інтарэс, бо і сам «філосаф». Пра А. я ведаю толькі тое, што ён, будучы аспірантам, звычайна разношваў свайму навуковаму кіраўніку купленыя ім новыя і яшчэ цеснаватыя туфлі.
Усё адбывалася ў лазні. Апошнім часам лазня з парылкай стала моднай, паказчыкам жыццёвага камфорту. А. працаваў за мяжой, мае «боны», г. зн. магчымасць схадзіць у «Ивушку», купіць дэфіцыт. Ён гэта і зрабіў, прынёс з «Ивушки» тры бутэлькі віскі «Белая лошадь». Філасофскія праблемы не абмяркоўваліся, а віскі падалося смачным. Нагадвае нашу самагонку. Быццам адно і тое ж.
З аспіранцкіх часоў мяне цікавіць катэгорыя сувязі. Гэта, мне здаецца, надзвычай важная філасофская праблема. Сувязі часавыя і сувязі прасторавыя. Як яны дзейнічаюць паасобку і разам? Як праяўляецца тыпалогія сувязей, іх дыялектыка, непазбежнасць? У чым іх аб’ектыўнасць і заканамернасць? Хацеў падыскутаваць на гэту тэму з заезджымі філосафамі, але «Белая лошадь» (0,7 у бутэльцы) змарыла, прыціснула да стальніц.
16 сакавіка. Дрэнны настрой, і не магу зразумець, чаму. Прычын для дэпрэсіі, здаецца, няма, а настрой дрэнны, і не ведаю, як гэта вытлумачыць. Псіхолаг і паэт Уладзімір Леві лічыць, што гэта інтуітыўнае прадчуванне чагосьці нядобрага. Знак аднекуль збоку ці зверху, з космасу. Вось пішу гэта і адчуваю, як незаўважна падступае да мяне незразумелы смутак. Падступае і авалодвае маёй істотай.
Меў рацыю чуйны П. Панчанка, калі пісаў: «Бяда і радасць ходзяць побач вечна».
17 сакавіка. Напрыканцы рабочага дня пазваніў М. Лужанін:
— Калі можаце, зайдзіце сёння да мяне.
— Здарылася што?
— Нічога асаблівага, але зайдзіце.
Я згадзіўся. У шэсць з мінутамі паклаў паперы ў стол і накіраваўся да Аляксандра Амвросьевіча, жыве ён побач, на вуліцы Я. Купалы, ля Свіслачы, у адным пад’ездзе з прэзідэнтам Акадэміі навук Барысевічам.
Сустрэў гаспадар, які быў адзін у хаце. Яўгенія Эргардаўна кудысьці выйшла, сервіраваўшы стол. Мы селі.
— Гэтую ноч не спаў, — уздыхнуў Аляксандр Амвросьевіч. — Тады, у 1934-м, у гэтую сакавіцкую ноч да мяне пастукалі. Зайшлі і забралі, арыштавалі. Па даносе, нават ведаю, хто. Але, прабачце, не скажу, не буду забіваць вам галавы.
Я не стаў дапытвацца.
— Была зацяжная адліга, а потым падмарозіла.
Аляксандр Амвросьевіч падняўся, дастаў з напольнага гадзінніка прыхаваную там пляшку гарэлкі, паставіў на стол.
— Сядзеў тут, у «амерыканцы», тут і судзіла «тройка» так званая, далі пяць гадоў лагераў. Абвінавацілі ў нацыяналізме. Нацдэм! Верш фігураваў у справе. Я яго яшчэ ў снежні 1928-га надрукаваў у часопісе «Чырвоны сейбіт». Нумар 12(32) — як цяпер помню. І верш помню.
Ён пачаў чытаць, верш называўся «Беларусь»:
Кожны дзень прыходзіць расцвітаць,
Каб пасля памерці за гарамі.
Мы не хочам радасці пітаць,
Што чужымі дадзена рукамі.
Каб ізноў не йсці ў кабалу —
Дышуць сталлю нашыя заводы,
І нясе магутны Асінбуд
Электрычную сваю пагоду.
І калі ў саўгасавых палёх
Завястую наш савецкі трактар,