Выбрать главу

20 верасня. Выклікаў Валянцін і пахваліў: «Правільна, чувак, мысліш!» Гэтае «чувак» мяне крыху абурыла, але ж цяпер у Маскве так кажуць, а Валянцін — масквіч. «Страна ў нас індустрыяльна-аграрная. Правільна?»

— Правільна, — згадзіўся я. Пра Валянціна Панамарова ідзе пагалоска, што ён біёграф Пятра Міронавіча, якога Валянцін называе не інакш, як «папа». Кабінет Панамарова на тым жа пятым паверсе, недалёка ад «папы».

Мяне, здаецца, як бы нават і прыкмецілі, заўважылі. Прызналі. Дык можа ўсё будзе добра?

23 верасня. У Саюзе пісьменнікаў абмяркоўваўся праект новага Дома пісьменніка. Прызначылі месца — па вуліцы Фрунзе. «Наверсе вырашылі», — сказаў Шамякін. Гэта і сапраўды так. Будынак ЦК мае дабудоўвацца, пашырацца, і «асабняк Кубэ» перашкаджае. Доўга думалі, нарэшце Пётр Міронавіч вырашыў: «Ладна, зробім для вас падарак!» Ён меў на ўвазе пісьменнікаў. Нераўнадушны ён да пісьменнікаў!

27 верасня. Далі нарэшце кватэру — аднапакаёвую ў буйнапанэльным доме, па вуліцы Фабрычнай. Гэта ў раёне велазавода, насупраць кандытарскай фабрыкі «Камунарка», якая дыміць па той бок Партызанскага праспекта — Магілёўскай шашы. Побач — кафэ «Белочка». Прафесар Ларчанка, якога я часта сустракаю, калі ён ідзе на філфак, і з якім цікава бывае перакінуцца словам, сказаў, што да вайны ён там паляваў на зайцоў.

Каля дома растуць бярозы, рабіны, і гэта мне падабаецца. На дзедавым падворку ў Кругелі не было ні бярозы, ні рабіны. Рос каштан, вярба. У садзе стаялі асінавікі, атрыманыя з прывіўкі яблыневых атожылкаў да асінавых падвояў, а бярозы не было. Магутная ніцая бяроза ўзвышалася ў суседа, каля Шведавага плоту, і яна мне вельмі падабалася.

Недалёка ад дома чыгунка. Ідуць, стукаючы па стыках, паязды з Масквы і ў Маскву. Словам, на ўсход. Звініць на паваротным крузе трамвай № 2 — ідзе да вакзала.

Чутно дыханне лікёра-гарэлачнага завода на Кастрычніцкай вуліцы, за чыгункай. З таго боку патыхае брагай.

Усё гэта — беларускія матывы.

28 верасня. Убачыў у кутку ледзь прыкметную шчыліну паміж блокамі, амаль ад столі да падлогі, але, як ні дзіўна, цёпла, нават надта. Магчыма таму, што зусім побач ЦЭЦ, што абаграе гэты раён. Да трубаў і да батарэй не дакрануцца! Але пар касцей не ломіць.

4 кастрычніка. Займаюся рамонтам кватэры. Мой папярэднік парадкам яе запусціў (таксама, дарэчы, цэкоўскі таварыш), а грошы на рамонт не даў, як гэта паложана. Мясцовая ЖЭС дала брыгаду жанчын.

7 кастрычніка. У «Советской Белоруссии» — мая рэцэнзія на кнігу Васіля Віткі «Казкі», прадстаўленую Саюзам пісьменнікаў на Дзяржаўную прэмію БССР.

Адчуў, што цяпер мне не проста пісаць, бо невядома што думаць чытачу — ці гэта мая асабістая ацэнка, ці ацэнка той установы, у якой я працую. Імкнуся гаварыць толькі ад сябе.

8 кастрычніка. Адрамантаваў сваю аднапакаёўку. Пачаставаў руплівых жанчын. Упусціў кошку, што жыла ў пад’ездзе. На месца, якое яна выбера, пастаўлю ложак.

Наверсе сусед з прозвішчам Гвардыян. Шафёр. Возіць на «Волзе» нейкага начальніка. Гвардыян — грэчаскае слова, па-нашаму, настаяцель. У «настаяцеля» вочы чырвоныя, як цыбуля. «У свабодны ад работы час гляджу з жонкай тэлевізар», — сказаў ён пры знаёмстве.

Мэблі не дастаць. Стол і крэсла набыў па вялікім блаце — праз аддзел гандлю. Ложка пакуль што няма, рассцілаю коўдру і сплю на падлозе. Славуты Ле Карбюз’е лічыць, што дом, паводле яго слоў, гэта «машына для жыцця», машына са шкла і бетону. Мая аднапакаёўка, мяркую, толькі з нацяжкай падыходзіць пад гэтае вызначэнне. Карбюз’е доўга б з яе смяяўся. Але ў сваёй хаце добра. Ноччу — цішыня, знікаюць вечаровыя цені і гукі, і ёсць у гэтым свая чараўнічасць.

У сваёй хаце, як у нас кажуць, і качарга маці.

Зрэдку заходзіць Лёня.

12 кастрычніка. Пачаліся літаратурныя вечары пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі. Прыехалі С. Вікулаў (кіраўнік дэлегацыі), Д. Кавалёў, Д. Яромін, М. Гарбачоў, П. Кабзарэўскі, Л. Рашэтнікаў, У. Прастакоў, В. Закруткін, У. Гардзейчаў, У. Аляксееў і інш. На правядзенне падобных мерапрыемстваў у рэспубліцы дае дазвол ЦК.

Госці ўладкаваліся ў гасцініцы «Мінск» і раз’ехаліся ў суправаджэнні беларускіх пісьменнікаў, як сказаў Д. Яромін, па гарадах і весях. Да «весяў», можа, і не дабяруцца, а ў абласных цэнтрах пагасцююць.

На мой погляд, апошнія гады ў грамадстве назіраецца рост цікавасці да літаратуры і мастацтва, да кнігі. Гэта добра, гэта абнадзейвае.

18 кастрычніка. Артыкул С. Пілатовіча ў «Полымі». Прычыніўся да яго і я. Добра высцебалі рэвізіянізм, але беспадстаўна пакрытыкавалі Анатоля Вярцінскага. Няёмка.