Азваўся, калі жанчыны кудысьці адышліся, і Патрыкееў. Аказваецца, ён таксама ведае нямала анекдотаў. Расказаў пра ветэрана, у якога спыталі:
— Скажите, вы пережили такие непростые времена. Когда вам было лучше: при Сталине, Хрущеве или Брежневе?
— При Сталине, — ответил ветеран.
— Но почему?!
— Бабы были моложе.
Слухачы пакаціліся ад смеху.
Потым размова зайшла пра вайну. Семяжон і Патрыкееў — яе ўдзельнікі. «Дзе ж цяпер Гітлер?» — задаў пытанне Патрыкееў. Язэп Ігнатавіч сказаў агульнавядомае: застрэліўся, а труп спалілі, абліўшы бензінам. Усё гэта, дарэчы, доказна апісана ў кнізе Алены Ржэўскай «Берлин, май 1945», на што Патрыкееў адрэагаваў з сумневам:
— Пакуль не прачытаю, не паверу.
У мяне гэтая кніга ёсць, паабяцаў прыслаць Патрыкееву.
20 лютага. Я ўжо ў Мінску, дзень правёў на рабоце. Тут усё па-ранейшаму, «цякучка», як заўсёды. Атрымаў паштоўку ад Сабіра з Баку, віншуе з кожным святам, на гэты раз з днём Савецкай Арміі.
21 лютага. Паслаў Патрыкееву ў Смаргонь кнігу А. Ржэўскай «Берлин, май 1945».
Марудна будуецца Дом пісьменнікаў па вуліцы Фрунзе, трэба падганяць. Гаварыў з архітэктарам Грыгор’евым.
22 лютага. Разам з Барысам Сачанкам наведалі Лужаніна і Яўгенію Эргардаўну. Гаспадар у добрай форме, жвава бярэ чарку.
— Як бавіце час? — бадзёра спытаў Барыс Іванавіч.
— Для мяне ўжо час — гэта чаканне старасці, — сціпла адпавёў гаспадар.
— Яшчэ, Саша, не грашы! — запярэчыла яму Яўгенія Эргардаўна.
— Не старасці, а будучыні, — удакладніў Барыс Іванавіч.
— Дык гэта адно і тое ж.
Узаемаадносіны чалавека з часам заўсёды былі няпростыя. Я ўспомніў сітуацыю ў рамане Аскара Уайльда «Партрэт Дарыяна Грэя». Там герой, чым бліжэй да старасці, тым болей маладзеў. Гэта, зразумела, прыдумка пісьменніка. А. Уайльд у духу свайго часу часта эксперыментаваў, змешваючы такія паняцці, як ісціна, мараль, прыгажосць. А заадно — старасць і маладосць.
— Людзі хочуць жыць доўга, дажыць да старасці, — зноў уставіла слова гаспадыня, — а дажыўшы, крыўдуюць на яе, бэсцяць. Зрэшты, нічога іншага ад людзей не даводзіцца і чакаць.
— Старасць таксама неблагі час, — сказаў Аляксандр Амвросьевіч. — Важна не даваць, каб ён цябе сагнуў. Каб чалавек не звяў і не ўпаў у дэпрэсію. Тут могуць дапамагчы праца, прырода, лес…
Беларуская прымаўка наконт старасці сцвярджае: «Пад старасць і кот дурнее». Ну, але гэта ўжо гаворка ідзе пра глыбокую старасць. Не ўсё так песімістычна, як здаецца: старасць — недзе я чытаў — час зусім асобных, непаўторных фізічных і псіхалагічных працэсаў, вышыня жыццёвага досведу, і крыўдна было б усяго гэтага не мець.
23 лютага. «Мужчынскі» дзень. На гэты раз ён выпаў у нядзелю.
Вечарам еду ў Маскву.
З’явіўся другі нумар «Полымя» з маім артыкулам «Воблік пакалення». Пакаленне і час. Час таксама мае свае адметныя рысы, сваё аблічча. Уражанне такое, што сёння страчана навізна часу. Як у Сальвадора Далі: гадзіннік расплыўся і спыніўся.
24 лютага. Пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры ў Маскве. Абмяркоўваўся стан беларускай прозы. Выступалі Ю. Верчанка, А. Аўчарэнка, І. Чыгрынаў, Дз. Кавалёў, В. Каваленка, В. Аскоцкі, А. Адамовіч і інш. З Кастрамы прыехаў Ігар Дзядкоў. Гаварылі пра рознае і па-рознаму.
Найболей блізкі да ісціны ў ацэнцы сучаснага стану беларускай літаратуры быў, на мой погляд, А. Адамовіч (якога Аўчарэнка называе на ўкраінскі манер — Олэсь), які выказаўся так:
— Сучасную беларускую літаратуру мы вымяраем крытэрыямі высакаразвітай літаратуры, той, якая ўвабрала ў сябе і «крок наперад у эстэтычным развіцці чалавецтва» — эстэтычны вопыт Л. Талстога, а таксама Дастаеўскага. «Крок» гэты азначае бязлітаснасць праўды аб чалавеку і адначасова павага, вера ў яго. Літаратура, адзначалі выступоўцы, пачынае абмяркоўваць пытанні паходжання, адзінства і прызначэння чалавека, зямлі і космасу. Яна імкнецца спазнаць сувязі, якія спалучаюць у адно цэлае, скажам, кветку пралескі, бляск зоркі і лёс чалавека. Пісьменнікі востра адчулі, што навукова-тэхнічная і гаспадарчая дзейнасць чалавека вядзе да дэгуманізацыі свету. Беларуская літаратура ў лепшых сваіх узорах адстойвае гуманістычныя ідэалы сусветнай культуры, захоўвае і адкрыта дэманструе сваю каштоўнасную арыентацыю.
Ігар Дзядкоў дрыжачым голасам гаварыў аб нейкіх бязлітасных людзях, «бестрепетно беспощадных», якія кожнага гатовы ўзяць за глотку і душыць. Крыху здагадваюся, каго ён меў на ўвазе.