Выбрать главу

У перапынку ля дзвярэй з кімсьці спрачаўся С. Залыгін (я чытаў яго, напісаны з бляскам, раман «Южно-Американский вариант»). Залыгін казаў, што руская літаратура хварэе на «черную гордыню учительства» і што гэта абражае чытача. «А вось заходняя літаратура, — падумаў я, адштурхнуўшыся ад думкі Залыгіна, — на гэтую «гардыню» чамусьці не хварэе. Чаму — не ведаю». Шкада, што нашы размовы пра літаратуру адбываюцца, як правіла, па-за кантэкстам з вялікімі еўрапейцамі Томасам Манам, Генры Джэймсам, Джозефам Конрадам (якім я захапляўся, калі працаваў у Камароўцы), Марселем Прустам, Францам Кафкам, Артурам Шніцлерам і яшчэ, і яшчэ. Уявіць «літаратурную планету» (выраз Адамовіча) без іх — нельга.

Вечарам — у гасцініцы. Хадзілі з Кулакоўскім да прыгажуні, якую ён нагледзеў. Гэта — Валя П., супрацоўніца гаспадарчага сектара СП СССР. Звычайна яна дапамагае ўладкавацца ў гасцініцу і набыць білет у зваротны шлях. Мы і рушылі да яе быццам з мэтай заказаць білеты да Мінска, бо з’езд ужо заканчваў работу. Аляксей Мікалаевіч паклаў у сетку віно і сыркі. Я знаёмы з Валяй, маладзіца гадоў за сорак, сімпатычная. Прадставіў ёй калегу, намякнуў, што пісьменнік ён паспяховы (так яно і на самай справе), і развітаўся, пакінуўшы іх удваіх.

Неўзабаве Аляксей Мікалаевіч вярнуўся з неадкаркаванай бутэлькай і сыркамі, крыху збянтэжаны. Патлумачыў: «Сказала, што няма часу, шмат неадкладнай работы, і, кажа, такога салодкага віна я не п’ю».

— Нічога! Можа, іншым разам, — суцешыў я яго.

Аляксей Мікалаевіч дастаў з кішэні штопар:

— Адкаркуй!

Віно і сапраўды аказалася надта салодкім. Як узбекскі шарбет.

— Распешчаная! — сказаў Аляксей Мікалаевіч, відаць, маючы на ўвазе няўдалыя заляцанні.

25 чэрвеня. Сустрэў Сачанку і Гаўрылкіна з жонкай. Барыс Іванавіч падзяліўся інфармацыяй: паабедзе для пісьменнікаў запланавана «Ивушка» з дэфіцытнымі таварамі. Пакуль што пайшлі на з’езд.

Адбыліся выбары праўлення, затым старшыні. Старшынёй выбралі К. Федзіна, хоць яго на з’ездзе не было. Жыве на дачы ў Перадзелкіне і ў пісьменніцкія справы не ўмешваецца. Можа, таму і выбралі. На месцы спраўляецца Георгій Макеевіч.

Вярталіся з Масквы усёй дэлегацыяй за выключэннем Мележа, які накіраваўся ў Ялту.

З дэфіцытных набыткаў (з той самай «Ивушки») маю цяпер англійскі парасон. Тамары купіў сумачку.

28 чэрвеня. Вязём дзяцей у Плешчаніцы. У лесе пачынаюць чырванець суніцы, так што пойдзем у лес, бліжэй да прыроды. Хай збольшага ўтаймуюцца маскоўскія ўражанні.

1 ліпеня. Шэф патрабуе план работы сектара на другое паўгоддзе. Напомніў яму пра пераход у Інстытут літаратуры.

4 ліпеня. Гутарыў з гісторыкам Міколам Ермаловічам (у Доме літаратара). Ён кажа, што сапраўдныя літоўцы гэта не летувісы, а мы, што найменне беларусы выпадковае. Пра гэта калісьці пачаў быў пісаць С. Александровіч у «ЛіМе». Тут ёсць вялікая праблема.

6 ліпеня. Споўнілася 125 гадоў ад нараджэння Янкі Лучыны. Быў літаратурны вечар. Цікавыя яго «Палескія акварэлькі».

Магіла — на Кальварыйскіх могілках.

7 ліпеня. Нарэшце начальства згадзілася на мой пераход у Інстытут літаратуры. Што добрага пакідаю тут? Мяркую, што чалавек пасля сябе не можа пакінуць нічога лепшага як хіба што добры ўспамін. На гэта і спадзяюся…

"Полымя", 2011 год, №№ 5-11.