Выбрать главу

Затаіліся лес і зямля,

Ліст апошні

вось-вось

сарвецца.

Здрыгануўся, уражаны, я,

Бы не ліст зрываецца —

сэрца.

Гэтыя нясмелыя радкі Генадзя Пашкова кранаюць трапяткім адчуваннем прыроды і адначасова сардэчнай пяшчотаю.

У Юркі Голуба мне спадабаўся яго лірычны эцюд — успаміны пра родную вёску, — які па асацыяцыі нагадаў мне вясковыя матывы з вершаў Паўлюка Труса («О вёска, вёска пры гасцінцы!..»). Традыцыя, асабліва ў сферы тэматычнай, прасочваецца дастаткова выразна.

Большасць маладых валодае зайздросным талентам любіць і разумець прыроду. Гэта дарагі талент! Я сустрэў яго ва Уладзіміра Дзюбы:

Бы ў прадчуванні небяспекі,

Асокі вострыя нажы

Павытыркалі грозна рэкі.

І кожны з тых нажоў дрыжыць…

Асаблівая чуласць і тонкасць адносін да «зялёнага свету» прыроднага, — у адным выпадку гэта галінка вярбы, у другім — лясная неруш, у трэцім — раўчук веснавой вады і песня жаўрука, — прыкметна ў дзяўчат. Усе яны — і Жэня Янішчыц, і Лена Руцкая, і Людміла Парымончык, і Ала Красінская — выступілі ўдала або амаль удала і пакінулі аб сабе добрае ўражанне.

З юнакоў шмат абяцае як паэт Алесь Разанаў. У яго бачна сваё нейкае асаблівае напружанае і не па гадах сталае ўспрыманне свету, арганічная неўтаймаванасць душы, абвостраная прага «адшукаць адкрыццё». Не ўсе з сямі змешчаных у зборніку вершаў аднолькава роўныя і добрыя. Мне найбольш запомнілася яго «Адкрыццё» — верш з напружана пульсуючай філасофскай думкай пра тое, якімі шляхамі і да каго прыходзіць доўгачаканае «адкрыццё» — «пад гоман рэчак і асін у выпадковасці адчайнай і невыпадковае зусім». Верш вызначаецца роздумам. Уменне думаць — якасць для паэта першародная, і прыемна, што яе знаходзіш у вершах Алеся Разанава.

У сувязі з праблемай маладых не лішнім будзе мець на ўвазе і думку славутага мастака П. Пікасо: «Трэба шмат часу, каб стаць маладым».

14 лістапада. Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Разгледжана пытанне: «Беларуская літаратура да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна». Былі, як звычайна, прамовы. З грунтоўным дакладам пад назвай «На шырокай плыні жыцця і часу» выступіў сакратар СП І. Мележ. Даклад спадабаўся прысутным.

«Думаецца, — казаў дакладчык, — нельга не падтрымліваць права кожнага пісьменніка пісаць пра тое, што яго хвалюе, што ён ведае, калі гэта толькі мае значэнне для літаратуры, для народа. Трэба падтрымліваць і цяпер усе значныя творы, над якімі працуюць таварышы, і жадаць з поспехам завяршыць іх. Трэба бачыць шырока наша літаратурнае поле. Але ёсць і другі бок справы. Ёсць жыццё, якое ідзе, і якое дыктуе сваё права, і ёсць чытач, які таксама патрабуе кніг пра новае.

А мы гэтых кніг даём вельмі мала. Трэба быць больш чулым да жыцця. Быць у ім, у самым яго віры. Сярод тых, хто робіць яго — калгаснікаў, рабочых, інжынераў, салдат».

Многія адзначалі ўменне беларускіх пісьменнікаў пісаць этнаграфію, побыт. Маскоўскі крытык А. Аўчарэнка, які прысутнічаў як госць, быў на гэты конт іншай думкі:

— Вузкі бытавізм, таварышы! Мяне трывожыць адыход ад сацыяльных праблем! Страчаны высокі рамантызм пошуку!

Меўся выступаць наш В. Барысенка, і на яго вельмі насцярожана, нават непрыязна пазіраў Пестрак. Прычына — усім вядомая. Барысенка калісьці ў сваёй прамове на сходзе, на якім крытыкавалі Барыса Пастарнака, замест «Пастарнак» неасцярожна сказаў (агаварыўшыся, вядома) «Пестрак». Пестрак, які прысутнічаў на сходзе і рыхтаваўся да свайго антыпастарнакаўскага выступлення, падскочыў як ужалены. Відавочна, ён напалохаўся ад нечаканасці, што гаворка раптам перайшла на яго. Потым Барысенка паправіўся, але Піліп Сямёнавіч не змаўчаў: «Каб не несці лухты, трэба выступаць па паперцы, хоць ты і акадэмік!»

Узяў нарэшце слова С. А. Пілатовіч. Над гэтым выступленнем ён працаваў сам, без чыёй-небудзь дапамогі. Тую частку, якая тычылася СП, я занатаваў:

«У творах нашых пісьменнікаў усё яшчэ сустракаюцца асобныя хібы: пасіўнае сузіральніцтва, элементы біялагізму, смакаванне адмоўнага ў чалавеку, невыразнасць ідэйных пазіцый».