Выбрать главу

Каля труны сядзела і горка плакала ўдава Ніна Іларыёнаўна. Пасля вайны яна апынулася ажно ў Германіі (сярод перамешчаных), дык Глебка з дазволу Панамарэнкі ездзіў туды за ёю, выбавіў, вярнуў. Пахавалі Глебку на Маскоўскіх могілках.

Крапіва, аказваецца, знаходзіўся ў лечкамісіі, Броўка таксама хварэе — язва страўніка.

Пра нябожчыка Глебку І. Шамякін сказаў: «У яго было вельмі хворае сэрца, а ён яшчэ і піў».

20 снежня. Купіў нарэшце (размяркоўваў прафкам) «Воспоминания и размышления» Жукава. Суха, няма побыту, нешта тоіць. На масавага чалавека глядзіць з пункта гледжання статыстыкі.

Па кінатэатрах фільм «Брыльянтавая рука».

24 снежня. «Литературная газета» піша, што ў Берліне адбыўся сумесны калёквіум пісьменнікаў ГДР і СССР на тэму «Вобраз рэвалюцыянера ў сучаснай сацыялістычнай літаратуры». Цікавы народ — рэвалюцыянеры.

Асабістага для іх нібы і не існуе. Але, з другога боку, не існавала і стрымліваючых рамак. У Леніна пра рэвалюцыянера чытаем: «Плох тот революционер, который в момент острой борьбы останавливается перед незыблемостью закона» (ПСС, т. 36, стар. 504). Недзе чуў, што па колькасці прафесіянальных рэвалюцыянераў Расіі няма роўных сярод іншых краін. Адзін з першых такіх «прафесіяналаў» — Нячаеў. Яго апраўдвае вядомы паэт Б. Слуцкі:

Нечаев… Прилепили к нему «щину»,

В истории лишили всяких прав.

А он не верил в сельскую общину,

А верил в силу. Оказалось — прав.

— Он был жесток.

— Да, был жесток. Как все.

— Он убивал.

— Не так, как все. Единожды.

Дыскусія працягваецца, пра што сведчыць берлінскі калёквіум.

25 снежня. Ёсць у апараце ЦК група рыбакоў-фанатаў: Лабун, Есьман, Шоба, Корбіт і інш., чалавек дванаццаць. Субота і нядзеля — іх «рыбныя» дні, у святы таксама на рыбалцы. Устаюць рана-раненька, гадзіны ў 3-4.

Аўтобус з базы ЦК вязе на нейкую рэчку ці азярцо. Ёсць, расказваюць, сярод іх адзін, які раніцай з бадуна пастаянна падае ў ваду. Дык яго прывязваюць за лазовы куст.

Мне б з імі, але дзеля гэтага трэба быць фанатам і на ўсё астатняе забыцца.

26 снежня. Дзень нараджэння і падарунак: устаноўка тэлефона: 4-34-37. Некалі інстытуцкі калега В. К. Зайцаў расказваў пачутае ад вядомага пісьменніка Г. Шторма — як у яго кватэры паставілі тэлефон. Аднойчы да яго з’явіўся пасыльны з запіскай: «Пазваніць па такім вось нумары». Тэлефона Г. Шторм не меў, і давялося — справа была зімой — ісці за квартал да тэлефоннай будкі. Набраў патрэбны нумар, назваў сябе, яму адказалі: «Будзеце гаварыць з таварышам Сталіным». Шторм падумаў, што гэта розыгрыш, але праз нейкі час у трубцы пачулася: «Товарищ Шторм?» — «Да-да». — «Гаварит товарищ Сталин». — Шторм справіўся з хваляваннем і дрыжачым голасам адказаў: «Слушаю, товарищ Сталин». — «Я прочитал вашу книгу об Ушакове, и у меня есть серьезные замечания». — «Слушаю, товарищ Сталин». — Шторм намацаў і дастаў з кішэні запісную кніжку і аловак, прыладзіўся запісваць. Сталін пачаў даваць заўвагі, указваць на памылкі аўтара, а Шторм, калоцячыся ад страху, занатоўваць. Сталін педантычна назваў старонку і фармуліраваў недахопы і ўпушчэнні аўтара. Ля будкі назбіралася чарга пазваніць, людзі сталі стукаць у дзверы, прыспешваць. Шторм, як мог, адбіваўся, і суразмоўца адчуў гэта: «В чем дело, товарищ Шторм?» Той растлумачыў, што ён звоніць з тэлефоннай будкі і што ля будкі назбіралася чарга. Пачуліся гудкі — гэта Сталін паклаў трубку. Пісьменнік быў у адчаі, дадому вярнуўся з самымі змрочнымі думкамі. І сапраўды, праз паўгадзіны пастукалі. З’явіліся нейкія людзі ў мангольскіх кажухах, з нейкім абсталяваннем, скруткамі кабелю, незадаволеныя («каму гэта сярод ночы спатрэбіўся тэлефон»), працягнулі па плінтусу кабель, устанавілі тэлефонны апарат, падключылі і праверылі работу. Не паспелі яны выйсці за дзверы, як тэлефон зазваніў. Пісьменніку нічога не заставалася, як падняць трубку і прыкласці да вуха.

— Продолжим, товарищ Шторм, наш разговор, — пачуў ён знаёмы голас.

У мяне, вядома, усё было не так, а інакш, прасцей. Тэлефон паставілі.

27 снежня. Абстралялі картэж з касманаўтамі. Кажуць, стралялі не ў касманаўтаў, а ў Брэжнева. Нейкі дзівак (!) страляў з двух пісталетаў. Перадало радыё «Свабода». Папалі быццам бы ў нейкага касманаўта. Шкада, калі так.

29 снежня. Пазванілі з лечкамісіі — Броўку збіраюцца аперыраваць на рак страўніка. Алена Міхайлаўна ў роспачы.

30 снежня. Новы год буду сустракаць у прыёмнай Машэрава. Упёрлі на дзяжурства як навічка. Авохці мне!