Выбрать главу

Нам бы хацелася, таварышы, мы б жадалі, каб нашы просьбы і задачы, якія ставіць Цэнтральны Камітэт перад пісьменнікамі, і крытыка наша, якая была і на пленуме, — яна дайшла да вас, — я хачу падкрэсліць, што яна была добрасумленнай, добразычлівай, таварыскай, — былі б вам зразумелы. Мы будзем гаварыць аб станоўчых баках літаратуры і аб недахопах яе. І вы не павінны крыўдзіцца…»

Пакрыўдзіўся А. Кулакоўскі за тое, што яго, сакратара партарганізацыі, не запрасілі на гэтую сустрэчу.

Забыў яшчэ адну дэталь: Пілатовіч настаяў, каб у Саюз пісьменнікаў быў прыняты Гаўрыла Шутэнка. Гэта — паэт, піша вершы (даволі слабыя), былы танкіст, інвалід.

14 сакавіка. Сонца ўсё вышэй і вышэй, але часам яшчэ валіць буйны снег. На дрэвах — шэрань.

18 сакавіка. Памёр Анатоль Сербантовіч. На пахаванні, калі труну паставілі ў Саюзе пісьменнікаў, вельмі галасілі сёстры. Заўчасна памёр. Малады і таленавіты. Кулакоўскі спрабаваў суняць жанчын, але Алесь Асіпенка спыніў яго: «Гора, братка, трэба выплакаць». Шкада, вельмі шкада Толю, сэрца праткнуў востры боль…

22 сакавіка. Добрая нядзельная раніца. Сонца. Цішыня. Усё навокал як бы чагосьці чакае. На прыпынку раніцой шмат народу. Усе — на працу.

Распусціліся дрэвы, але гэта не радуе майго суседа па паверсе Якава Лукіча. «Сакавік зялёны — ураджай благі», — кажа ён. Якаў Лукіч — чалавек прыязны, камунікабельны. Неяк расказаў пра сябе, пра тое, як цяжка скадвалася жыццё — яго і жонкі. Жонка яго Станіслава Францаўна да вайны, дзяўчынай, займалася ў клубе імя Чкалава, захаплялася парашутным спортам, а за адно вучылася і на радыстку. Аднак не думала, што лёс складзецца менавіта так: у 41-м годзе, вясною, яе выкінулі з парашутам і рацыяй на тэрыторыю Польшчы, на поўдзень ад Варшавы, а неўзабаве Германія напала на СССР, пачалася вайна, а ў Станіславы Францаўны сапсавалася рацыя. Усю вайну маўчала. Аб’явілася толькі пасля вызвалення Польшчы. Ну, вядома, пасадзілі. З лагера дапамог выбавіцца Якаў Лукіч, які, відаць, не пераставаў кахаць сваю «парашутыстку».

Бачу часам Станіславу Францаўну. Яшчэ не старая, бадзёрая і вясёлая.

23 сакавіка. З ЦК КПСС прыйшоў дазвол на выданне тыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

Л. Прокша дужа рады.

Вечарам, калі ішоў дадому, лёталі гракі — гэта ў іх любоўныя гульні. Сядаюць на бярозу і спарваюцца. Нейкая пара на самай вершаліне майструе гняздо, ён і яна нястомна носяць і складаюць сухія галінкі. Гняздо прыкметна чарнее на фоне неба.

26 сакавіка. Адбыўся пленум творчых саюзаў Беларусі. Ад ЦК КПБ выступаў С. Пілатовіч. Падкрэсліў ленінскія прынцыпы нашай літаратуры і мастацтва: ідэйнасць, партыйнасць, народнасць, ад якіх адступаць нельга.

Было шмат выступоўцаў, усе хвалілі Леніна.

Дзіўлюся і не разумею, чаму пра Леніна гэтак дрэнна пісалі такія пісьменнікі, як Андрэеў, Купрын, Горкі, Бунін і многія іншыя, у тым ліку і наш Бядуля. Потым, відаць, калаціўся ад страху.

28 сакавіка. Прыехаў Ян Гушча. Сустракалі яго Я. Брыль і П. Макаль. Гушча — вядомы польскі паэт і перакладчык, жыве ў Лодзі.

29 сакавіка. Заходзілі ў госці Сцяпан Міско і Рыгор Барадулін. Рыгор здаў у выдавецтва новы зборнік — «Вяртанне ў першы снег». Назва якая — барадулінская! Ужо пра адну назву можна напісаць цэлае даследаванне.

Пагаварылі, выпілі па чарцы кан’яку, закусілі цукеркамі. У каробцы іх было не шмат, і яна хутка апусцела. На дне каробкі Барадулін напісаў, дастаўшы з кішэні аўтаручку:

Я не аматар

хітрых кодаў,

Адкрыты тэкст

даю ў эфір:

«Не знайся з сумам,

Гніламёдаў,

Харошы друг Уладзімір!»

Рыгор. 29.III.70 г.

Я, прызнаюся, крыху вінаваты перад ім. Калісьці, яшчэ маладым, напісаў даволі крытычную рэцэнзію пад назвай «Вобразы і мікравобразы» на яго кнігу «Нагбом» (1963). Бярозкін потым мяне дакараў, а паэт пакрыўдзіўся. Але цяпер, здаецца, адносіны аднавіліся. З людзьмі трэба ладзіць.

30 сакавіка. Дазнаўся, што ўчора, у нядзелю, адбылася аўтамабільная катастрофа. На скрыжаванні Ленінскага праспекта і вуліцы Энгельса. Пілатовіч, Р. Кісялёў і члены камітэта па Ленінскіх прэміях, што прыязджалі на агляд Хатыні і цяпер вярталіся на вакзал да поезда, відаць, спяшаліся. У «Чайку» ўрэзаўся ваенны «ЗіЛ». «Чайка» разбілася ў ляпёшку, пасажыраў выкінула на брук. М., які ехаў на «Волзе» за «Чайкай», бачыў, як у яе з усёй моцы ўдарыў «ЗіЛ»: «Як у амерыканскім баевіку, — жахаючыся, расказваў ён дрыжачым голасам, — «Чайка» паднялася ў паветра і павольна паплыла, то ўверх калёсамі, то ўніз, пакуль не асела на тратуары». М. кінуўся ратаваць Пілатовіча. Р. Кісялёва і астатніх падабралі і адвезлі ў другую чаргу. Цяпер усе ў лечкамісіі. Як жа будзем без начальніка? Надта шкада Станіслава Антонавіча.