Ляцелі самалётам «Мінск—Мазыр». Нас трое: Мікола, Юзік і я.
14—15 жніўня. Гасцяванне ў Міколы, у Гліннай Слабадзе. Маці Міколы — настаўніца мясцовай школы, мілая жанчына. Бацька не вярнуўся з вайны. Мікола ўспомніў, як некалі бегаў з такімі ж, як ён, падлеткамі ў Накаў па пенсію на бацьку. Ніна Іванаўна пусціла слязу.
Пасядзелі за бяседным сталом. Ніна Іванаўна, відаць, папярэджаная сынам аб нашым прыездзе, падала крупеню з грыбамі (гэта такі адмысловы суп), а на другое — смажаную гуску з яблыкамі, ядлаўцовымі ягадамі і часнаком. Прыгадаўся даўні помнік нашай літаратуры — «Прамова Мялешкі»: «Добрая была гуска з грыбкамі». У Ніны Іванаўны — з яблыкамі. Начавалі на сене. Раніцай выйшаў на двор, траву ўсцілала раса. Нізка слаўся дым з коміна, руплівая Ніна Іванаўна ўжо нешта гатавала.
Сняданак — святочны, з дранікамі і чаркай самагонкі. Ціснуў, відаць, неблагі майстра — вінакур. Прадукт атрымаўся са знакам якасці.
— Робім, як для сябе, — патлумачыла Ніна Іванаўна.
Доўга гулялі па Гліннай Слабадзе і завіталі да Міколавага знаёмага Івана. Гаспадар пачаставаў мёдам са свежымі гуркамі. Не абышлося без самагонкі, не горшай, чым у Ніны Іванаўны. Іван — пчаляр-бортнік, трымае свае борці (вуллі) у лесе на дубах. Кажа, што пчолы яго любяць. Пчолы джаляць, калі пах не падабаецца. Калі Мікола кудысьці выйшаў, гаспадар сказаў пра яго:
— Маладзец! Усё дастане. Нырне, а дастане!
У нядзелю паехалі на Прыпяць. Купаліся. Я пераплыў на той бераг і, адпачыўшы, вярнуўся назад. Імклівая плынь аднесла далёка ўбок.
У Мінск вярталіся таксама самалётам.
Канчаю пісаць, бо дужа стаміўся.
16 жніўня. Пачаў кашляць, надыхаўшыся свежым палескім паветрам.
Павысілася тэмпература. Пазваніў на работу свайму візаві Валерыю Сяргеевічу, сказаў, што захварэў. Гадзіны з дзве ці болей ляжаў на ложку, адчуваючы свой малапрыемны хваравіты стан. Нічога не хацелася. Раптам чую: званок у дзверы. Устаў, адчыніў. На парозе з’явіліся дзве дзяўчыны — Тамара з сяброўкай. Прыйшлі праведаць. Прынеслі шакаладны набор цукерак з лікёрам і іншымі напоямі. Я ўзрадаваўся прыгажуням.
— А як вы мяне знайшлі?
— Пазванілі на работу, Валерый Сяргеевіч падняў трубку і сказаў.
— Ну, дык добра зрабілі.
Тамара агледзела жытло: на падлозе пыл, па кутках павуцінне.
— Дзе ў вас ануча? — спытала.
— Я сам прыбяру.
Але яна кінулася ў ванну, знайшла анучу, намачыла, выціснула лішнюю ваду і пачала шчыраваць. Я міжволі загледзеўся на яе прыгожыя лыткі.
Частаваў дзяўчат чаем з каньяком. Гаманілі.
Цяпер, калі госці пайшлі, успамінаю народную прымаўку: «Каханне не блінцы, а закахаўшыся — канцы». Ну, што ж...
17 жніўня. На працы. Наведвалася двое пісьменнікаў. Не буду называць прозвішчы. Ёсць такія. Ходзяць, выпрошваюць узнагароды, прэміі, нагадваюць пра свае юбілеі.
22 жніўня. Прачытаў «Вершалінскі рай» А. Карпюка. Слаба. Неяк правінцыйна. А матэрыял цікавы!
31 жніўня. Пачуў барадулінскую эпіграму: «Коль на дружбу повелось, ваш — ишак, а наша — Лось». Не, так нельга. Выдатная паэтэса, жанчына...
На паэта К. (ён умее смачна гатаваць, у арміі быў поварам) прыдумаў: «паэт—трыбух». Гэта ўжо занадта.
3 верасня. 70 гадоў В. Вольскаму. Я. Герцовіч даў пра яго артыкул «Непаўторнасць», з якога відаць, як устарэла метадалогія гэтага крытыка. Ператварылася ў курэнне фіміяму.
Калісьці, да вайны, В. Вольскі быў дырэктарам Інстытута літаратуры. Цяпер у ценю. У ЦК ні за чым не звяртаецца. Стаў надта ціхмяны. «Цяжар гадоў на карак цісне, — сумна прызнаўся пры сустрэчы і дадаў: — Як сказаў адзін паэт. Хто — дык ужо не помню».
У пачатку 30-х ГПУ праводзіла вобыск на кватэры Якуба Коласа. Прымаў удзел і Вольскі. «Абмацваў кожны рубчык», — успамінаў Колас. Але што зробіш — час быў такі.
8 верасня. У Мінск па запрашэнні А. Макаёнка прыехаў Яўгеній Еўтушэнка. Паэт вядомы далёка, папулярны, і я люблю яго вершы. Свежыя.
На Еўтушэнку нападаюць, але ён не саромеецца даваць здачы. І дае. Хтосьці, праўда, з незычліўцаў сказаў пра яго: «придворный вольнодумец». Зрэшты, яму самому гэта вядома болей, чым каму іншаму. Інакш бы ён не напісаў эпіграмы, прысвечанай свайму цёзку — Яўгенію Далматоўскаму:
Я — Евгений, ты — Евгений.
Я не гений, ты не гений.
Я г..., и ты г... —
Я недавно, ты давно.
Пра сучаснага рускага паэта Юрыя Кузняцова ён гаворыць як пра буйнога паэта-рэакцыянера. Уся паэтыка яго, на думку Еўтушэнкі, гэта казкі Афанасьева і анекдоты.