Макаёнак вельмі задаволены, што паэт аддаў у «Нёман» для першай публікацыі сваю новую паэму «Под тенью статуи Свободы». Прэстыжна!
Радаводныя карані Яўгенія Аляксандравіча — на Палессі.
10 верасня. Памёр Антон Алешка. Ваенурач і пісьменнік. У лютым разам ездзілі ў Гродна. Добры чалавек. Вельмі шкадую.
13 верасня. Быў у сваім Камянцы на раённай партканферэнцыі. У Кругель не заязджаў, не было як, папрасіў сакратара райкама, каб прывезлі дзядулю дроў. Пасля смерці бабулі Фёклы ў 1959 годзе ён ажаніўся, і я рады, што доўжыцца яго жыццё.
Пастаяў каля Камянецкага Стаўпа. Гэта славутасць маёй радзімы, узведзеная ў 1276—1277 гадах. Гісторыя Камянца глыбокая і драматычная. З 1366 года ён у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Пачуўшы аднойчы ад А. Ф. Коршунава, што папраўдзе мы не беларусы, а літвіны, я ўспомніў, што менавіта літвінам лічыў сябе і дзед мой Лявонцій Міхайлавіч Сцепанюк (пра якогая толькі што згадваў).
15 верасня. Праводзіў Тамару. Хадзілі ў кіно. Здаецца, узрадавалася, калі ёй пазваніў.
17 верасня. Дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Сёлета пра гэта «свята», здаецца, ніхто не ўспамінае. У мінулым годзе таксама не помню, каб адзначалі.
На Камянеччыне добра памятаюць той час.
27 верасня. Званіў з Брэста бацька, сказаў, што дзеду загацілі ўвесь падворак калодамі. А хто яму іх папілуе? Трэба неяк ехаць, дапамагаць. Набыць пілу «Дружба» і ехаць.
1 кастрычніка. У «Маладосці» новая аповесць В. Быкава «Абеліск». Даследаванне маральнага патэнцыялу чалавека, яго маральных прынцыпаў.
3 кастрычніка. Былі з Сачанкам у Лужаніна. У размове Сачанка паскардзіўся, што прыяцель пазычыў грошы і не аддае. Аляксандр Амвросьевіч — мудрэц! — патлумачыў:
— Калі вы пазычаеце каму-небудзь грошы — гэта значыць, што аддаяце тое, што вам не патрэбна. Аддаяце лішняе. Вы не маеце права патрабаваць іх назад.
Вядома, Барыс Іванавіч з гэтым не пагадзіўся. Ды і я таксама. Нас падтрымала жонка Аляксандра Амвросьевіча Яўгенія Эргардаўна. Аляксандр Амвросьевіч паставіў на стол бутэльку. Барыс Іванавіч зірнуў на бутэльку (ён амаль не п’е) і расказаў анекдот:
— Урач пытае: «Скажыце, што прымушае вас так напівацца кожны дзень?» — «Нішто і ніхто! — адказвае чалавек. — Я дабраволец».
— Добраахвотнік, — паправіў яго Лужанін. […]
9 кастрычніка. Усе шукаюць працу для Аляксея Карпюка, які застаўся без працы. Ёсць у гэтым і наша віна. Маю на ўвазе тую камісію, якая правярала работу Гродзенскага аддзялення.
Працу, безумоўна, знойдуць.
12 кастрычніка. Адзначалася 75-годдзе з дня нараджэння Міхася Чарота. Адзін з нашых пакутнікаў. А на пачатку 20-х гадоў быў у вялікім фаворы! Пра яго пісаў сам У. Ігнатоўскі, сцвярджаючы, што Міхась Чарот «з’яўляецца адраджэнцам беларускай культуры як культуры пралетарыяў і сялянаў, падняўшыхся на барацьбу проціў палітыка-сацыяльнага, а разам з тым і культурна-нацыянальнага ўціску». Гэта быў час, калі пра паэзію пісалі дзяржаўныя дзеячы. Праца Ігнатоўскага пра Чарота называлася: «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (Мн., 1922).
Цікава было б паглядзець на паэму «Босыя на вогнішчы» праз «карнавальную» метадалогію М. М. Бахціна.
15 кастрычніка. На Камароўцы яшчэ з ліпеня распачалі работы па ўзвядзенні помніка Якубу Коласу. Помнік Янку Купалу будзе стаяць у скверы каля музея. Распачата падрыхтоўка да 90-годдзя з дня нараджэння аднаго і другога.
23 кастрычніка. У лазні пачуў, як чалавек казаў:
Плакаў я, плакаў,
а Бог быў аднакаў.
А як стаў танцаваць,
пачало шанцаваць.
Народны язык часта лжэ, але лжэ прыгожа.
3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа. Разам з Данілам Канстанцінавічам адведалі коласаўскія мясціны на Стаўбцоўшчыне. Паслухаў яго меркаванні, каб быць у курсе справы, што трэба зрабіць да бацькавага 90-годдзя.
6 лістапада. Атрымаў святочны заказ у размеркавальніку. Даведаўся, што ў Саўміне, і ў гаркаме, і ў райкаме, і ў ЦК ЛКСМБ, і па іншых установах ёсць свае размеркавальнікі, свае «сталы заказаў».
7 лістапада. Сустракаўся з Тамарай. Запрашаў да сябе. Адбываецца, як сказаў бы Цішка Гартны (ці не ў яго я гэта вычытаў?) «марудлівая крышталізацыя пачуцця ў нетрах душы».
10 лістапада. У Беларусі адзначана 150-годдзе з дня нараджэння Ф. Дастаеўскага. У вёсцы Дастоева адбыўся юбілейны вечар, на якім з дакладам выступіў Аляксей Майсейчык. Алёша — таленавіты літаратуразнавец. Дастоева знаходзіцца на Брэстчыне, непадалёку ад Пінска. Тут літоўскія (беларускія) карані роду Дастаеўскіх. Дастоева і да гэтага часу наведвае адзін з нашчадкаў Фёдара Міхайлавіча — прафесар механікі Андрэй Фёдаравіч Дастаеўскі (здаецца, унучаты пляменнік, жыхар Ленінграда).